Моладзь краіны адзіная

У назначаны час цягнік з надпісам “#Беларусь. Моладзь. Натхненне” з’явіўся на чыгуначным вакзале Гродна. Яго тут з нецярпеннем чакалі студэнты гродзенскіх універсітэтаў, будатрадаўцы. І адразу шчырае вітанне, песні, падтанцоўка. Актыўная раніца прадугледжвала такі ж актыўны дзень, як і ўвесь шлях, які гэтымі днямі праходзіць актыўная моладзь краіны: студэнты, маладыя рабочыя, выкладчыкі, валанцёры, блогеры, спартсмены.

Віталі гасцей хлебам-соллю, шчырым словам. А першым пунктам маршруту стаў парк імя Ж.Э.Жылібера ў цэнтры горада. Тут да брацкай магілы воінаў-вызваліцеляў і партызан былі ўскла­дзены кветкі. Хвіліна маўчання стала данінай памяці героям Вялікай Айчыннай вайны. Удзельнікі акцыі пранеслі ля помніка вялікае палотнішча са словамі “Беларусь памятае”.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Сыранкоў, які ўзначальвае маладзёжны цягнік, расказаў, што задача праекта — сабраць максімальна рознабаковую моладзь з усёй рэспублікі, дапамагчы ёй глыбей пазнаёміцца з усімі рэгіёнамі краіны, яе гістарычна-культурнай спадчынай, наведаць знакамітыя месцы, а таксама пачуць тое, што думае моладзь аб жыцці, развіцці краіны.

— Ужо наведаўшы некаторыя абласныя гарады і некалькі раённых цэнтраў, магу з упэўненасцю сказаць, што моладзь Беларусі адзі­ная. Адзіная ў сваім стаўленні ў першую чаргу да гістарычнага мінулага, стабільнага сённяшняга дня. Упэўнены, што і наша будучыня будзе такой жа светлай і бязвоблачнай, — сказаў Сяргей Аляксандравіч.

Сваю грамадзянскую пазіцыю моладзь азначыла падчас адкрытага дыялогу  “Беларусь: учора, сёння, заўтра”, які адбыўся ў маладзёжным цэнтры “Гродна”. Удзе­л у ім прынялі намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк, намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Зоя Кулеша, першы сакратар Гро­дзенскага абласнога камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Ганна Сарасек, блогеры, спартсмены, ветэран камсамольскага руху Ларыса Хацько.

Настрой дыялогу задала моладзь, калі праспявала ў пачатку сустрэчы песню “Каб любіць Беларусь нашу мілую”. Усе далейшыя пытанні, адказы экспертаў тычыліся галоўнага — як зрабіць жыццё краіны і жыццё кожнага чалавека цікавым, стабільным. Усе сышліся ў меркаванні: менавіта моладзь не толькі заўтра, а ўжо сёння адказвае за такое пазітыўнае развіццё. Прадстаўніца Брэсцкай вобласці Хрысціна Загорцава пацікавілася, пад якім дэвізам будзе праходзіць наступны год, які зменіць Год малой радзімы, і прапанавала пры­свяціць яго моладзі.

Перад пачаткам сустрэчы адбыўся канцэрт маладых выканаўцаў, працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі, дзе моладзь Гродна прадстаўляла свае праекты. На памяць гасцям падарылі паштоўкі з выявамі Гродна, якія тут жа можна было адправіць на любы адрас, а свае пажаданні і ўражанні ад Гродна маладыя людзі пакінулі на спецыяльным стэндзе. У канцы су­стрэчы-дыялогу Віктар Францавіч Пранюк уручыў Сяргею Аляксандравічу Сыранкову падарунак — кнігу “Імя героя”, якую выпусціла газета “Гродзенская праўда”. У ёй расказваецца аб 150 героях Вялікай Айчыннай вайны, імёнамі якіх названы вуліцы ў гарадах і населеных пунктах нашай краіны.

Адным з самых  цікавых месцаў маршруту стаў Аўгустоўскі канал, дзе моладзь не толькі ўбачыла незвычайны турыстычна-культурны аб’ект, але і актыўна правяла час, здзейсніўшы велапрабег па месцах фартыфікацыйных збудаванняў 68-га Гродзенскага ўмацаванага раёна часоў Вялікай Айчыннай вайны.  У 2005 годзе рэканструкцыя Аўгустоўскага канала была абвешчана маладзёжнай будоўляй, і сотні студэнтаў-будатрадаўцаў працавалі на гэтым важным аб’екце. У праграме знаходжання ў Гродне быў заапарк, дзе ўдзельнікі мала­дзёжнага цягніка пасадзілі туі — сем дрэўцаў ад кожнай вобласці і горада Мінска. Дарэчы, Гродна быў сёмым пунктам маршруту маладзёжнага цягніка. Пад дэвізам “Беражы здароўе замалада” хлопцы і дзяўчаты адправіліся на спартыўныя аб’екты горада.

— З асаблівым хваляваннем чакаў прыезд у Гродна, — расказвае майстар вытворчага навучання Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага каледжа старшыня пярвічнай арганізацыі БРСМ Арцём Семаковіч. — Як гаспадар, член дэлегацыі Гродзенскай вобласці, хацеў, каб у маіх сяброў з іншых рэгіёнаў засталіся самыя лепшыя ўражанні ад Гродзеншчыны, яе людзей. Як і ў мяне засталіся незабыўныя ўражанні ад сустрэч, экскурсій, размоў, абмеркаванняў розных пытанняў маладзёжнага жыцця ў іншых гарадах. Асабліва запомніўся пачатак акцыі ў Віцебску, “Славянскі базар”, на якім я пабываў упершыню, сустрэча з міністрам адукацыі Ігарам Васільевічам Карпенкам і вельмі плённая размова падчас гэтай сустрэчы, што для мяне як прадстаўніка сістэмы адукацыі  асабліва важна.

А завяршыўся гэты актыўны дзень у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, дзе ўдзельнікі  дэлегацыі праекта “#Беларусь. Моладзь. Натхненне” сустрэліся на круглым стале “Рэалізацыя дзяржаўнай мала­дзёжнай палітыкі”. Да іх далучыліся першы прарэктар ГрДУ Алег Раманаў і начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Ігар Булаўка.

Цікавым сюрпрызам стаў паказ відэафільма-справаздачы аб дні ў Гродне. На відэа можна было ўбачыць сябе, сваіх сяброў, і гэта выклікала шквал авацый і воклічы “Дзякуй, Гродна!”. На добрую памяць усе ўдзельнікі маладзёжнай  акцыі “#Беларусь. Моладзь. Натхненне” атрымалі кнігу “Імя героя”.

Завяршаўся актыўны гро­дзен­скі дзень зноў на чыгуначным вакзале. А каб развітанне з новымі сябрамі было не такім сумным, гродзенцы арганізавалі танцавальны флэш-моб. Танцавалі ўсе.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.