Мой гасцінны горад

- 11:28Навіны рэгіёнаў, Рознае

Цікавымі, творчымі, маштабнымі і, галоўнае, карыснымі справамі, якія праводзіць педагагічны калектыў Рагачоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, ужо мала каго можна здзівіць. Разам з тым кожная мае сваю гісторыю. Вось і яшчэ справа, якая не толькі ўразіла сваёй эстэтыкай, але і стала значнай для дзяцей. Гэта форум дружбы, міру, згоды дзяцей з Расіі і Беларусі.

У дні асенніх канікул прайшоў Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці гарадоў-пабрацімаў “Мой гасцінны горад” у рамках Года гасціннасці. Свой першы крок фестываль зрабіў прыгожа, бо тут прадставілі сваю творчасць хлопчыкі і дзяўчынкі, якія з захапленнем займаюцца ў аб’яднаннях па інтарэсах вакальнага і харэаграфічнага напрамку. Дзеці з гарадоў-пабрацімаў Беларусі і Расіі паказалі сваю любоў да творчасці і, галоўнае, да свайго горада, краіны. Сёння, калі асабліва важна гаварыць пра дружбу, мір, багацце, менавіта дзіцячая творчасць гучна заявіла пра сваё права на дружбу і супрацоўніцтва.
На першым фестывалі дзіцячай творчасці гарадоў-пабрацімаў “Мой гасцінны горад” сваю творчасць прадставілі ўзорны ансамбль эстраднага танца “Чароўны свет” (Рагачоў), узорны вакальны ансамбль “Зараначка” (Рагачоў), узорная вакальная студыя “Дзіцячы час” (Рагачоў), узорная студыя сучаснага танца “Гратэск” і ўзорны ансамбль народнага танца “Світанне” (Кацельнікі Маскоўскай вобласці). Кожны калектыў паказаў па два конкурсныя нумары, якія вылучаліся прафесіяналізмам і арыгінальнай пастаноўкай. Спецыяльна да фестывалю былі вывучаны новыя песні пра горад і танцы.
Удзельнікаў фестывалю віталі начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Рагачоўскага райвыканкама Пётр Міхайлавіч Гузялевіч, начальнік упраўлення адукацыі і сацыяльнай палітыкі адміністрацыі гарадской акругі Кацельнікаў Маскоўскай вобласці Ірына Мікалаеўна Яўграфава. Праграма фестывалю была насычанай. Гасцей з Падмаскоўя чакала актыўная культурная праграма: экскурсія на мемарыял дзецям — ахвярам Вялікай Айчыннай вайны (Чырвоны Бераг), экскурсія па горадзе і памятных месцах Рагачоўшчыны, гульнявая і забаўляльная праграма.
Пераможцы атрымалі дыпломы і кубкі Міжнароднага фестывалю дзіцячай творчасці гарадоў-пабрацімаў “Мой гасцінны горад”. Другі фестываль 2015 года не толькі пашырыць межы дзіцячай творчасці, дабавіўшы намінацыі выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці, але і збярэ дзяцей з Курска, Санкт-Пецярбурга, Наваград-Валынска і іншых гарадоў-пабрацімаў Рагачова.

Валерый ЛЮБАГОШЧАЎ,
намеснік дырэктара Рагачоўскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.