Модныя ўрокі гісторыі

Чацвёрты год выкладае гісторыю ў роднай школе № 2 Быхава, што ў Магілёўскай вобласці, Сяргей Аляксеевіч Архіпаў. За гэты час ён паспеў прыняць удзел у шэрагу прафесійных і творчых конкурсаў. Першыя поспехі надалі ўпэўненасці ў сваіх сілах і яшчэ больш пераканалі ў тым, што прафесійны шлях выбраны ў свой час правільна.

Вызначыцца з будучай прафесіяй Сяргею было няпроста. Нават у першым паўгоддзі 11 класа ён яшчэ вагаўся. Складана было разабрацца ў сваіх жаданнях: хочацца быць настаўнікам ці ўрачом? Кожная з гэтых прафесій па-свойму прыцягвала, аднак трэба было спыніць свой выбар на нечым адным.

—  Знаёмыя давалі розныя парады, многія пераконвалі паступаць у медыцынскі ўніверсітэт, —  расказвае С.А.Архіпаў. — Аднак у мяне заўсёды было шмат творчых ідэй. Я разумеў, што, калі буду ўрачом, наўрад ці змагу ўвасобіць іх у жыццё. Гэта стала апошнім аргументам, і я ўсё-такі выбраў настаўніцкую дарогу.

Любімым прадметам у школе, які падабаўся з 5 класа, была гісторыя. Так склалася, што яе вяла не адна настаўніца, а некалькі. Усе былі вельмі творчымі і цікавымі асобамі, кожная па-свойму выкладала прадмет. Але асабліва запомнілася і яшчэ больш зацікавіла гісторыяй Таццяна Ісакаўна Ваўчкова. Вялікае ўражанне пакінулі яе крэатыўныя, не падобныя адзін да аднаго ўрокі. Па яе прыкладзе Сяргей таксама звязаў сваё жыццё з гісторыяй, каб у будучыні выкла­даць гэты прадмет гэтак жа цікава і ярка. І сёння яму гэта ўдаецца! Прыемна, што менавіта любімая настаўніца стала старэйшай калегай, якая з самага пачатку дапамагае маладому спецыялісту адаптавацца і паспяхова рабіць самастойныя крокі ў выбранай прафесіі.

Сяргей вучыўся ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце імя А.А.Куляшова. У 2017 годзе скончыў яго і адразу падаў дакументы ў магістратуру гэтай жа ўстановы адукацыі. Вучыцца было цікава, таму і захацелася прадоўжыць гэты перыяд і атрымаць больш глыбокія веды. Сяргей карыстаўся любой магчымасцю праявіць сваю ініцыятыўнасць і творчасць у самых розных кірунках. Разнастайныя конкурсы і фестывалі, злёты, педагагічная і краязнаўчая практыка былі для яго шансам праявіць сябе, раскрыць свой патэнцыял і атрымаць новы карысны вопыт.

—  Асаблівым перыядам стала для мяне педагагічная практыка. Я праходзіў яе ў сярэдняй школе № 23 Магілёва, —  прыгадвае малады настаўнік. — Прызнацца, не чакаў, што для мяне гэта будзе настолькі цікавы час. Менавіта тут я адчуў, што выбраў прафесію, якая мне па душы, і атрымліваю задавальненне ад урокаў і зносін з дзецьмі.

Падчас здымак відэасюжэта.

Таксама маладому педагогу запомнілася практыка ў аздараўленчым лагеры “Зара”. Тут ён адкрыў для сябе, наколькі шматграннай і захапляючай можа быць работа з дзецьмі. З той пары ўжо на працягу 8 гадоў падчас сваіх летніх канікул, а цяпер ужо працоўнага  адпачынку, С.А.Архіпаў працуе ў аздараўленчым лагеры. Ён даўно ўжо не ўяўляе лета без асаблівай атмасферы дзіцячага летніка.

Пасля заканчэння магістратуры малады спецыяліст быў рады па размеркаванні вярнуцца не толькі ў родны Быхаў, але і менавіта ў тую школу, якую сам калісьці скончыў. Гэта была найбольш камфортная сітуацыя для старту ў прафесіі. Былога вучня, які заўсёды быў на добрым рахунку, сустрэлі цёпла. Тут ён знайшоў любімае месца працы, добрых калег і цікаўных навучэнцаў.

—  Нягледзячы на тое, што педагагічная практыка прайшла паспяхова, перад першымі ўрокамі я расхваляваўся, — прызнаецца С.А.Архіпаў. — Усё-такі гэта была абсалютна іншая сітуацыя. Я разумеў: тут ужо не падстрахуе метадыст ці настаўнік. Ты застаешся адзін на адзін з класам, з якім прыйдзецца працаваць далей, і ў цябе або ўсё атрымаецца, або ні табе, ні дзецям не будзе лёгка і цікава. Хацелася не ўпусціць шанс і з першых жа ўрокаў “зачапіць” вучняў. На мой погляд, калі настаўніку не ўдаецца адразу зацікавіць дзяцей, утрымаць іх увагу, пасля зрабіць гэта будзе больш складана. Першае ўражанне надоўга застаецца ў памяці.

Першыя ўрокі прайшлі паспяхова. Даволі хутка Сяргей Аляксеевіч адчуў, што вучні зацікаўлены і гатовы працаваць з ім. Аднак малады педагог не супакойваецца, ён заўсёды знаходзіцца ў пошуку таго, што дапаможа зрабіць яго ўрокі больш яркімі і эфектыўнымі. Так, апошнім часам звярнуўся да відэа­блогінгу. Настаўнік  хутка зразумеў: гэта можа стаць адной з уласных фішак. Відэаролікі адразу вельмі зацікавілі вучняў розных класаў, станоўча паўплывалі на матывацыю і адзнакі. Таму малады настаўнік не збіраецца адмаўляцца ад такога моднага, цікавага спосабу перадачы і атрымання інфармацыі.

Відэаблогі сталі магчымасцю праявіць творчасць і крэатыўнасць не толькі для маладога педагога, але і для яго вучняў. У ролі відэаблогера час ад часу спрабуюць сябе і Сяргей Аляксеевіч, і дзеці. Сюжэты здымаюцца як сумесна з настаўнікам, так і асобна ў якасці дамашняга задання. Так паступова фарміруецца скарбонка цікавых, унікальных відэаролікаў, якія затым можна выкарыстоўваць і ў іншых класах.

—  Кожны этап падрыхтоўкі па-свойму цікавы і дапамагае развівацца, — расказвае С.А.Архіпаў. — Усё пачынаецца з пошуку матэрыялу. Яго нельга проста ўзяць са школьнага падручніка. Таму вучням прыходзіцца шукаць нешта цікавае ў інтэрнэце, перабіраючы шмат інфармацыі, ці навед­ваць бібліятэку. Далей трэба прыдумаць ідэю будучага відэасюжэта — гэта адзін з самых творчых і адначасова складаных момантаў. Таксама неабходна падабраць месцы, дзе бу­дуць праходзіць здымкі, напісаць і выву­чыць тэкст — адным словам, прадумаць усё да дробязей, каб атрымаць канчатковы вынік працы ў выглядзе невялікага, ёмістага, яркага відэароліка па канкрэтнай тэме.

Кожны раз атрымліваюцца розныя сюжэты. Гэта можа быць і інтэрв’ю, і маналог у нейкім гістарычным вобразе. Так, пяцікласнікі, калі праходзілі тэму “Культура старажытных грэкаў”, апранулі касцюмы багоў і расказвалі аб іх. А шасцікласнікі падчас вывучэння тэмы “Кітай” пры дапамозе чарговага відэасюжэта расказалі пра гэтую краіну, яе культурныя і навуковыя дасягненні (з дэманстрацыяй краявідаў і знакавых месцаў). Настаўнік з цікавасцю не толькі кіруе працэсам і дапамагае парадамі, але і сам працуе ў кадры. Разам са старшакласнікамі ён здымаў відэасюжэт па тэме “Наш край — традыцыі нашых сем’яў”, дзе пераймаў вопыт выпякання хлеба ў сваёй прабабулі. Безумоўна, такія падзеі вельмі запамінаюцца вучням, дапамагаюць зблізіцца і вучаць працаваць у камандзе. Дзеці нязменна задаюць адно і тое ж пытанне: “А якое відэа мы будзем здымаць наступны раз?”

Малады настаўнік вялікую ўвагу ўдзяляе пазакласнай рабоце з дзецьмі. Яго вучні заўсёды прымаюць актыўны ўдзел у конкурсе “Кентаўрык”, у дыстанцыйных алімпіядах, розных творчых праектах і конкурсах. Угаворваць іх не трэба. Яны бачаць прыклад актыўнага і творчага педагога, таму заўсёды гатовага далучыцца да новай цікавай справы.

У 2018 годзе Сяргей Аляксеевіч прыняў удзел у раённым конкурсе — фестывалі “Прызванне — педагог”. Першае месца ў ім было для настаўніка нечаканай, але вельмі прыемнай навіной і натхніла на ўдзе­л у іншых конкурсах. У наступным го­дзе парадавала перамога ў школьным конкурсе метадычных распрацовак “Выкарыстанне практыка-арыентаваных заданняў пры вывучэнні прадметаў сацыяльна-гуманітарнага цыкла” ў намінацыі “Сусветная гісторыя”. Далей — болей. З цікавасцю малады настаўнік далучыўся да міжнароднага конкурсу-фестывалю “Голуб міру”, дзе стаў пераможцам. Сярод некалькіх соцень відэасюжэтаў работа Сяргея Аляксеевіча і яго вучня больш за ўсе спадабалася журы. Важнай прыступкай стаў удзел у конкурсе “Настаўнік года — 2020”. С.А.Архіпаў перамог у раённым этапе і прымаў удзел у абласным. На будучыню ён паставіў сабе задачу абавязкова паўтарыць гэты вопыт і палепшыць вынік.

Адметна, што Сяргей Аляксеевіч пры такой актыўнасці паспявае працаваць педагогам не толькі ў школе № 2 Быхава. Некалькі разоў на тыдзень ён ездзіць праводзіць урокі яшчэ і ў Магілёў (раней у сярэднюю школу № 40, зараз — у школу № 15). З самага пачатку яго зацікавіла магчымасць не абмяжоўвацца адной установай адукацыі, каб была магчымасць параўноўваць розныя сітуацыі, вучняў, развівацца і набірацца вопыту. Таму, калі паступіла прапанова аб працы, адмаўляцца не стаў.

—  Працаваць настаўнікам нялёгка, інакш і быць не можа, —  робіць выснову С.А.Архіпаў. — Аднак моладзі не варта баяцца складанасцей гэтай прафесіі. Плюсоў у ёй нашмат больш! Калі я адчуваю аддачу ад дзяцей, бачу іх поспехі, то ніякіх  мінусаў увогуле не заўважаю. Аб тым, што зрабіў свой выбар на карысць педагогікі, ніколі не па­шкадаваў. Настаўнік — гэта тая прафесія, дзе можна поўнасцю рэалізаваць свой творчы патэнцыял, спрабаваць сябе ў ролі арганізатара, блогера, падарожніка, мастака, акцёра і нават кандытара… За тры з паловай гады работы я адкрыў для сябе шмат новага, многаму навучыўся і працягваю рабіць гэта штодня. Інакш немагчыма захапіць увагу сучасных вучняў.

Маладым спецыялістам Сяргей Аляксеевіч раіць пастаянна  звяртацца па парады да старэйшых калег. Таксама можна скласці для сябе на месяц план наведванняў урокаў вопытных педагогаў. Такая звычка пой­дзе на карысць. Рана ці позна ўрокі маладога спецыяліста таксама наведа­юць іншыя настаўнікі. Гэтага не трэба баяцца, але і не варта чакаць, што пасля давядзецца слу­хаць толькі кампліменты ў свой адрас. Парады і заўвагі дапамагаюць не стаяць на месцы. Важна нічога не баяцца, смела спрабаваць новыя метады работы з класам, а галоўнае — заставацца сабой у прафесіі. Тады з часам складзецца свой стыль выкладання, які дапаможа працаваць цікава і плённа.

Таццяна ШЫМКО.