Моладзь любіць фальклор

З мэтай падтрымаць народную творчасць і захаваць рэгіянальную традыцыйную мастацкую культуру на Гомельшчыне ўжо больш як два дзясяткі гадоў праходзіць абласны конкурс фальклорных калектываў “Шануйце спадчыну сваю”.

Нядаўна ў абласным палацы творчасці прайшоў гала-канцэрт конкурсу, на якім пераможцам і прызёрам у шасці намінацыях уручылі ўзнагароды.

Існуе стэрэатып, што фальклор — гэта мастацтва для пакалення нашых бабуль. Але канкурсанты даказваюць адваротнае. Кранае кожнае выступленне. Сваім запалам, энергетыкай і захапленнем маладыя выканаўцы даносяць да гледача закладзеныя ў народнай культуры душу і духоўнасць.

На выніковым канцэрце гучалі абрадавыя песні, народныя казкі і скорагаворкі, дзіўныя мелодыі. Нікога не пакінулі раўнадушнымі самабытныя танцы. Традыцыйныя народныя касцюмы, музычныя інструменты і адпаведныя дэкарацыі дадалі конкурсу нацыянальны каларыт і стварылі незабыўную атмасферу на сцэне і ў глядзельнай зале. Самыя яркія ўражанні пакінулі ўдзельнікі этнашколы “Традыцыя”, створанай у сярэдняй школе № 30 Гомеля, народны тэатр фальклорнай песні “Пасад” абласнога палаца творчасці дзяцей і моладзі, фальклорныя калектывы “Зараначка” з Малааўцюкоўскай сярэдняй школы Калінкавіцкага раёна, “Брачынскія музыкі” з Акцябрскай раённай гімназіі, “Лялькі” з сярэдняй школы № 40 Гомеля, узорны фальклорны калектыў Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Вясняначка”.

Наталля ЛУТЧАНКА.