Модны “Касцюмер”

- 15:55Культура

Чатыры гады назад шматдзетная маці Юлія КУЦЕПАВА (прызёр “Млына моды — 2020”) адкрыла ў Віцебску тэатр моды “Касцюмер”. Наведваць яго маленькія рукадзельніцы і мадэлі пачынаюць з пяці гадоў. Каб утрымаць іх цікавасць, педагог стварае цёплую атмасферу і дапамагае ім увасабляць самыя смелыя ідэі, нікога не абмяжоўваючы рамкамі і стандартамі.

Юлія Куцепава.

— Юлія, як узнікла ідэя адкрыць свой тэатр моды?

— Стварыць дызайнерскую студыю я марыла даўно, аднак зрабіць гэта атрымалася толькі некалькі гадоў назад. Неяк аднойчы я гуляла па вуліцы з малодшай дачушкай і пазнаёмілася з жанчынай, якая прапанавала адкрыць швейнае атэлье, але мне хацелася не проста шыць, а перадавац­ь свае ўменні і навыкі дзеткам. Знаёмая ад праекта з часам адмовілася, а я ад задуманага не адступіла. Першапачаткова было 3 вучаніцы, потым 5, 7, а сёння ў нас займаюцца каля 40 чалавек.

— Ваш тэатр моды называецца “Касцюмер”, чаму?

— Таму што так называецца прафесія, якую я хацела а­трымаць у школе. Я танцавала ў харэаграфічным калектыве, і трапіць у касцюмерную для мяне было сапраўднай асалодай: перабраць касцюмы, дапамагчы іх пачысціць, падрамантаваць. Наш касцюмер вучыла нас і вышываць, і плесці макрамэ. Вось так дзіцячая мара ператварылася ў рэальнасц­ь. (Усміхаецца.)

— А што вы ўкладваеце ў паняцце “тэатр моды”?

— Мы не толькі ствараем калекцыі ад эскіза да пашыву, але і вучымся дэфіліраваць, асвойваем азы тэатральнага майстэрства, каб дзяўчынкі не саромеліся і свабодна адчувалі і паводзілі сябе на сцэне, каб не палохаліся камер і мікрафонаў, бо інтэрв’ю ў іх бяруць даволі часта.

— У якім узросце да вас прыходзяць дзеці?

— У мінулым годзе ў нас займаліся нават 4-гадовыя, але ім цяжкавата, бо ўсё ж такі дзеці атрымліваюць вялікі аб’ём інфармацыі, і па часе заняткі працяглыя, таму яны не вы­трымліваюць. Звычайна прыходзяць 5—6-гадовыя дзяўчынкі, якія спачатку малююць эскізы, вучацца падбіраць колеры, затым працаваць з ніткай і іголкай. Паверце, нават такія малышы могуць расшыць каўнер гузікамі ці зрабіць непаўторны дзіцячы шывок, які часам так патрэбны, а мне сваёй прафесійнай рукой яго складана зрабіць. І тады дзіцячыя рукі прыходзяць на дапамогу. Гэтыя калекцыі мы потым возім па конкурсах. Дзяўчаты займаюцца да 15—16 гадоў, таму што потым яны або пачынаюць рыхтавацца да паступлення, або сыходзяць у рамантыку. (Усміхаецца.)

— А ці заходзяць да вас хлопчыкі?

— Часам прыходзяць, але яны доўга не затрымліваюцца, таму што ў нас адны дзяўчынкі і яны пачынаюць саромецца. Хоць хлопчыкі, якія любяць шыць, ёсць. І ёсць тыя, хто хоча звязаць жыццё з кар’ерай мадэлі. Але мы тэатр моды, а не мадэльнае агенцтва.

— Як праходзяць вашы заняткі?

— У нас няма такіх заняткаў, калі спачатку прайшлі тэорыю, а пасля пачалі адпрацоўваць яе на практыцы. У нас адразу практыка: кожнаму раздаецца матэрыял, прагаворваецца, што трэба зрабіць, і пачынаецца выкананне задання. Так і атрымліваецца сумесная праца. А яшчэ, зразумела, мы разам спяваем, п’ём чай, гуляем у розныя гульні. Каб было цікава і дзеці хутчэй бачылі вынік, спачатку займаемся нескладанымі вышыўкамі, аплікацыяй, шыем лялек.

— А якія педагагічныя фішкі выкарыстоўваеце, каб зацікавіць сваіх выхаванак?

— Галоўнае — гэта сяброўства. Мы з дзяўчынкамі сябруем і шмат падарожнічаем. Так, у мінулым годзе мы 17 разоў выязджалі. Конкурсаў праводзіцца шмат, а мы не ствараем калекцыі ў стол, таму пастаянна ездзім і паказваем іх, і, як правіла, заваёўваем 1-е або 2-е месца.

— На якіх конкурсах паспелі пабываць? Можа быць, ёсць любімыя?

— Мы паспелі аб’ехаць Беларусь і Расію, былі ў Санкт-Пецярбургу, Маскве, Суздалі, Варонежы, Смаленску, Вялікіх Луках, а таксама пабывалі ў Парыжы і Вене. З любімых, напэўна, “Этна Арт Фэст”. Гэтай вясной разам з дачкой Насцяй, якая таксама спрабуе свае сілы ў дызайне адзення, збіраліся на Пражскі тыдзень моды, у рамках якога праводзіўся дзень юнага дызайнера, і яе калекцыю адабралі для паказу там, але з-за пандэміі не атрымалася. Канечне, любім і “Млын моды”, і абласны “Модны дывертысмент”.

— А ці рыхтуеце калекцыю для “Млына моды — 2021”?

— Канечне. У новай калекцыі будзе шмат вышыўкі і арнаментальных стужачак і будуць вялікія аб’ёмы, магчыма, сукенкі. Дарэчы, у сёлетнім “Млыне моды” мая 14-гадовая дачка Анастасія Куцепава заняла 3-е месца ў намінацыі “Калекцыя для падлеткаў”. Сваю калекцыю яна назвала “2033”. Зараз яна таксама думае над новай калекцыяй.

— Як наогул нараджаюцца ідэі?

— Я не ведаю, як зрабіць, каб яны не нараджаліся. (Смяецца.) Убачыла кавалак тканіны — і ў галаве ўжо склаўся касцюм, і я ўжо ведаю, што атрымаецца. Часам у працэсе работы нешта мяняецца, калі бачу, як тканіна на чалавеку ляжыць, таму мой эскіз ніколі не супадае з канчатковым варыянтам.

— А колькі часу вам неабходна на пашыў адной сукенкі?

— Я шыю вельмі хутка, за дзень магу і тры сукенкі пашыц­ь. Але калі гэта складаны касцюм для паказаў, то магу і 2 тыдні шыць адзін.

— Які стыль вам найбольш блізкі?

— Этнічны. У маіх калекцыях заўсёды прысутнічаюць народныя матывы і элементы: крой сукенкі, упрыгажэнні, дэкор, гузікі. Часта эксперыментую, спалучаючы розныя тканіны і стылі.

— Для чаго дызайнерам удзельнічаць у міжнародных фестывалях і конкурсах?

— Мне часам кажуць: навошта табе гэтыя конкурсы, ты ўжо столькі ўсяго дасягнула. Але калі мы едзем на конкурс — мы падарожнічаем, знаёмімся з новымі гарадамі, збліжаемся з выхаванкамі і іх бацькамі, бяром з сабой фатографа, які фіксуе ўсе нашы ўражанні. Справа ж не толькі ў дыпломах і ўзнагародах, а ў самім працэсе.

Дарэчы, мы пастаянна супрацоўнічаем з фатографамі, часта робім сумесныя праекты. Напрыклад, зараз — з Дар’яй Ерамеевай, якая атрымала званне “Лепшы прафесійны еўрапейскі фатограф — 2020”. Яна стала першай жанчынай і прадстаўніцай Усходняй Еўропы, у якой гэта атрымалася. І ёй даверылі ў наступным годзе зрабіць вялікую выставу ў Дубаі, прысвечаную Беларусі.

— Чаму вучыце сваіх выхаванак у першую чаргу?

— Я вучу іх гармоніі. Няважна, што ты робіш, галоўнае, каб гэта было прыгожа і годна, без усялякіх лішніх глупстваў. Класіка застанецца назаўсёды.

— Юля, прыгадайце, з чаго пачалося ваша захапленне дызайнам.

— Са школы. Расла і вучылася я ў Смаленску. Мая мама заўсёды шыла адзенне, і я таксама хацела навучыцца шыць, як яна. У 7 класе з сяброўкамі мы ўжо зрабілі першую калекцыю касцюмаў для нашай маленькай танцавальнай студыі. Потым яшчэ раз і яшчэ, і я зразумела, што мне гэта вельмі падабаецца. Да таго ж у нас быў выдатны педагог па працоўным навучанні, і калі б такі быў у кожнай школе, то ўсе дзяўчынкі любілі б шыць.

— А чаму яна вас навучыла?

— Даводзіць справу да канца. Паспрабаваць — гэта адно, а дайсці да выніку, зрабіць так, каб гэта можна было б апранац­ь, а не проста пакласці ў шафу — іншае. Мы з ёй і паліто вязалі, і сукенкі шылі, а не проста сурвэткі, і гэта было цікава.

— Магчыма, памятаеце свой першы ўбор, сшыты сваімі рукамі?

— Гэта былі штаны з тканіны, якая зусім не цягнулася, я іх настолькі ўшыла, што ў выніку магла апрануць толькі лежачы і толькі стаяць у іх, бо сесці было немагчыма. (Смяецца.) А ў 11 класе памятаю свой першы складаны касцюм: мы рабілі пастаноўку па Пушкіне. Мне выдалі чатыры старыя школьныя шторы, і я з іх зрабіла прыгожую ампірную сукенку, якую абшыла бісерам. А хлопчыку мы зрабілі мун­дзір са школьнай сіняй формы, прышылі залатыя гузікі з пагонамі. Пасля наш здымак нават надрукавалі ў смаленскай газеце на першай паласе.

— Школу скончылі і атрымалі прафесійную адукацыю…

— Так. Пасля заканчэння школы паўстаў выбар: вучыцца на харэографа (школу мастацтваў я скончыла з адзнакай) або на інжынера-канструктара швейных вырабаў у Маскве ці ў Віцебску. Але бацькі ў Маскву не адпусцілі. Адвучылася ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце. Пасля а­трымання дыплома выйшла замуж, нарадзіла траіх дзетак. У Віцебску мне падабаецца больш, чым у Смаленску.

Зараз завочна атрымліваю другую вышэйшую адукацыю ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў па спецыяльнасці “Арганізатар масавых мерапрыем­стваў”. У паказах на конкурсах тэатры мод часта адыходзяць ад класічнага дэфіле, робячы акцэнт на шоу. І каб складаць ім канкурэнцыю, але ў той жа час не забываць пра галоўную мэту — дэманстрацыю адзення, трэба расці прафесійна.

— Юля, а што б вы параілі педагогам, якія займаюцца з дзецьмі дызайнам адзення?

— Больш давяраць дзецям! Таму што многія педагогі робяць усё самі і баяцца нейкія рэчы дэлегаваць дзецям. А яны ж часта выдаюць вельмі цікавыя ідэі, якія дарослым ніколі не прыйдуць у галаву. У дзяцей іншае бачанне, таму раю заўсёды працаваць у тандэме з імі.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Віталія МАТУСЕВІЧА.