Мой першы “Пошук”

- 12:30Навіны рэгіёнаў

Другі год працую ў Роўкавіцкім яслях-садзе — сярэдняй школе Чачэрскага раёна. І штогод назіраю, як настаўнікі нямецкай мовы рыхтуюць з дзецьмі даследчыя работы і прадстаўляюць іх на Гомельскай абласной навукова-практычнай канферэнцыі вучняў па прыродазнаўчых і сацыяльна-гуманітарных кірунках “Пошук”. Мне стала цікава, а ці можна мне падрыхтаваць вучня і правесці асабістае даследаванне. Мне пашчасціла: “Пошук” уключае ў сябе секцыі амаль што па ўсіх школьных прадметах. І кожны настаўнік можа паспрабаваць сябе ў ролі кіраўніка, а вучань — у ролі даследчыка.

Фота да матэрыяла: Мой першы “Пошук”.Ці змагу я зацікавіць вучня? Ці зможам мы правесці якаснае даследаванне? Ці будзе наша тэма цікавай і актуальнай для слухачоў і журы? Многа сумненняў было ў маім сэрцы, я ж пакуль малады спецыяліст. Але тое, што я займалася даследчай дзейнасцю ва ўніверсітэце, дапамагло. Я ведала працэс знутры, ведала этапы правядзення даследавання, і гэта надало мне ўпэўненасці. Вырашыла: “А чаму не?”

Канферэнцыя — гэта ўзаемадзеянне школы і ўніверсітэта, як сказалі выступоўцы на канцэрце, прысвечаным адкрыццю спаборніцтва, якое дае магчымасць раскрыць таленты дзяцей, навучыць іх думаць неардынарна і не баяцца публічных выступленняў.

Мы з вучаніцай 9 класа Карынай Міхайлавай вырашылі абраць тэму мала вывучаную і цікавую для ўсіх узростаў — “Вобраз дзевы-ваяўніцы ў творах Адама Міцкевіча “Смерць палкоўніка” і “Гражына”. Ніхто раней не даследаваў творчасць пісьменніка менавіта праз гэты вобраз. Ці было цікава прысутным і журы? Мабыць так, таму што нашая даследчая работа атрымала дыплом ІІ ступені. Гэта вялікае дасягненне, улічваючы, што мы былі там ўпершыню і ўжо задалі такую высокую планку. Карына вельмі дастойна прадставіла работу і змагла адказаць на ўсе пытанні. Вучаніца, акрамя даследчай дзейнасці, удзельнічае ў алімпіядах па беларускай мове і літаратуры, у мінулым годзе яна атрымала перамогу на другім этапе абласной алімпіяды.

Мой першы “Пошук” быў учора, але ўжо сёння столькі ідэй і думак пра наступны год, пра “Пошук-2019”.

Мне хочацца сказаць маім калегам, якія толькі пачынаюць свой педагагічны шлях: будзьце ўпэўненымі ў сабе, спрабуйце нешта новае, прыцягвайце ўвагу дзяцей, зацікаўлівайце іх, адкрывайце з імі новыя гарызонты, і тады “Пошук” сам знойдзе вас.

Вольга АКСЁНАВА,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры
Роўкавіцкага ясляў-сада — сярэдняй школы Чачэрскага раёна.