Ужо 20 гадоў сярэдняя школа № 1 Глуска Магілёўскай вобласці з гонарам носіць імя знакамітага земляка Сяргея Грахоўскага — паэта, празаіка, публіцыста, крытыка, перакладчыка. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Ад вытокаў
На тэрыторыі школы яе гасцей сустракае памятны знак, створаны мастаком настаўнікам працоўнага навучання сярэдняй школы № 2 Глуска Аляксандрам Гулевічам. На ім — разгорнутая кніга з выявай Сяргея Грахоўскага і словамі з яго верша:
Мой родны кут —
Вытокі ўсіх вытокаў,
Перад табой схіляю галаву
І адчуваю сілу родных токаў,
Дзеля цябе працую і жыву.
— Наша Глушчына — незвычайная мясціна, якая вабіць да сябе цудоўнымі краявідамі, што наталяюць душу, натхняюць на творчасць, і добрымі, чулымі людзьмі, якія тут жывуць. І мы мэтанакіравана працуем над тым, каб нашы дзеці пасля вучобы вярталіся на сваю малую радзіму. Тут ёсць усе магчымасці для жыцця, развіцця і самарэалізацыі, — гаворыць дырэктар школы Людміла Маеўская. — Радзіма дае чалавеку значна больш, чым ён у стане ўсвядоміць. Людзі, страчваючы карані, страчваюць часцінку сябе. А таму менавіта ў школе закладваюцца асновы пазнавальнай цікавасці да вывучэння роднага горада, людзей, якія пакінулі след у яго гісторыі, што стварае аснову для выхавання патрыятызму, павагі да культуры і гісторыі роднага краю. На прыкладзе нашых таленавітых землякоў, а глуская зямля багатая на знакамітых людзей, сярод якіх і Сяргей Іванавіч Грахоўскі, мы імкнёмся выхоўваць нашу моладзь.
У снежні 2004 года школе афіцыйна было прысвоена імя С.Грахоўскага. Гэтая ініцыятыва належыць яе былому дырэктару Валянціне Сыцька, пад кіраўніцтвам якой была праведзена вялікая падрыхтоўчая работа, сабраны цікавыя матэрыялы пра жыццё і творчасць земляка. У прыватнасці, Сяргей Грахоўскі вучыўся ў Глускай сямігодцы, пераемніцай якой і з’яўляецца сярэдняя школа № 1. З усіх школьных прадметаў больш за ўсё хлопец любіў чытанне. Тут жа адбылася паэтычная проба пяра. Першыя вучнёўскія вершы былі пасланы ў адну з піянерскіх газет, дзе і былі надрукаваны. Захапленне Сяргея падтрымала настаўніца Таццяна Іванаўна Шыманоўская. Дзякуючы ёй, цудоўнае святло кнігі, якое загарэлася для Сяргея ў школьныя гады, не згасала ўсё жыццё.
Дзіцячы пісьменнік
У музеі школьнай славы ўстановы створана экспазіцыя “Яго імя носіць наша школа”, прысвечаная жыццю і творчасці С.Грахоўскага. Шматлікія фотаздымкі паэта ў розныя перыяды — на рэдкалегіі ў школе, у педінстытуце, падчас вечарыны з сябрамі, на адпачынку, з роднымі і інш., публікацыі з газет і часопісаў, у якіх аўтар друкаваў свае творы, артыкулы, прысвечаныя яго асобе, дакументы — яскрава сведчаць пра радасныя і не вельмі моманты жыцця славутага земляка. А яшчэ тут ёсць рукапісы, кнігі з асабістай бібліятэкі пісьменніка, перададзеныя жонкай і дачкой, літаратура з аўтографамі і пажаданнямі навучэнцам школы, асабістыя рэчы: чамадан, з якім С.Грахоўскі падарожнічаў, бюсты любімых паэтаў А.Пушкіна і Якуба Коласа, якія стаялі на яго рабочым стале дома.
Дарэчы, у музеі ўзноўлены рабочы пакой пісьменніка. На стале — друкавальная машынка, лямпа, фотаздымкі родных, на заднім плане — кніжная шафа са шматлікай літаратурай.
Захавальніцай музейнай экспазіцыі з’яўляецца настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Гааг, якая пераняла эстафету ад сваёй матулі Інесы Фамінічны Глаз і бабулі Настассі Рыгораўны Марціновіч, якія таксама працавалі ў школе настаўніцамі роднай мовы і літаратуры. Сюды, у музей, прыходзяць не толькі выхаванцы школы, але і навучэнцы іншых устаноў адукацыі раёна, мясцовыя жыхары, госці ўстановы адукацыі. Для іх праводзяцца экскурсіі. Сабраны матэрыял з гордасцю дэманструецца на тэматычных мерапрыемствах, літаратурных святах.
Вольга Генадзьеўна гадзінамі можа расказваць пра свайго славутага земляка.
— Сяргей Іванавіч пражыў цікавае жыццё, багатае на розныя падзеі, сустрэчы, творчыя дасягненні, сведкам і ўдзельнікам якіх ён быў на працягу амаль усяго ХХ стагоддзя. Нягледзячы на ўсе выпрабаванні, С.Грахоўскі выжыў, выстаяў, пакінуў нам глыбоказмястоўныя вершы, паэмы, апавяданні, аповесці, эсэ, крытычныя артыкулы, вострапраблемную публіцыстыку.
І пры гэтым усё жыццё заставаўся сціплым, адкрытым чалавекам, цаніў сяброўства, чалавечыя адносіны, дабрыню і шчырасць паміж людзьмі, — расказвае Вольга Генадзьеўна.
Кожны год Сяргей Іванавіч імкнуўся прыехаць у свой родны куток і пахадзіць яго ціхімі завулкамі, сустрэць знаёмых. Сотні людзей і сёння памятаюць яго высокую постаць, голас і шчырую ўсмешку.
Яшчэ адзін цікавы факт: Сяргей Грахоўскі любіў падарожнічаць. І пра гэта сведчаць яго шматлікія фотаздымкі. Ён аб’ехаў амаль увесь Савецкі Саюз, быў знаёмы амаль з усімі пісьменнікамі шматнацыянальнай савецкай літаратуры, яго запрашалі на творчыя сустрэчы і вечарыны ў самыя розныя аўдыторыі. І, як прыгадваюць сучаснікі, з такіх сустрэч ён вяртаўся ўзрушаным, памаладзелым, поўным энергіі і творчых задум.
Сяргей Іванавіч быў яшчэ і дзіцячым пісьменнікам. Ён любіў дзяцей і напісаў для іх добрую нізку вершаў, іх выйшла некалькі зборнікаў, а яшчэ вершаваныя паэмы і казкі.
За літаратурную і грамадскую дзейнасць С.Грахоўскі быў удастоены ганаровых узнагарод. Ён заслужаны работнік культуры БССР (1983), лаўрэат літаратурнай прэміі СП БССР імя А.А.Куляшова (1983), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Якуба Коласа (1992), узнагароджаны медалём Францыска Скарыны (1994).
Дачка паэта ў сваіх успамінах піша, што ён быў добрым мужам, цудоўным бацькам і дзедам, цаніў і адказна ставіўся да сямейных свят, асабліва любіў навагоднюю мітусню. Рыхтаваў падарункі, вершаваныя віншаванні, сюрпрызы, жарты-пажаданні, латарэі, апранаўся чараўніком (халат, цюбецейка, нос-вусы). Унукаў абавязкова далучаў да падрыхтоўкі, да навагодніх сакрэтаў. Яны вельмі радаваліся, што захавалі гэтыя сакрэты і ўсё так чароўна адбылося.
Колеры жыцця
Добрай традыцыяй у 1-й школе стала правядзенне да дня нараджэння паэта літаратурных імпрэз, дзе дзеці з 1 па 11 клас чытаюць яго творы. Так, незабыўныя пачуцці выклікаў літаратурны часопіс “Люблю ўсе колеры жыцця”.
Арганізоўваюцца ў школе і сустрэчы з блізкімі Сяргея Іванавіча. Першая сустрэча адбылася ў 2003 годзе, калі школу наведалі дачка Таццяна Грахоўская, кандыдат медыцынскіх навук Леў Матузаў і інш. Нікога не пакінула абыякавым літаратурна-музычная кампазіцыя, падрыхтаваная вучнямі і настаўнікамі.
Да 105-годдзя паэта ў школе адбылася святочная імпрэза, якая сабрала вучняў, настаўнікаў і ўсіх глушчан, зацікаўленых асобай літаратара, родных і сяброў. Мерапрыемства называлася “Урокі Грахоўскага”, і кожны выступоўца, расказваючы пра сваё знаёмства з Сяргеем Іванавічам, пра яго звычкі, характар, узгадваў і тыя ўрокі, якія вынес з гэтых узаемаадносін.
— Галоўны ўрок, які дало мне гэтае знаёмства, — уменне сябраваць, шырокі погляд на свет, погляд над… Здаецца, што магло звязваць паэта і архітэктара? Сяргей Іванавіч умеў быць уважлівым да кожнага чалавека і знаходзіць агульныя пункты, — заўважыла Галіна Левіна, дачка знакамітага архітэктара.
С.Грахоўскі быў настаўнікам па адукацыі, але працаваць з дзецьмі яму давялося няшмат. Пра настаўніцтва С.Грахоўскага пісала ва ўспамінах яго дачка: “У Сібіры мы пражылі 6 гадоў. Бацькі працавалі ў школе. Яго дзейная, творчая натура брала сваё. Ён быў лідарам, арганізатарам, творцам па сваёй натуры, усё рабіў лепш за ўсіх і па-свойму. Рабіў з азартам, радасцю. Арганізаваў сапраўдны дзіцячы тэатр, у якім яго выхаванцы ўсё рабілі самі: здабывалі “сыравіну”, рабілі дэкарацыі, шылі касцюмы, ігралі ў спектаклях, спявалі, танцавалі і г.д. А іх з мамай якасць выкладання, асабліва ў параўнанні з мясцовымі настаўнікамі! Многія з іх нідзе не вучыліся наогул. Як многа бацька даў гэтым пасляваенным дзецям (большасць — бязбацькавічы і дзетдомаўскія). Галодныя, адны пімы на ўсіх. У школу — па чарзе. Бацька адкрыў ім новы, дзівосны свет — свет казкі, прыгажосці, дабра, любові. Яны яго паважалі, любілі і наогул хадзілі за ім цугам. Ён з імі з ранку і да ночы, і ў нядзелю таксама. Былі, зразумела, любімыя вучні, за лёсам якіх ён назіраў яшчэ многа гадоў здалёк і ганарыўся імі”.
Гуманітарны праект
Разам з Вольгай Генадзьеўнай навучэнцы школы рыхтуюць рэфераты, праекты, даследчыя работы. Сярод іх — даследаванне “Маральна-этычная праблематыка апавяданняў С.Грахоўскага”. Некалькі гадоў назад навучэнкі Алена Гааг і Дар’я Урбанская прадставілі работу “Малая радзіма ў жыцці і творчасці С.І.Грахоўскага”. Аналізуючы зборнікі, дзяўчаты прыйшлі да высновы, што вобраз малой радзімы праходзіць праз усю творчасць паэта.
— Прыемна, што наша выхаваўчая работа дае плён. Гэта паказала анкетаванне, якое правялі юныя даследчыцы. Радуе, што асоба С.Грахоўскага вядома кожнаму нашаму навучэнцу. Назвы яго твораў былі агучаны розныя, але большасць вучняў ведае “Маці” і “Пачатак”, — адзначае В.Г.Гааг.
Зараз у 1-й школе працягваецца рэалізацыя гуманітарнага праекта “Яго імем названа школа мая”. Сярод яго задач — сфарміраваць у навучэнцаў патрэбу ў вывучэнні гісторыі і культуры свайго народа, мінулага і сучаснасці малой радзімы праз арганізацыю і правядзенне тэматычных выхаваўчых мерапрыемстваў, актывізацыю пошукава-даследчай дзейнасці, фарміраваць пачуццё патрыятызму, павагі да гістарычнай і культурнай спадчыны сваёй малой радзімы. Былі праведзены конкурс малюнкаў “Намалюй вершы С.Грахоўскага”, мерапрыемствы “Наведванне краязнаўчага музея”, дзе вучні азнаёміліся з экспазіцыяй, прысвечанай паэту, конкурс чытальнікаў.
У планах дырэктара ўстановы — мадэрнізацыя музея школьнай славы, папаўненне яго новымі экспанатамі, стварэнне пераноснай экспазіцыі музея і наведванне з ёю ўстаноў адукацыі раёна, правядзенне для вучняў старшых класаў літаратурнай гасцёўні, арганізацыя сустрэчы з журналістам пісьменнікам Навумам Сандамірскім, які асабіста ведаў С.Грахоўскага.
Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота аўтара