Мой незабыўны боль — Чарнобыль

- 11:14Нам пішуць

“Чорны красавік” — так гаварылі старыя людзі таго часу. І ён сапраўды быў чорным. Не толькі ад выбуху на Чарнобыльскай АЭС, але і ад пралітых слёз людзей, якія пакідалі родныя мясціны, бацькоўскія хаты і нават могілкі, дзе ляжалі іх дзяды і прадзеды. Нават зёлкі апусцілі свае галоўкі і ўткнуліся ў шэрую зямлю…

Чарнобыль… Пасля дажджу на зямлі заставаліся рознакаляровыя лужы, быццам бы ў іх дзеці разбавілі ці налілі фарбы. Пажарныя машыны прыязджалі і мылі не толькі дарогі, але і стрэхі і вокны нашых хат, школу, а потым з’яўляліся людзі з дазіметрамі і ўсё нешта правяралі і правяралі, а дазіметры ў іх руках усё пікалі і пікалі…Так да нас прыйшоў Чарнобыль.

Вёскі пачалі пусцець. Маладыя сем’і збіралі свае няхітрыя скарбы і выязджалі ў другія мясціны. Заставаліся толькі адзінокія старыя людзі, якія ніяк не хацелі пакідаць сваю зямельку-крывіначку і бацькоўскія пагосты. Колькі ж маленькіх вёсачак так згінула?! Каларытныя незабыўныя назвы іх стаяць перад маімі вачыма: Ягаднае, Старае Закружжа, Барталамееўка, Новыя Грамыкі…

   Я, як тое маладое дрэўца, вырванае з карэннем з зямлі і закінутае на чужыну, доўга хварэла, прывыкала, прыжывалася на новай зямлі. Акрыяла. Вырасла. Дала жыццё чацвярым дзецям. І вось у адзін і той жа час — у красавіку — мінулае ўрываецца, вяртаецца ў маю памяць і будзіць успаміны… І зноў я маленькая дзяўчынка…

А за вокнамі вясна. Белымі крыламі рассякае неба вялізны і паважны бусел. Вось ён плаўна апускаецца на сваё гняздо, звітае на беластволай бярозцы, пасаджанай у той далёкі 1990 год, калі я разам з бацькамі і роднымі братамі знайшлі прытулак і спакой у Азёрах на Гродзеншчыне. Жыццё працягваецца.

Вольга ПАЗЯБКІНА,
выхавальніца Азёрскай дзяржаўнай санаторнай школы-інтарната Гродзенскага раёна.