Моладзь натхняецца Беларуссю

- 10:19Адукацыйная прастора

Стылізаваны чыгуначны састаў Рэспубліканскага маладзёжнага цягніка “#Беларусь. Моладзь. Натхненне” наведаў Гомельшчыну. Яго ўдзельнікамі сталі 90 чалавек з усіх куткоў краіны. Гэта студэнты, прадстаўнікі працоўных калектываў, IT- і блогасферы, маладзёжных грамадскіх і спартыўных аб’яднанняў, парламентарыі і валанцёры. Сярод пасажыраў маладзёжнага цягніка — 10 прадстаўнікоў Гомельскай вобласці.

Цягнік “#Беларусь. Моладзь. Натхненне” — праект Міністэрства адукацыі, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Беларускай чыгункі. Поезд праходзіць па маршруце Віцебск — Шклоў — Магілёў — Гомель — Пінск — Брэст — Гродна — Маладзечна — Мінск. Сярод задач Рэспубліканскага мала­дзёжнага праекта “#Беларусь. Моладзь. Натхненне” — садзейнічанне развіццю і рэалізацыі грамадска-значных ініцыятыў, папулярызацыя маладзёжнага руху краіны, аб’яднанне намаганняў моладзі для ажыццяўлення сацыяльна значнай дзейнасці, а таксама падтрымка таленавітай і адоранай моладзі. Бавіць час пры пераездзе ад аб’екта да аб’екта маладым людзям дапамагае гульня “Азбука грамадзяніна”, якая распрацавана ў Гомельскай вобласці.

На чыгуначны вакзал Гомеля ўнікальны маладзёжны цягнік прыбыў пад гукі аркестра. Важным пунктам праграмы на Гомельшчыне стала наведванне мемарыяльнага комплексу “Ала”, адкрытага сёлета ў Светлагорскім раёне. Гэтае месца аб’яднала трагедыю 12 Хатыняў. Пасажыры цягніка падчас флэш-мобу “Дзякуй за мір!” запусцілі ў неба галубоў.

Электрагазазваршчык Гомельскага завода ліцця і нармалей Іван Дусянок у сваім насычаным жыцці сумяшчае працу, сям’ю, валанцёрства і спорт. Ён імкнецца па максімуме рабіць тое, за што бярэцца. Добраахвотніцкі атрад “Сёмае неба”, якім кіруе малады чалавек, прызнаны лепшым у краіне. А сам Іван Дусянок быў узнагароджаны абласной прэміяй “Чалавек года” ў намінацыі “Лідар” за грамадскую дзейнасць. Малады чалавек гаворыць, што яму вельмі цікава падарожнічаць па Беларусі:

— У нашай вандроўцы многа таленавітых людзей — кожны ў сваім кірунку. І кожны для сябе штосьці каштоўнае возьме і потым будзе дзяліцца гэтым досведам са сваімі сябрамі.

На Гомельшчыне маладыя людзі пабывалі і на адным з вытворчых тытанаў краіны — ААТ “Беларускі металургічны завод — кіруючая кампанія холдынгу “БМК” у Жлобіне.

У грамадска-культурным цэнтры горада над Сожам прайшла сустрэча з кіраўніцтвам Гомельскай вобласці ў фармаце адкрытага дыялогу “Беларусь: учора, сёння, заўтра”. Намеснік старшыні абл­выканкама Уладзімір Прывалаў расказаў пра дасягненні Гомельшчыны. Напрыклад, на працягу трох гадоў навучэнцы рэгіёна лідзіруюць па выніках цэнтралізаванага тэсціравання. У вобласці актыўна развіваюць спорт, выхоўваюць алімпійскіх чэмпіёнаў. За апошні час адкрыты футбольны манеж, лыжаролерная траса, у раённых цэнтрах з’явіліся футбольныя палі з новым пакрыццём.

Валейбаліст Ягор Скуратовіч вучыцца ў Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце. Ён прадстаўляе Брэстчыну. Малады чалавек — актыўны ўдзельнік атрада па ахове правапарадку:

— Уражанні ў мяне вельмі яркія. Кожны дзень — новы горад, новыя эмоцыі, новыя месцы, новыя знаёмствы. Мы наведваем вельмі шмат розных арт-аб’ектаў, мемарыяльных комплексаў. Цікава усё!

Падчас адкрытага дыялогу ў­дзельнікі абмеркавалі службу ў арміі, славутасці Беларусі, экалогію, пытанні захавання здароўя, патрыятызму, будучыні краіны. Моладзь лічыць, што любіць трэба кожны куток Беларусі, малую ра­дзіму, бацькоў, родную мову, спорт, усіх беларусаў, бо мы добры і шчыры народ. У завяршэнне сустрэчы госці падзякавалі за цёплы і ветлівы прыём.

Маладыя людзі наведалі жамчужыну рэгіёна — Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, прайшліся па самай вялікай вышыванцы вобласці — тратуары з нацыянальным арнаментам на набярэжнай ракі Сож.

Маладзёжнае свята “Жыві ярка!” прайшло на набярэжнай Сожа і сабрала самую актыўную моладзь Гомеля. Усіх, хто прыйшоў да скульптурнай кампазіцыі “Лодачнік”, чакала канцэртная праграма “Энергія маладосці”. А на “Тэрыторыі тваіх магчымасцей” можна было паўдзельнічаць у майстар-класах па лепцы з салёнага цеста, аквагрыме і бодзі-арце, па акцёрскім майстэрстве і пантаміме, навучыцца ратаванню тапельцаў і аказанню першай медыцын­скай дапамогі.

На набярэжнай была арганізавана выстава дэкаратыўна-прыкладной і мастацкай творчасці “Маладзёжны арт-стайл”. Асобная лакацыя была адведзена пад майстар-клас па сучасным танцы Danceforlife. Пляцоўка інтэрактыву таксама сабрала шмат людзей, там маладыя людзі маглі пагуляць у твістар, джэнгу і разнастайныя спартыўныя гульні.

З сабой удзельнікі праекта вязуць рэспубліканскае палатно “Беларусь памятае!” з імёнамі 482 Герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы — выхадцаў з Беларусі. Палатно праедзе па ўсіх рэгіёнах і пасля будзе перададзена ў Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.