Моладзь і творчасць — гісторыя будучыні

- 10:53"АРТ-вакацыі": галерэя творцаў, Актуально, Апошнія запісы

Больш за 1000 самых таленавітых студэнтаў краіны сабраліся ў маладзёжнай сталіцы Беларусі 25—26 мая: у Магілёве прайшоў фінал Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці вучнёўскай і студэнцкай моладзі “АРТ-вакацыі”.

Пераможцаў вітаў міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка. Ён падкрэсліў значэнне фестывалю для раскрыцця творчага патэнцыялу моладзі і вялікі маштаб “АРТ-вакацый”:

— На фестывалі дэманструюць высокі ўзровень выканаўчага майстэрства, прафесійны рост кіраўнікоў, арганізаванасць творчых калектываў, арыгінальнасць іх ідэй, рэжысёрскіх рашэнняў. У 2018 годзе 267 творчых калектываў, 217 індывідуальных выканаўцаў з 42 устаноў вышэйшай адукацыі прадставілі творчыя выступленні ў інструментальным, вакальна-харавым, харэаграфічным, тэатральным і фальклорным жанрах.

Толькі ўявіце сабе: 4000 студэнтаў выступілі на ўніверсітэцкіх, гарадскіх, абласных сцэнах. Падчас фіналу яны сустрэліся з аўдыторыяй куды больш важнай за любое журы — з дзецьмі, школьнікамі, абітурыентамі — з тымі, каму яны павінны стаць натхняльным прыкладам.

У рамках акцыі “Студэнты — дзецям!” удзельнікі фестывалю наведалі дзіцячыя дамы і школы для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Спалучыліся з фестывалем і прафарыентацыйныя выставы і пляцоўкі. На плошчы Зор у цэнтры Магілёва сабраліся студэнты і выкладчыкі найбольш буйных універсітэтаў Беларусі, каб сустрэцца з абітурыентамі, расказаць пра ўмовы паступлення і навучальны працэс. Барацьба за ўвагу абітурыентаў разгарнулася нежартоўная: ля стэндаў выступалі клоўны, гістарычныя персанажы, роставыя лялькі…

Тым часам ля абласнога Цэнтра творчасці свае навыкі дэманстравалі студэнты, майстры, выкладчыкі ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Магілёўскай вобласці. Будучыя стылісты рабілі школьнікам прычоскі і макіяж, будаўнікі разам з дзецьмі ўзводзілі цагляныя сцены, кавалі дарылі хлопчыкам і дзяўчынкам жалезныя цацкі і вучылі карыстацца молатам.

— У гэтым годзе для нас адкрылася яшчэ адно прызначэнне фестывалю “АРТ-вакацыі”: мастацка-творчая дзейнасць можа быць вельмі карыснай для прафарыентацыі. Патэнцыяльныя абітурыенты наведалі канцэрты, універсітэцкія мерапрыемствы, — заўважыла загадчык аддзела сацыякультурных праектаў вучнёўскай і студэнцкай моладзі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі Алена Лаўрыновіч. — Хачу адзначыць, што было прадстаўлена шмат аўтарскіх твораў, складзеных кіраўнікамі і ўдзельнікамі творчых калектываў. Студэнты не проста ўзнаўляюць на сцэне творы прафесійных паэтаў, кампазітараў, але і ствараюць уласныя творчыя выказванні, фарміруюць новае культурнае асяроддзе.

Такому развіццю паспрыялі адукацыйныя майстар-класы, семінары, творчыя сустрэчы, якія 2 гады праходзілі на пляцоўках лепшых калектываў фестывалю 2016 года. Абмен вопытам, творчы палілог — вось яшчэ адна важная мэта “АРТ-вакацый”.

За вялікі ўклад у гэты працэс, за падтрымку студэнцкай творчасці гран-пры атрымалі лепшыя ўніверсітэты і мастацкія калектывы. Сярод іх — Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, тэатр танца “Рэнесанс Данс” Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, начальнік аддзела культурна-масавай і адпачынкавай дзейнасці ўпраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Алена Валер’еўна Стэльмах. За паспяховую дзейнасць па мастацка-эстэтычным выхаванні, захаванні традыцый аматарскай творчасці і ўвядзенні інавацыйных форм работы з моладдзю быў узнагароджаны Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.

А пасля ўрачыстага ўганаравання сцэна цалкам перайшла ў рукі выступоўцаў. Больш за 2 гадзіны доўжыліся выступленні ў рэжыме “нон-стоп”: дэкламатары аб’ядналіся з танцавальнымі калектывамі, харавікі і вакалісты — з інструментальнымі групамі… Ад фальклорных калектываў праз эстрадную музыку і спартыўны танец гледачоў падвялі да мадэрну — яскравых флэшмобаў пад акампанемент барабанаў і бітбокса. Уразілі і нумары, прысвечаныя культуры іншых народаў — яўрэяў, рускіх, грузін (танцавальны калектыў з Грузіі стаў госцем рэспубліканскага свята).

Як заўсёды, асаблівай навізной вылучаліся выступленні ў інтэрактыўным праекце “Рэцытацыя”. У гэтым годзе ён быў прысвечаны Адаму Міцкевічу і прайшоў пад дэвізам “Наш самы высокі набытак — Айчына, навука, сумленне”. Сваімі ўражаннямі ад работы над праектам падзялілася Алеся Пшаўлоцкая, кіраўнік студыі мастацкага чытання “Дзеяслоў” Баранавіцкага дзяржаўнага ўніверсітэта:

— Разам са студэнтамі мы рэцытавалі вершы, а тэатр моды “Світа” падрыхтаваў новую калекцыю ў стылі беларускага мадэрну. Усё гэта мы аб’ядналі ў сумесны спектакль “На хвалях мадэрну”.

Пагадзіцеся, спалучэнне нечаканае. Арыгінальны творчы саюз атрымаў дыплом І ступені. Ды ў жыцці Алесі гэта не першая і, няма сумнення, не апошняя перамога на фестывалі:

— “АРТ-вакацыі” са мной усё маё ўсвядомленае творчае жыццё. Мае бацькі ўдзельнічалі ў фестывалі, калі ён толькі нараджаўся. Гэта дапамагло ім стаць на свой творчы шлях, а пасля і я знайшла на ім сваю дарогу, свой стыль. Кожныя 2 гады ўдзельнічаю ў праекце “Рэцытацыя”: мае студэнты з задавальненнем чытаюць вершы вялікіх паэтаў і заўсёды з нецярпеннем чакаюць гэтае творчае свята.

Пастаянны творчы рост, з’яўленне своеасаблівага культурнага асяроддзя, пошук арыгінальных форм і зместаў — вось што такое “АРТ-вакацыі” сёння. Больш за 15 гадоў работы даюць свае вынікі: многія студэнты вымяраюць сваё творчае жыццё ўдзелам у фестывалі і за кулісамі скардзяцца, што разам са студэнцтвам скончацца для іх і сезоны “АРТ-вакацый”. Можна быць упэўненым, што імпульс да творчасці, якім зараджае фестываль, натхненне і любоў да сцэны, якую выхоўваюць кіраўнікі студэнцкіх калектываў, захаваюцца ў сэрцах удзельнікаў і пераможцаў конкурсу на ўсё жыццё. Здаецца, менавіта пра гэта і гаворыць аптымістычны дэвіз сёлетніх “АРТ-вакацый”: “Моладзь і творчасць — гісторыя будучыні”.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.