Мой курс — поспех і пазітыў

- 15:39Адукацыйная прастора

Прафілактыка адыктыўных, суіцыдальных паводзін

Падлеткавы перыяд характарызуецца немалой колькасцю крызісных з’яў. Падлеткі — найбольш адчувальная да сацыяльных і псіхалагічных стрэсаў катэгорыя насельніцтва. На сённяшні момант самаразбуральныя (аўтадэструктыўныя) паводзіны дзяцей і падлеткаў дасягнулі такіх маштабаў, што Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) дэкларуе іх у якасці адной з галоўных праблем здароўя чалавецтва. Таму асноўным напрамкам работы спецыялістаў з’яўляецца прафілактыка крызісных станаў на ўзроўнях агульнай, першаснай, другаразовай і трацічнай прафілактыкі, што патрабуе ад спецыялістаў устаноў адукацыі пошуку сучасных форм і метадаў.

Мэтай прафілактыкі самаразбуральных паводзін у нашай установе адукацыі з’яўляецца прадухіленне патэнцыяльна магчымых сітуацый, звязаных з аўтадэструктыўнай праблематыкай, а таксама стварэнне добрага псіхалагічнага клімату ў дзіцячых калектывах, павышэнне дасведчанасці педагогаў, бацькоў, настаўнікаў у галіне агульнай прафілактыкі. Агульная прафілактыка праводзіцца на працягу ўсяго навучальнага года з усімі дзецьмі без выключэння.

На розных ступенях адукацыйнага працэсу задачы агульнай прафілактыкі самаразбуральных паводзін навучэнцаў розныя. На І ступені навучання арганізавана дыягнастычная і карэкцыйна-развіццёвая работа, накіраваная на адаптацыю дзяцей да школы, пераадоленне трывожнасці, развіццё вучэбнай матывацыі і самастойнасці. На ІІ ступені навучання трэба забяспечыць паспяховую адаптацыю навучэнцаў да новых умоў навучання, ствараюцца ўмовы для фарміравання ў малодшых падлеткаў жыццеўстойлівасці, умення мець зносіны з бацькамі і равеснікамі, праводзіцца прафілактыка дэвіянтных паводзін. На ІІІ ступені навучання падлеткам аказваецца дапамога ў прафесійным самавызначэнні, фарміраванні здольнасці да мэтапастаноўкі. Таксама працягваецца развіццё сацыяльнай і эмацыянальнай кампетэнтнасці, забяспечваецца псіхалагічнае суправаджэнне вучняў на этапе выніковай атэстацыі.

Рэалізацыя гэтых задач ажыццяўляецца шляхам дыягностыкі школьнага і педагагічнага калектываў з мэтай удакладнення асаблівасцей сацыяльна-псіхалагічнай атмасферы, стану эмацыянальна-валявой сферы школьнікаў; вывучэння гатоўнасці да здачы выпускных экзаменаў, вывучэння задаволенасці арганізацыяй адукацыйнага працэсу ва ўстанове, а таксама правядзення трэнінгавых і групавых заняткаў (“Вучымся разумець адзін аднаго” для навучэнцаў 6—8 класаў, “Мы адна каманда” для навучэнцаў 4—5 класаў, “Мы розныя, але разам мы адзіны” для навучэнцаў 2—3 класаў, “Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго” для навучэнцаў 9—11 класаў), семінараў па прафілактыцы эмацыянальнага выгарання для педагогаў.

Традыцыйнымі ў нашай школе сталі такія прафілактычныя мерапрыемствы, як тыдзень прававых ведаў, прафілактыка шкодных залежнасцей, асенняя і вясенняя антынаркатычная акцыя “Місія — жыць!”, месячнік прадухілення рызыкі суіцыдальных паводзін дзяцей і падлеткаў “Мой курс — поспех і пазітыў!”, акцыі, прысвечаныя Міжнароднаму дню адмаўлення ад курэння, Сусветнаму дню барацьбы са СНІДам, дзень пазітыву і аранжавага настрою і інш.

Формы і метады, якія мы выкарыстоўваем для правядзення псіхапрафілактычнай работы, падзелены наступным чынам:

1 форма — арганізацыя сацыяльнага асяроддзя. Гэта інфармацыйна-асветніцкая работа, накіраваная на фарміраванне негатыўнага меркавання ў дачыненні да самаразбуральных паводзін праз стварэнне сацыяльнага асяроддзя, арыентаванага на каштоўнасці здаровага ладу жыцця. Пры гэтым неабходна адзначыць, што мы стараемся адыходзіць ад такіх традыцыйных форм, як лекцыя, гутаркі. Навучэнцам Ёдкаўскай сярэдняй школы прапануецца самастойна распрацаваць адпаведную сацыяльную рэкламу.

2 форма — актыўнае сацыяльнае навучанне сацыяльна важным навыкам, якое рэалізоўваецца праз правядзенне групавых трэнінгаў. Найбольш папулярны ў нашай школе трэнінг устойлівасці да негатыўнага націску равеснікаў “Уменне сказаць “Не!”; трэнінг фарміравання навыкаў прыняцця рашэння, павышэння самаацэнкі і развіцця пазітыўных каштоўнасцей “Я веру, што я…”, “Жыццё — гэта самая вялікая каштоўнасць”; трэнінг фарміравання жыццёвых навыкаў (“Захавай сябе сам” і інш.).

3 форма — арганізацыя дзейнасці, альтэрнатыўнай дэвіянтным паводзінам. Пры псіхапрафілактычнай рабоце мы выкарыстоўваем альтэрнатыўныя формы актыўнасці: заняткі “Мой унутраны свет”, “Што трэба для поўнага шчасця?”, “Я ў гэтым свеце не адзін”, удзел у валанцёрскім руху, дабрачынных акцыях і г.д.

4 форма — арганізацыя здаровага ладу жыцця. Фарміраваць здаровы стыль жыцця дапамагаюць дні здароўя, якія праводзяцца ва ўстанове, удзел дзяцей у спартыўных аб’яднаннях па інтарэсах, агітбрыгады, конкурсы па чырлідынгу і інш.

5 форма — актывізацыя асобасных рэсурсаў — праводзіцца праз удзел падлеткаў у групах зносін і асобаснага росту, арт-тэрапеўтычных занятках. Усё гэта актывізуе асобасныя рэсурсы, забяспечвае актыўнасць і ўстойлівасць да негатыўнага знешняга ўздзеяння.

Метады, якія выбіраюцца для правядзення псіхапрафілактыкі, будуюцца на падыходзе, заснаваным на эмацыянальным навучанні з меркаваннем, што непаўналетнія, схільныя да самаразбуральных паводзін, — гэта перш за ўсё асобы з недастаткова развітай эмацыянальнай сферай. Таму ўсе мерапрыемствы, што праводзяцца ў школе на ўзроўні агульнай прафілактыкі, накіраваны на павышэнне самаацэнкі, вызначэнне значных асобасных каштоўнасцей, развіццё навыкаў распазнавання і выказвання эмоцый, навыкаў прыняцця рашэнняў, на фарміраванне здольнасці спраўляцца са стрэсам.

Мы жывём у інфармацыйную эпоху. Таму ў сучаснай школе мы актыўна выкарыстоўваем інтэрнэт-тэхналогіі. Новае інфармацыйнае асяроддзе выступае адначасова і сродкам, і асяроддзем сацыяльнага развіцця вучня, асабліва ў падлеткавым узросце, калі адбываецца актыўнае фарміраванне пазнавальных працэсаў і асобасных якасцей дзіцяці.

Так, з дапамогай школьнага сайта навучэнцы, бацькі і педагогі атрымліваюць рэкамендацыі па захаванні і ўмацаванні псіхалагічнага здароўя, выхаванні дзяцей. На сайце школы створана тэматычная старонка “Спецыялісты СППС”, на якой размешчаны памяткі, буклеты, рэкамендацыі, інфармацыя аб правядзенні акцый, тэматычных тыдняў, мерапрыемстваў, карысныя спасылкі і інш. Аднак сайт школы не дае магчымасці зваротнай сувязі. Каб вырашыць гэтую праблему, спецыялісты СППС размясцілі інфармацыю пра час індывідуальнага кансультавання і графік работы спецыялістаў з пазначэннем e-mail-адрасоў, на якія можна ў любы час звярнуцца па дапамогу. Таксама мы выкарыстоўваем і перапіску з бацькамі ў сацыяльных сетках.

Разумеючы значнасць інфармацыі ў сучасным свеце, мы стварылі блог. Яго лёгка арганізаваць, лёгка падтрымліваць, не патрэбны ніякія затраты, акрамя платы за інтэрнэт. Блог дае магчымасць арганізоўваць метадычную скарбонку, размясціць спасылкі на карысныя вэб-рэсурсы, арганізаваць зваротную сувязь і інш. У блогу даецца магчымасць выбару як настаўніку, бацькам, так і вучню. Нам важна данесці да вучняў і бацькоў дадатковую інфармацыю, на якую не хапае часу ў вучэбны дзень, уцягнуць у працэс зносін усіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу. У стварэнні і вядзенні блога ўдзельнічаюць і дзеці, канечне, пад нашым кіраўніцтвам.

Прафілактычная работа з навучэнцамі — працэс складаны, шматаспектны, працяглы ў часе. На канкрэтным этапе работа можа не даць выразна бачных станоўчых вынікаў, але ўсё ж гэта дапамагае дзецям уключыцца ў сацыяльна значную сферу дзейнасці, паспяхова адаптавацца ў грамадстве.

Таццяна ГРУДЗІНСКАЯ,
педагог-псіхолаг Ёдкаўскай сярэдняй школы Лідскага раёна.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.