Многія выхаванцы самага вялікага дзіцячага сада Гродна растуць у мнагадзетных сем’ях

- 12:24Гродненская область, Образование

Трэці месяц у Гродне дзейнічае самы вялікі ў вобласці дзіцячы сад № 113. Аднак ён ужо актыўна прымае гасцей і мае свае адметнасці. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Не так даўно з інфраструктурай і тонкасцямі работы нашай установы знаёмілася старшыня Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі Таццяна Якубовіч. Члены нашага калектыву засталіся задаволены дыялогам з госцяй, — адзначае загадчыца дзіцячага сада № 113 Гродна Вольга Стульская.

Па дарозе ў адно з групавых памяшканняў яна захоплена расказвае пра педагогаў і работнікаў дзіцячага сада. Вызначальнае слова ў гэтым аповедзе — “каманда”.

— Калектыў педагогаў складае 47 чалавек. Гэта лю­дзі з рознымі кваліфікацыйнымі катэгорыямі і стажам у прафесіі. Мы пастараліся на кожную групу паставіць тандэм выхавальнікаў, у якім спалучаюцца маладосць і вопыт. Сад наведваюць 413 выхаванцаў, — расказвае пра ўстанову кіраўнік.

Дарэчы, у першы месяц работы дашкольная ўстанова сустракала 335 выхаванцаў. У сувязі з высокім бацькоўскім попытам на месцы ў садзе гарадская адміністрацыя закупіла новыя камплекты мэб­лі, і групавыя памяшканні ва ўстанове даўкамплектавалі ў адпаведнасці з усімі нормамі. Сярэдняя напаўняль­насць груп — 25 чалавек, за выключэннем спецыяльных для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Такіх груп тут тры, і іх выхаванцы ў кампаніі педагога-псіхолага часцей за ўсё гасцююць у самай сучаснай прасторы дзіцячага сада — сенсорным пакоі.

— Праводзім тут у асноўным індывідуальныя заняткі, але ў далейшым плануем і тэматычныя для невялікіх груп, — тлумачыць Вольга Аляксандраўна.

Яна пераканана, што імідж установы адукацыі — пазл, галоўнай дэталлю якога з’яўляецца імідж асобна ўзятага педагога. У тым ліку зыходзячы з гэтага, для выхавальнікаў і памочнікаў выхавальніка ўвялі адзіную форму. Цікава, што яе колеравае афармленне сугучнае з назвай дашкольнай установы “Васілёк”.

Па словах кіраўніка, васільковая форма стане прыметай пазнавальнасці падчас удзелу ў гарадскіх мерапрыемствах і аб’яднальным элементам у дні агульнарэспубліканскіх свят і мерапрыемстваў, якія право­дзяцца непасрэдна ва ўста­нове.

— У свой час прайшла ўсе прыступкі на шляху да пасады кіраўніка. Пасля заканчэння галоўнага педуніверсітэта краіны па спецыяльнасці “Настаўнік рускай мовы і літаратуры” пачынала праца­ваць памочнікам выхавальніка. Пазней атрымала другую вышэйшую адукацыю ўжо як педагог-дашкольнік і, маючы стаж у прафесіі выхавальніка больш за 15 гадоў, перайшла праца­ваць спачатку намеснікам загадчыка па асноўнай дзейнасці, а пасля метадыстам у аддзел адукацыі Ленінскага раёна абласнога цэнтра, — прыгадвае суразмоўніца.

Яна добра ведае, якое значэнне ў прафесіі мае магчымасць прафесійнага росту, і рашуча настроена дапамагаць у гэтым сваім калегам. У штатным раскладзе дзіцячага сада № 113 ёсць пасада выхавальніка-метадыста. Зусім нядаўна тут правялі вучэбны семінар па пытаннях прымянення гульнявых прыёмаў у грамадзянска-патрыятычным выхаванні дзяцей, а ўжо вясной арганізуюць атэстацыю педагогаў, якая для многіх стане зыходным пунктам у справе павышэння кваліфікацыйнай катэгорыі.

— У цэлым мы ярка пачынаем пісаць свой летапіс, — з усмешкай заўважае Вольга Аляксандраўна. — У пачатку студзеня ў профільным часопісе для педагогаў-да­школьнікаў была апублікавана распрацоўка нашага выхавальніка вышэйшай катэгорыі Юліі Каломінай, а сёння мы сталі яшчэ і героямі “Настаўніцкай газеты”.

Працягваючы размову пра асаблівасці ўстановы, нельга не адзна­чыць, што размешчана яна ў самым маладым мікрараёне горада, які актыўна расце. Больш за палову выхаванцаў дзіцячага сада — з мнагадзетных сем’яў.
З папраўкай на гэта Міжнародны дзень сям’і ў маі тут плану­юць сустрэць маштабна. Акрамя групавых мерапрыемстваў, арганізуюць у дзіцячым садзе карысныя майстар-класы для выхавальнікаў і круглы стол для бацькоў выхаванцаў.

— У Міжнародны дзень сям’і плануем працаваць па прынцыпе дня адкрытых дзвя­рэй, каб кожны змог задаць пытанні і атрымаць на іх адказы, — тлумачыць загадчыца ўстановы.

У канцы лютага тут арганізуюць сумеснае спартыўнае свята для дзяцей і іх татаў, зноў жа робячы стаўку на ўзаемадзеянне з бацькоўскай грамадскасцю.

— Увогуле, з мамамі і татамі дзяцей важна нала­дзіць такія ўзаемаадносіны, якія праз час пакінуць добрую памяць аб установе, а сёння будуць са­дзейнічаць фарміраванню адпаведнай рэпутацыі дзіцячага сада, — працягвае думку выхавальніца старшай групы Ганна Молаш.

Яна прызналася, што свой шлях у дашкольнай педагогіцы пачала хутчэй выпадкова. Але гэта была адна з тых выпадковасцей, якія называюць шчаслівымі.

— Аднак у новы сад прыйшла больш чым свядома. Для мяне гэта нешта накшталт вясны ў прафесіі, калі ўсё навокал новае: людзі, сцены. Хачу адкрыць штосьці новае ў сабе і магчымасцях дашкольнай педагогікі, — дзеліцца Ганна Мікалаеўна.

Педагог упэўнена, што самаўдасканаленню ў прафесіі ў новай установе садзейнічае добразычлівы, зладжаны калектыў, у якім ёсць на каго раўняцца. Зрэшты, і сама яна з’яўляецца такім прыкладам для калегі, якая працуе разам з ёй на групе.

— У новую ўстанову, зыхо­дзячы з прынцыпу “дзіцячы сад каля дома”, прыйшла разам з двума сынамі пасля працяглага перапынку на дэкрэтны водпуск. Вядома, гэта хвалююча і адказна. Для ўпэўненасці ў сваіх сілах імкнуся павы­шаць педагагічнае майстэрства. У прыватнасці, у свае выхадныя наведваю заняткі Ганны Мікалаеўны і фармірую сваю метадычную скарбонку, — па­дзялілася Настасся Масюк.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара