“Модная” канцэнтрацыя

Штогадовы Рэспубліканскі фестываль-конкурс моды і фота “Млын моды” 30 чэрвеня выбраў самых шматабяцаючых мадэльераў. Фэшн-форум, арганізаваны Міністэрствам адукацыі і Нацыянальным цэнтрам мастацкай творчасці дзяцей і моладзі, ужо 29-ы раз прадаставіў магчымасць праявіць свае таленты маладым дызайнерам, якія робяць свае першыя, але даволі смелыя і ўпэўненыя крокі ў галіне моды. Сёлета фінал конкурсу ўпершыню прайшоў у рэжыме анлайн. Прамую трансляцыю фестывалю са сталічнай канцэртнай залы Prime Hall вяла лічбавая платформа VOKA. А таму ацаніць калекцыі канкурсантаў маглі як беларусы, так і прафесіяналы фэшн-індустрыі і аматары моды ў розных кутках свету.

Калекцыя Антона Мажарына.

Айчынная фэшн-гісторыя

“На працягу многіх гадоў “Млын моды” стварае бязмежную творчую прастору для адораных мастакоў моды, дае магчымасц­ь праявіць сябе і атрымаць унікальны прафесійны шанс, які садзейнічае выяўленню і руху наперад маладых талентаў. Пераможцы і прызёры фестывалю-конкурсу — гэта каманда лепшых дызайнераў краіны, якія супрацоўнічаюць з флагманамі беларускай лёгкай прамысловасці і ў будучыні створаць асабістыя брэнды”, — адзначыў у сваім прывітанні ўдзельнікам ХХIХ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “Млын моды — 2020” намеснік міністра адукацыі Аляксандр Ула­дзіміравіч Кадлубай.

Начальнік Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Эдуард Валянцінавіч Тамільчык ужо непасрэдна са сцэны канцэрт­най залы Prime Hall падкрэсліў, што “Млын моды”, дзякуючы таленту маладых дызайнераў і іх імкненню ісці наперад, за 29 гадоў свайго існавання стаў сапраўдным брэндам Беларусі.

У сваю чаргу дырэктар НЦМТДіМ На­дзея Васільеўна Васільчанка нагадала, што фестываль-конкурс моды і фота — яркае, маляўнічае мерапрыемства, накіраванае на прафесійнае развіццё творчай моладзі, якая захапляецца фэшн-індустрыяй. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, у форуме могуць удзельнічаць усе жадаючыя бясплатна.

Журы «Млына моды-2020».

“Млын моды” — гэта такая асобная фэшн-гісторыя нашай краіны. Таму што многія дызайнеры, якія зараз працуюць на беларускіх прадпрыемствах і з’яўляюцца стваральнікамі ўласных брэндаў, калісьці таксама пачыналі з “Млына”. Гэтак жа выходзілі маладымі на аналагічны подыум, спаборнічалі, перажывалі, атрымлівалі ўзнагароды. Наш “Млын моды” — гэта пачатак прафесійнага шляху”, — сказаў загадчык аддзела моды і дызайну НЦМТДіМ Ігар Іваноў.

Традыцыйна “Млын моды” праходзіць для дызайнераў, мадэлей, фатографаў, стылістаў, цырульнікаў і візажыстаў па намінацыях “Школа моды”, “Майстар моды”, “Фота”, “Мадэль-дэбют фестывалю-конкурсу”, “Топ-мадэль фестывалю-конкурсу”, “Міс-ма­дэль Беларусі” і “Містар-мадэль Беларусі”. На працягу ўсяго сезона 2019/2020 года ў намінацыях “Школа моды” і “Майстар моды” ўдзельнічалі эскізы калекцый звыш 200 дызайнераў. З іх у фінал выйшлі 45 калекцый 54 аўтараў з усіх рэгіёнаў краіны: Мінска, Брэста, Віцебска, Гродна, Гомеля, Магілёва, Мазыра, Пінска, Буда-Кашалёва, Барысава, Баранавіч, Бабруйска, Валожына, Кіраўска, Наваполацка, Рагачова, Светлагорска. Акрамя таго, на прызы і дыпломы лаўрэатаў у фінале прэтэндавалі 11 фатографаў, чые работы можна паглядзець непасрэдна ў будынку НЦМТДіМ на Кірава, 16.

Фініш “Млына моды — 2020”

Калекцыя Іны Халявы.

На адзін дзень канцэртная зала Prime Hall ператварылася ў модны дом, дзе валадараць прадстаўнікі фэшн-індустрыі: паўсотні дызайнераў, больш за 100 мадэлей, дзясяткі фатографаў і стылістаў. За кулісамі візажысты камусьці папраўляюць макіяж, цырульнікі — прычоскі, а дызайнеры дапамагаюць мадэлям апрануцца ў свае ўборы. Мітусня і хваляванне, апошнія парады дызайнераў сваім мадэлям: “Што б ні адвалілася, адшпілілася, ні на што не звяртайце ўвагі, рабіце выгляд, што так і задумана”. І вось ужо на подыуме хлопчыкі і дзяўчынкі, юнакі і дзяўчаты, якія секунду назад былі ў мітуслівай закуліснай атмасферы backstage, смела і ўпэўнена дэфілююць у экстравагантных строях, здзіўляючы публіку дызайнерскай думкай. А пасля ў іх зноў літаральна некалькі мінут, каб пераапрануцца і падрыхтавацца да выхаду ў іншай калекцыі.

Праграма фіналу фестывалю 2020 года адрознівалася ад папярэдніх, бо складалася з 4-гадзіннага конкурснага паказу беларускіх калекцый фіналістаў форуму ў намінацыях “Школа моды” і “Майстар моды” і цырымоніі ўзнагароджання прызёраў, без традыцыйнага гала-паказу. Праўда, як па мне, дык сёлетні фінал атрымаўся не горшым, чым папярэднія. Дарэчы, адметным упрыгажэннем фінальнага вечара “Млына моды — 2020” сталі выступленні спявачкі Венеры, гурта Val і пастаянных вядучых форуму Тэа і Вольгі Рыжыкавай. “У нас існуе добрая штогадовая традыцыя — сустракацца з вамі на нашым любімым фестывалі і запальваць новыя зоркі беларускай моды, — прызналася Вольга Рыжыкава. — “Млын моды” ідзе ў нагу з часам. І нам вельмі прыемна, што наш анлайн-паказ глядзіць увесь свет і знаёміцца з нашай стартавай пляцоўкай для самых цікавых крэатыўных маладых дызайнераў і фатографаў”.

Таццяна Лугіна: “З дзясятак калекцый сёлетняга “Млына моды” мы ўзялі на аловак. Думаю, што ў найбліжэйшы час з канкурсантамі звяжуцца вытворцы-прафесіяналы і прапануюць супрацоўніцтва”.

Дарэчы, маладых дызайнераў ніхто не абмяжоўвае ў выбары сезона для сваёй калекцыі, таму прастор для фантазіі пры стварэнні конкурсных убораў шырокі і вялікі. Ацэньвала іх журы, у склад якога былі за­прошаны аўтарытэтныя беларускія эксперты, спецыялісты ў галіне моды і дызайну на чале са старшынёй канцэрна “Беллегпрам” Таццянай Лугіной. Яна, уручаючы дыпломы пераможцам, сказала: “Мне як каардынатару руху і развіцця сучаснай лёгкай прамысловасці Беларусі вельмі прыемна быць у­дзельніцай гэтага свята маладосці, творчасці, запалу, крэатыву і моды. Гле­дзячы на сённяшнія калекцыі, можна быць спакойнымі за тое, што мода ў нашай краіне будзе стыльнай, бо ёсць многа крэатыўных людзей з новымі думкамі і свежымі ідэямі”. Яна адзначыла моцныя мужчынскія калекцыі, пажартаваўшы, што хутка мужчыны на вуліцах будуць больш стыльнымі, чым жанчыны.

А крэатыўны дырэктар маркі адзення Nicolia Morozov Мікалай Марозаў, які ў беларускай фэшн-індустрыі больш за 30 гадоў, прызнаўся, што шчаслівы мець дачыненне да “Млына моды”, бо на ім можа перадаць свае веды маладым дызайнерам. Па яго меркаванні, сёлета добра атрымаліся мужчынскія і падлеткавыя калекцыі. “Лічу, што “Млын” — а­дзін з канкурэнтаў Belarus Fashion Week, а маладыя дызайнеры — наша будучыня. Важна не баяцца памылак, адкрываць сябе, застаючыся самім сабой, і смела ісці наперад. Калі мы разам, то атрымліваецца суперсправа!”

Калекцыя «Покліч пустыні».

Эльвіра Жвікава: “У перспектыве будуць запатрабаваны менавіта міні-калекцыі, больш адрасныя і лакальныя. Бо ўсе хочуць аўтарскага бачання і аўтарскага адзення. Хочацца пажадаць маладым дызайнерам фанатызму, смеласці і працавітасці, бо для таго, каб падняцца на модны алімп, трэба шмат працаваць”.

“Млын моды” дазваляе ўключыцца ў адукацыйны працэс і павысіць свой узровень дызайнера. Чым больш ты ўбачыш і чым больш вопыту атрымаеш, тым больш зможаш потым рэалізаваць у сваіх калекцыях, — пераканана кіраўнік дызайн-цэнтра ААТ “Камволь” канцэрна “Беллегпрам” член Саюза дызайнераў Беларусі Эльвіра Жвікава. — Самае галоўнае, чым я кіруюся пры ацэнцы канкурсантаў, — арыгінальнасць ідэі і яе якаснае выкананне, а таксама яркасць і цэласць вобразнага рашэння. Бо нават канцэптуальная калекцыя з фантасмагарычнымі вобразамі павінна быць дастаткова якасна выкананай, таму што яе бу­дзе апранаць мадэль”.

Канцэпт, крэатыўнасць, смеласць — пастулаты будучых заканадаўцаў моды

Тэндэнцыі і павевы моды мяняюцца з кожным сезонам. І калекцыі пачаткоўцаў-мадэль­ераў на “Млыне моды” з кожным разам усё больш і больш здзіўляюць гледачоў. Сёлета канкурсанты ў сваіх работах закранулі тэму “ўсвядомленай моды” і разумнага спажывання, выкарыстанне другасных рэсурсаў. Старонкі гісторыі Вялікай Перамогі і вобразы малой радзімы таксама сталі крыніцай натхнення для маладых дызайнераў і фатографаў з усёй Беларусі. Характэрна, што многія калекцыі выкананы з матэрыялаў айчынных вытворцаў.

Якія ж тэмы сталі найбольш выйгрышнымі і апраўдалі спадзяванні канкурсантаў? Зараз паспрабуем высветліць. У намінацыі “Лепшая калекцыя для дзяцей” перамаг­лі навучэнкі Віцебскага дзяржаўнага індустрыяльна-тэхналагічнага каледжа Вольга Дадзека і Святлана Жардзецкая з калекцыяй Child step, у намінацыі “Лепшая калекцыя адзення для падлеткаў” — Святлана Князева (Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і мола­дзі “Маяк” Мінска) з калекцыяй “Алена Кіш”.

“Жыццё і творчасць нашай мастачкі-прымітывісткі Алены Кіш, якая хадзіла па вёсках і малявала дываны, часам за кавалак хлеба, і тым самым несла мастацтва ў народ, настолькі мяне ўзрушылі, што я прысвяціла ёй сваю калекцыю. Яе творчасць — гэта наша спадчына і здабытак, тое, што мы павінны берагчы, чэрпаць натхненне ў ім і развіваць далей. Дызайнеры адзення таксама ствараюць кавалачак мастацтва, які паказвае, наколькі наша зямля багатая на таленты, — тлумачыць 43-гадовая дызайнер кіраўнік народнай студыі “Свой стыль” цэнтра “Маяк”. — Мая калекцыя для кактэйльнага выхаду, і мае строі можна насіць як са звычайным абуткам, так і з абцасамі, і нават з красоўкамі, таму што атрымалася сумесь класікі, этнікі і спорту”. Дарэчы, Святлана Князева прадставіла яшчэ і калекцыю дэмісезонных паліто з этнаматывамі для дзяўчынак 10—12 гадоў “Макаш”, створаную ў гонар старажытнаславянскай багіні.

Калекцыя Уладзіслава Якаўчыка.

У намінацыі “Лепшая жаночая калекцыя” адзначана серыя “Воўчы дождж” навучэнкі Мінскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа швейнай вытворчасці Паліны Міненковай. У намінацыі “Лепшая мужчын­ская калекцыя” першым стаў Сяргей Курохцін (Гомельскі дзяржаўны прафесійны шматпрофільны ліцэй) з калекцыяй Frankenstein, а другім — навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Антон Мажарын з калекцыяй Malevich.by.

Для 32-гадовага Сяргея Курохціна “Млын моды — 2020” стаў 11-м і зноў трыумфальным, бо летась ён таксама перамог і атрымаў магчымасць пабываць у Стакгольме ў творчай майстэрні. У гэтым сезоне на стварэнне калекцыі дызайнера натхніў знакаміты персанаж Франкенштэйн, у выніку чаго атрымаліся крыху авангардныя ўборы з выявамі шкілета, якія, між іншым, вельмі падабаюцца моладзі. І многія ўжо цікавіліся, як і дзе можна набыць такое адзенне. “У апошні час спрабую рабіць мужчынскую моду для моладзі, таму што і сам не стары, — расказвае Сяргей жартуючы. — На “Млыне” кожны раз неверагодная канцэнтрацыя аднадумцаў — творчых людзей, з якімі можна абмяняцца думкамі, падзяліцца вопытам і нешта пераняць адно ў аднаго”.

А для магіляўчаніна, дызайнера аб’ёмна-прасторавага асяроддзя Антона Мажарына, дэбютная канцэптуальная калекцыя, прысвечаная знакамітаму мастаку Казіміру Малевічу, стала адной з лепшых. “Мая калекцыя — гэта даніна памяці і павагі спадчыне Малевіча, прымеркаваная да 100-годдзя УНОВІСа. Калекцыя стваралася для гарадскога музея, але яна атрымалася настолькі ўдалай, што я вырашыў прадставіць яе на “Млыне моды”, — тлумачыць юнак. — Супрэматызм і авангардная мода — гэта аснова любога сучаснага дызайну як адзення, так і мэблі, ландшафту. Для мяне, як і для Малевіча, блізкая тэма пра тое, што ўсё вакол нас складаецца з геаметрычных фігур. Тое, што раблю я, усё бяру з нашага наваколля”.

Калекцыя «Крылы».

У намінацыі “Майстар моды” адзначылі 33-гадовую мінчанку Аляксандру Валавікову з калекцыяй “ПРО росли”. “Першы раз удзельнічаю ў “Млыне” і вось так удала, што вельмі радуе і натхняе, — дзеліцца сваімі ўражаннямі дызайнер. — Я працую ілюстратарам, хоць па адукацыі юрыст. Але з дзяцінства люблю моду, праўда, была няўпэўненая ў сабе, таму не займалася ёю. А зараз рызыкнула, і ўсё атрымалася. Мая калекцыя складаецца з сямі вобразаў, у якіх я адлюстравала ўзаемадзеянне прыроды і чалавека, што прырода прарастае праз жыццё і перамагае чалавека”.

Міс-мадэллю Беларусі прызнана Карына Асмакова, містарам-мадэллю Беларусі — Данііл Ламака, а топ-мадэллю фестывалю-конкурсу — Анфіса Шарснёва. Усе яны выхаванцы Подыум-школы Fashion Style НЦМТДіМ. З поўным спісам імёнаў пераможцаў і прызёраў ХХІХ Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу моды і фота “Млын моды — 2020” можна азнаёміцца на сайце НЦМТДіМ.

Канечне, і многія іншыя калекцыі былі вельмі цікавыя і неардынарныя. Так, 24-гадовы Ігар Плятнёў з Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта прадставіў сваю пятую калекцыю, кожны раз спрабуючы шакіраваць і эпаціраваць. На гэты раз — калекцыя “Гибель богов” для мужчын, ідэя яе стварэння ўзнікла ў маладога дызайнера пры наведванні Санкт-Пецярбурга: “У Эрмітажы наглядзеўся на гіпсавую форму, фрэскі і аб’ёмы, скульптуры і мінут за 12 скамплектаваў на паперы калекцыю. Мае лукі падыходзяць для любога мерапрыемства і што­дзённасці. Трэба прыгожа апранаць не толькі жанчын і дзяцей, а і мужчын”.

Калекцыя Ігара Плятнёва.

Вучні Вольгі Якімчык з Баранавіцкага дзяржаўнага каледжа лёгкай прамысловасці імя В.Чарнышова таксама спрабуюць свае сілы не першы раз. Сёлета былі прадстаўлены тры калекцыі: Wild West Ілоны Мушкевіч і Настассі Шэйман, “Покліч пустыні” Аліны Лойка і Юліі Швед, Street Shamans Кацярыны Шахоўскай. І хоць усе калекцыі вельмі розныя, аднак з аднолькавай ідэяй — расказац­ь пра вольны дух, пошук саміх сябе і свайго шляху ў жыцці. “Я сама канцэптуаліст-філосаф, і мне вельмі падабаецца дух часу, мне падабаецца лавіць вось гэтыя строі ў навучэнцаў і паказваць, як іх развіваць далей. Для мяне як кіраўніка важная мая асабістая ўнутраная свабода, таму імкнуся і моладзь навучыць быць сабой, мець унутраную свабоду, паказваць у сваіх калекцыях тое, што яны насамрэч адчуваюць, — прызналася Вольга Якімчык. — І хоць у касцюмах канцэптуальнай калекцыі Street Shamans вы наўрад ці сустрэнеце людзей у Баранавічах ці ў Мінску, затое дзве іншыя калекцыі можна лёгка адаптаваць для маладзёжнага вулічнага стылю”.

Мікалай Марозаў: “Млын моды” даказвае, што мадэльерам можа стац ь любы чалавек любога ўзросту — творчасць адкрыта ўсім людзям!”

Для выкладчыцы спецдысцыплін Брэсц­кага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя лёгкай прамысловасці Наталлі Ісаевай “Млын моды — 2020” стаў чацвёртым, на якім яна адразу прадставіла дзве калекцыі: мужчын­скую “Тарэадор” і дзіцячую “Уявіце сабе”, створаную амаль што па сцэнарыі дзіцячай песні “В траве сидел кузнечик”. “А на “Тарэадора” мяне натхнілі са­праўдныя мужчыны, якія не баяцца нічога і ідуць да перамогі, — дадала дызайнер. — З кожным годам “Млын” становіцца ўсё больш цікавым, ні разу не бачыла паўтораў, ва ўсіх канкурсантаў крэатыўныя ідэі”.

Калекцыя Ігара Плятнёва.

Між іншым я была моцна здзіўлена тым, як шмат канкурсантаў прыйшло ў свет моды ўжо сталымі людзьмі. Напрыклад, юрыст Іна Халява сёлета дэбютавала на “Млыне”, а ёй ужо 35. “У мяне з дзяцінства было жаданне апранаць жанчын прыгожа, падкрэсліваць іх жаноцкасць, падбіраць колер і форму. Таму спачатку я займалася індывідуальна, а пасля не змаг­ла спыніцца і нядаўна паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну, — расказала яна. — Мая маладзёжная калекцыя “Твар ісціны” — мой першы вопыт. Яе маладыя людзі могуць насіць, каб вылучыцца і паказаць сябе. На стварэнне калекцыі натхніла кніга Стывена Кові “7 навыкаў высокаэфектыўных людзей”, якая расказвае пра тое, як мы забываемся пра шматлікія высокія пачуцці, на якіх грунтуецца каханне, узаемадапамога, павага, падтрымка. Таму сваёй калекцыяй я хацела заклікаць людзей стаць дабрэйшымі, пастарацца дастукацца да сэрца кожнага чалавека”.

Першы раз удзельнікамі “Млына моды” сталі і педагогі сталічнага Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Эўрыка” Марына Філатава і Вольга Чарнушэвіч, якія стварылі калекцыю дзіцячага адзення “Крылы”. “Нашай мэтай было данесці палёт фантазіі, паказаць адсутнасць перашкод у творчасці. Гэтая калекцыя стваралася з удзелам дзяцей, і мы як педагогі стараемся не тармазіць іх творчыя думкі і не падразаць ім крылы, — патлумачыла В.Чарнушэвіч. — Нашы сукенкі можна насіць штодзённа, на што мы і нацэльваліся. Нашы мадэлі з задавальненнем выступаюць у іх на подыуме і ўжо нават цікавіліся, як іх можна набыць”.


Арганізатары, члены журы і, канечне, самі канкурсанты не стамляліся гаварыць словы ўдзячнасці партнёрам “Млына моды”. Дарэчы, сярод іх і часопіс Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” “СпортTime”. Маладыя дызайнеры — удзельнікі “Млына” — дапамагаюць нашым калегам ствараць неардынарныя вобразы спартсменаў для фотасесій. Пераканацца ў гэтым можаце і вы, пагартаўшы ліпеньскі нумар часопіса, на вокладцы якога — сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў па цяжкай атлетыцы Дар’я Навумава. Яе вобраз — заслуга пяціразовай пераможцы “Млына моды” Наталлі Касцовай і яе калекцыі “Долі Дзімплс” і пераможцы “Млына моды — 2019” у намінацыі “Школа моды” Кацярыны Казак і яе калекцыі “Клёкат”.

Калекцыя Street Shamans.

“Модныя жорны”

Вось такім атрымаўся ХХІХ Рэспубліканскі фестываль-конкурс моды і фота “Млын моды”. Аднак чаму ж назва такая — “Млын”? Адказ знайсці дапамагла намеснік загадчыка аддзела моды і дызайну НЦМТДіМ дызайнер Святлана Гнядзёнак. “Млын перамолвае зерне. Гэтак жа і ў нас: нашы канкурсанты — зярняткі, якія падчас правядзення ўсяго фестывалю змешваюцца, перамолваюцца, што і прыво­дзіць да навацый, — патлумачыла яна. — Калекцыі нашых маладых талентаў — гэта абсалютна не тая вопратка, якая прадстаўлена ў магазінах. Гэта новая вопратка, “перамолатая” аўтарам са змешваннем стыляў і тканін, з незвычайным падыходам да выканання дэталей, каларыстыкі, фактур. На “Млыне” заўсёды вітаецца ўсё самае нерэальнае — тое, чаго мы не бачылі раней. Бо калі калекцыя зусім прымітыўная і масмаркетаўская, то я думаю, што моладзі будзе сумна яе насіць. Варта адзначыць, што калекцыі нашых канкурсантаў больш крутыя, чым знакамітых дызайнераў. Маладыя дызайнеры яшчэ не думаюць, як іх прадаць, а накіраваны на тое, каб здзівіць журы, замежную публіку і зацікавіць народ. Гледзячы на сёлетнія калекцыі нашага фэшн-форуму, можна смела гаварыць, што ў будучыні беларуская мода будзе крэатыўнай, фальклорнай, крыху вар’яцкай — крутой!”

Нагадаю, што маладыя дызайнеры кожны год змагаюцца не за статуэткі ці матэрыяльныя прызы, а за прызнанне і ўдзел у міжнародных стажыроўках і творчых майстэрнях. І пакуль замежныя партнёры “Млына моды” з Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Кітая, Італіі, Швецыі, Даніі, Германіі, Францыі, Сербіі вырашаюць, каго ў будучыні запросяць да сябе, дабрачынны фонд “Рускі сілуэт” ужо вызначыўся і запрасіў на свой Міжнародны конкурс маладых дызайнераў вучня сталічнай гімназіі № 10 Уладзіслава Якаўчыка і навучэнца Брэсц­кага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Мікіту Вядзернікава.

“Млын моды — 2020” падвёў вынікі і тым самым наблізіў нас да фестывалю “Млын моды — 2021”. І пакуль новыя канкурсанты рыхтуюцца да наступнага форуму, нам застаецца чакаць свежых ідэй і модных рашэнняў на прасторах айчыннай фэшн-індустрыі.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.