Моладзь. Гісторыя. Творчасць

- 9:58Культура

На Брэстчыне завяршыўся абласны этап Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі — 2022”, які сёлета праходзіць пад дэвізам “Час новых традыцый — у творчасць моладзі” і прысвечаны Году гістарычнай памяці. 

— Фестываль праводзіцца з мэтай фарміравання каштоўнасных адносін моладзі да гісторыка-культурнай спадчыны беларускага народа, выхавання грамадзянскасці, патрыятызму і нацыянальнай самасвядомасці на аснове дзяржаўнай ідэалогіі, укаранення сацыякультурных навацый, падтрымкі творчых ініцыятыў, творчага развіцця і самарэалізацыі маладога пакалення, — расказала загадчыца аддзела сацыякультурных праектаў і маладзёжных ініцыятыў Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі А.С.Лаўрыновіч. — Фестываль адыгрывае важную ролю ў духоўна-маральным і мастацка-эстэтычным выхаванні моладзі, удасканаленні сістэмы выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі, развіцці відава-жанравага дыяпазону аматарскай творчасці, выяўленні і папулярызацыі эфектыўных форм арганізацыі вольнага часу студэнтаў. Лепшыя творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы харэаграфічнага, вакальнага, фальклорнага, інструментальнага і тэатральнага жанраў дэманструюць сваё майстэрства на інтэрактыўных пляцоўках, у марафонах і тэматычных канцэртных праграмах, прэзентуюць сучасныя напрамкі развіцця мастацтва і цікавыя арт-ідэі, традыцыйныя і інавацыйныя рашэнні, узоры аматарскай творчасці.

Абласны этап рэспубліканскага фестывалю доўжыўся 3 дні і праводзіўся ў форме ўніверсітэцкіх мерапрыемстваў у Брэсце, Баранавічах і Пінску, дзе дэманстраваліся тэматычныя выступленні мастацкіх калектываў, творчых аб’яднанняў студэнтаў і індывідуальных выканаўцаў, а таксама лепшыя работы ў рамках праектаў “Рэцытацыя”, “Арт-партал” і “Аўтограф”. 

Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт падрыхтаваў цікавую канцэртную праграму “У нашых сэрцах б’ецца крэатыву дух”. Творчымі набыткамі парадавалі ўдзельнікі народнага тэатра моды “Світа”, народнай студыі эстраднай песні “Талент”, народнага інструментальнага ансамбля “Музычны гасцінец”, народнага маладзёжнага тэатра мініяцюр “Сафіт”, а таксама груп сучаснага танца Stand out і JMLV.

Не менш відовішчнай атрымалася канцэртная праграма Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна “Мінулае, якое захоўвае памяць, гэта набытак сучаснасці і жыццё будучыні”. Нікога не пакінулі раўнадушнымі выступленні, падрыхтаваныя студыяй сучаснага танца One Way, народнай вакальнай студыяй “Прыступкі”, вакальнай студыяй “Золак” і танцавальным калектывам AzArt.  

Шмат станоўчых эмоцый падарыла змястоўная канцэртная праграма Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. Адчувалася, што ўдзельнікі народнага акадэмічнага хору “Белая вежа”, ансамбля народных інструментаў “Экспромт”, народнай тэатральнай студыі “Слова”, вакальнай групы “Трыумф”, інструментальнага ансамбля эстраднай музыкі “Тэхна-бэнд”, вакальнай групы народнай песні “Млын”, фальклорнага тэатра “Скарбніца”, калектываў народнага танца “Крутуха” і эстраднага танца “Эдэльвейс” па-сапраўднаму ўлюбёны ў творчасць і адносяцца да любімай справы з усёй душой. Харэаграфічныя і вакальныя нумары ўражвалі кампазіцыйнай прадуманасцю і майстэрскім выкананнем.

Незабыўныя ўражанні пакінулі выступленні студэнтаў Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта: народнага ансамбля эстраднага танца “Альянс”, клуба аматараў лацінаамерыканскай культуры Solymar, харавога калектыву Melior, вакальна-інструментальнай групы Trouble, народнай студыі эстраднай песні “Гукі часу”, танцавальнага калектыву Sparkle dance і тэатральнай студыі “С.Т.А.Р.Т.”.

Фестываль паказаў высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства мастацкіх калектываў і асобных выканаўцаў, жанравую разнастайнасць маладзёжнай творчасці, новыя віды і формы аматарскай мастацкай творчасці, набыткі якой атрымаліся цікавымі і важкімі.

— У студэнтаў Брэстчыны ёсць на што паглядзець і чым ганарыцца, — адзначыла А.С.Лаўрыновіч. — Радуе, што сучасная моладзь сябруе з песнямі, танцамі і мастацкай творчасцю. Добра, калі чалавек з’яўляецца не толькі выдатным спецыялістам у пэўнай прафесіі, але і творчай асобай. Падобныя мерапрыемствы аб’ядноўваюць моладзь, дораць радасць ад сустрэчы з таленавітымі выканаўцамі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.