У Рэспубліканскім маладзёжным цэнтры прайшоў мітап з удзелам міністра адукацыі.
Удзельнікамі сустрэчы сталі слухачы РІВШ па спецыяльнасці “Арганізацыя работы з моладдзю”. РІВШ сістэмна вядзе прафесійную падрыхтоўку такіх спецыялістаў. Пасля заканчэння двухгадовага навучання слухачы атрымліваюць кваліфікацыю “спецыяліст па рабоце з моладдзю”, якую прысвойвае толькі РІВШ.
Упершыню выпуск такіх спецыялістаў адбыўся ў 2009 годзе. Акрамя непасрэдна прафесійнай падрыхтоўкі, РІВШ таксама займаецца зборам і сістэматызацыяй матэрыялаў, якія могуць быць карыснымі для работы з моладдзю. Так, з 2017 года праходзіць марафон паспяховых практык, сабрана багатая метадычная скарбонка лепшых напрацовак. Яшчэ адна важная задача — фарміраванне прафесійнай супольнасці спецыялістаў па рабоце з моладдзю, прафесіяналаў, што адкрыты інавацыям, творчасці і ўмеюць працаваць сістэмна. Пры РІВШ створана асацыяцыя спецыялістаў па рабоце з моладдзю, якая налічвае каля 100 чалавек.
— РІВШ з’яўляецца адным з цэнтраў, дзе на прафесійнай аснове наладжана падрыхтоўка спецыялістаў па рабоце з моладдзю. Сёння на мерапрыемстве прысутнічае шырокае прадстаўніцтва ўдзельнікаў. Прыемна, што тут ёсць не толькі супрацоўнікі ўстаноў адукацыі, але і прамысловых прадпрыемстваў. Адразу відаць, хто ўдзяляе ўвагу рабоце з моладдзю, а хто яшчэ спрабуе гэтую работу адвесці на другі план, што недапушчальна. Ёсць магчымасць паглядзець, якія лепшыя практыкі рэалізуюць нашы калегі, пастарацца пераняць іх. Бо ад таго, наколькі мы будзем ісці ў патрэбным кірунку, залежыць, пачуе нас моладзь ці не, — адзначыў міністр адукацыі Андрэй Іванец.
Удзельнікі мерапрыемства — прадстаўнікі 3 кластараў: спецыялісты, якія працуюць з навучэнскай моладдзю, з членамі маладзёжных аб’яднанняў, а таксама з рабочай моладдзю на розных прадпрыемствах. Прадстаўнікі кожнага кластара прэзентавалі на мерапрыемстве лепшыя практыкі. Вопытам падзяліліся прадстаўнікі БМЗ, ААТ “Полацк-Шкловалакно”, Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, БНТУ, БРСМ.
Так, прадстаўнікі БМЗ расказалі, што традыцыяй на прадпрыемстве стала правядзенне дня маладога спецыяліста. Штогод БМЗ папаўняецца выпускнікамі УВА і прафесійных каледжаў, іх работа пачынаецца менавіта з гэтага мерапрыемства. Яно ўключае сустрэчу з генеральным дырэктарам і падпісання “залатога” кантракта — у дакуменце імёны маладых спецыялістаў упісваюцца пазалочанымі літарамі, а сам кантракт становіцца экспанатам музея БМЗ. Таксама моладзь сустракаецца з шэрагам спецыялістаў розных упраўленняў завода, якія расказваюць пра перспектывы кар’ернага росту і павелічэнне зарплаты. Нефармальная частка дня маладога спецыяліста ўключае розныя мерапрыемствы для знаёмства і камандаўтварэння.
Брэндавым мерапрыемствам для моладзі прадпрыемства “Полацк-Шкловалакно” стаў маладзёжны форум “Моладзь. Ініцыятыва. Развіццё”, які праводзяць з 2016 года. Удзельнікамі яго становяцца моладзь, якая працуе на прадпрыемстве, выпускнікі ўстаноў адукацыі, якія толькі прыйшлі працаваць, маладзёжны актыў горада, а таксама моладзь, што працуе на ўсіх прадпрыемствах нафтахімічнай прамысловасці Віцебшчыны. Такім чынам, форум вырас да статусу абласнога. Кожны раз яго праграма розная, і кожны раз яна складаецца зыходзячы з інтарэсаў удзельнікаў, сярод якіх папярэдне праводзіцца апытанне. У гэтым сакрэт папулярнасці форуму.
Удзельнікі мерапрыемства ўключыліся ў фарсайт-дыскусію “Праблемы і перспектывы развіцця работы з моладдзю”. Яны задавалі пытанні і ўносілі прапановы міністру адукацыі.
Завяршаючы сустрэчу, Андрэй
Іванец яшчэ раз падкрэсліў, што работа з моладдзю вядзецца ў сістэме адукацыі з навучэнцамі, а таксама на прадпрыемствах з рабочай моладдзю. Важна, каб гэтыя напрамкі работы, як і спецыялісты, што яе вядуць, не былі адасобленыя, не замыкаліся ў рамках сваёй установы ці прадпрыемства. Бо ўсюды ёсць цудоўныя прыклады эфектыўнай работы, выкарыстання новых фарматаў і падыходаў. Неабходна кансалідаваць намаганні і распаўсюджваць лепшыя практыкі, гэта прынясе максімум карысці.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.