“Моладзь.by”: патрыятызм не мае меж

Міжабласны патрыятычны маладзёжны форум “Моладзь. by” сабраў у Гродне больш за 60 актывістаў БРСМ — працуючай моладзі і студэнтаў з Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. У яго рамках упершыню быў рэалізаваны патрыятычны праект “Маладзёжны оскар”.

Юнакі і дзяўчаты з дзвюх абласцей абмяняліся вопытам па прымяненні новых форм у рабоце з моладдзю, яе патрыятычным выхаванні. Адукацыйная праграма была прадстаўлена ў выглядзе дыялогавай пляцоўкі.

— Асноўны лейтматыў форуму — гэта, безумоўна, новыя, цікавыя, крэатыўныя формы работы з моладдзю, якія прывядуць да фарміравання ў яе пачуцця патрыятызму, да ўмацавання такіх базавых каштоўнасцей, як гордасць за сваю краіну, за тых, хто жыве побач з намі, хто змагаўся за незалежнасць нашай дзяржавы, — адзначыла першы сакратар Гродзенскага абкама ГА “БРСМ” Ганна Сарасек. — Двухдзённая праграма форуму насычаная. Гэта і мерапрыемствы па абмене вопытам работы з моладдзю, і майстар-класы, тымбілдынгі. Безумоўна, самы велізарны пласт — гэта патрыятычныя мерапрыемст­вы.

У рамках форуму адбылася прэзентацыя праекта “Маладзёжны оскар”. Гэта новая форма дыскусійнай платформы. Удзель­нікі форуму паглядзелі патрыятычны фільм “ICH вайна”, а пасля змаглі абмеркаваць і прааналізаваць убачанае паміж сабой, а таксама з аўтарам. Да абмеркавання ў анлайн-фармаце далучыліся аўтар фільма Вікторыя Касянюк, журналіст-публіцыст з Берліна Аляксандр Сасноўскі. Удзел у мерапрыемстве прыняў старшыня праўлення Беларускага саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў.

У рамках форуму прайшоў абласны этап рэспубліканскай акцыі “Памяць сэрца”. На Кургане Славы моладзь Гродзенскай і Брэсц­кай абласцей ушанавала памяць тых, хто ў гады Вялікай Айчыннай вайны змагаўся за незалежнасць нашай краіны. Маладыя людзі ўсклалі кветкі, запалілі з лампад сімвал акцыі — “Памяць сэрца” — і мінутай маўчання выказалі павагу савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам, якія загінулі ў гады вайны.

— Форум быў плённым, спадзяюся, ён стане традыцыйным і ў будучыні мы зможам прыцягнуць да ўдзелу ў ім іншыя вобласці, — адзначыў начальнік аддзела па справах моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Ігар Саюк. — На Брэстчыне стала традыцыяй правядзенне форуму сельскай моладзі, я яго параўнаў бы з “Моладзь.by”, у першую чаргу ўпор зроблены на патрыятычныя акцыі.

Вынікам форуму стала выбраная стратэгія работы з моладдзю на наступны год. А на заканчэнне гаспадары форуму правялі экскурсію для гасцей, паказаўшы ім гістарычныя месцы свайго горада.

Ірына АНІКЕВІЧ.