Моладзь, навука, інавацыі…

У ходзе двухдзённай рабочай паездкі ў Пінск міністр адукацыі Беларусі І.В.Карпенка наведаў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, дзе сустрэўся з членамі Савета маладых вучоных пры галіновым міністэрстве і студэнцкім актывам ПалесДУ, азнаёміўся з дзейнасцю ТАА “Тэхнапарк “Палессе”, а таксама ўручыў пінскім школьнікам пашпарты грамадзян Беларусі і падарункавае выданне “Я — грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. 

— Ва ўсе часы моладзь з’яўлялася рухавіком прагрэсу, найбольш актыўнай і ініцыятыўнай часткай грамадства, — адзначыў І.В.Карпенка. — Тэхналагічныя прарывы ў розных галінах ведаў, якія тычацца штучнага інтэлекту, робатызацыі, інфармацыйных, нана- і біятэхналогій, мяняюць чалавека і грамадства, ствараюць новыя выклікі і новыя магчымасці. Сучасная моладзь валодае вялікім патэнцыялам. Яна мабільная, здольная генерыраваць новыя ідэі, знаходзіць нестандартныя вырашэнні праблем, працаваць у дынамічным і зменлівым асяроддзі. Менавіта таму бягучыя змены павінны адбывацца пры непасрэдным удзеле моладзі.

Штогод у рамках Дня беларускай навукі Міністэрства адукацыі праводзіць сустрэчы з прадстаўнікамі ўніверсітэцкай навуковай моладзі, каб абмеркаваць актуальныя пытанні, якія яе хвалююць. Сёлета было прынята рашэнне аб стварэнні пры міністэрстве Савета маладых вучоных, куды ўвойдуць прадстаўнікі навукі ва ўзросце да 35 гадоў. Сёння ва ўстановах вышэйшай адукацыі ўжо дзейніча­юць падобныя саветы. Рэспубліканскі савет павінен стаць пастаяннай пляцоўкай для актыўнага абмеркавання актуальных праблем. Асноўная мэта савета — генерацыя цікавых ідэй, якія можна ўвасобіць у тэхналагічныя рашэнні.

Па словах І.В.Карпенкі, у сучасных універсітэтах цесна інтэграваны адукацыя і навука, ажыццяўляецца якасная падрыхтоўка высокакваліфікаваных спецыялістаў і маладых навуковых кадраў. У 8 УВА краіны рэалізоўваецца эксперыментальны праект па ўкараненні мадэлі “Універсітэт 3.0”, паспяховае завяршэнне якога дазволіць стварыць інавацыйнае асяроддзе ва ўсіх установах вышэйшай адукацыі Беларусі.

— Для паспяховага вырашэння задач па інтэграцыі адукацыі і навукі, камерцыялізацыі вынікаў навуковай дзейнасці вельмі важна, каб моладзь актыўна ўдзельнічала ў рэалізацыі мадэлі “Універсітэт 3.0”, — заўважыў І.В.Карпенка. — Вашы ініцыятывы і прапановы павінны ўнесці значны ўклад у развіццё ўніверсітэцкага інавацыйнага асяроддзя. Калі студэнты далучаюцца да навукова-даследчай работы ў студэнцкіх навуковых падраздзяленнях і таварыствах, то магістранты і аспіранты ўжо робяць усвядомлены выбар у адносінах да навуковай дзейнасці. Для іх важна вырашыць пастаўленую навуковую задачу, рэалізаваць творчы патэнцыял шляхам абароны дысертацыі і атрымання ступені кандытата навук, павысіць кваліфікацыю, пашырыць кола зносін у інтэлектуальным асяроддзі. Маладыя вучоныя, атрымаўшы дыплом даследчыка, маюць уласныя меркаванні ў прафесійнай галіне, атрымліваюць задавальненне ад работы ў навуковай сферы. Разам з тым вельмі важна пры падрыхтоўцы дысертацыі падтрымаць цікавасць да навукі сярод маладых вучоных і педагогаў, дапамагчы ім завяршыць пачатую работу і абараніць яе, стварыць умовы для навуковай работы са студэнтамі і вучнямі. Моладзь павінна бачыць, дзе яе веды будуць запатрабаваны, у якіх галінах сусветная навука чакае вялікіх знаходак, адкрыццяў, вынаходстваў.

Вялікую ўвагу, на думку І.В.Карпенкі, трэба ўдзяляць папулярызацыі навуковых даследаванняў і распрацовак сярод школьнікаў. Павышэнне цікавасці да атрымання новых ведаў, тэхнікі і перадавых тэхналогій дазволіць вырасціць абітурыентаў з адказным стаўленнем да ўласнага прафесійнага развіцця, што палеп­шыць якасць вышэйшай адукацыі.

— Пры выпрацоўцы прапаноў Савету маладых вучоных варта звяртаць асаблівую ўвагу на павышэнне якасці навучання ў аспірантуры, — адзначыў І.В.Карпенка. — На жаль, толькі 9,5% мінулагодніх выпускнікоў аспірантуры завяршылі яе з абаронай дысертацыі. Неабходна выпрацаваць прапановы па павышэнні ўнутранай матывацыі саіскальнікаў вучонай ступені і ўдасканаленні ўмоў ва ўніверсітэтах для правядзення дысертацыйных даследаванняў. Акрамя таго, трэба ствараць новыя навукаёмістыя стартап-праекты. Штогод Міністэрства адукацыі право­дзіць конкурс праектаў навукова-даследчых работ дактарантаў, аспірантаў, саіскальнікаў і студэнтаў на атрыманне грантаў з рэспубліканскага бюджэту. Так, сёлета для грантавай падтрымкі 133 праектаў выдаткавана 500 тысяч рублёў.

Неабходна ўзмацніць практыка-арыентаванасць маладзёжных навуковых праектаў, забяспечыць падтрымку іх укаранення ў адпаведных галінах і рэгіёнах, асобных арганізацыях і прадпрыемствах. Застаецца актуальным пытанне давядзення такіх праектаў да камерцыйнай стадыі намаганнямі ўніверсітэтаў і іх выпускнікоў. У сувязі з гэтым трэба павялічыць колькасць работ, накіраваных на распрацоўку макетаў і эксперыментальных узораў новых відаў прадукцыі, падрыхтоўку бізнес-планаў стартап-праектаў.

— Варта ўкараняць новыя падыходы і практыкі па папулярызацыі навукі сярод дзяцей, далучэнні навучэнскай моладзі да навуковай і інавацыйнай дзейнасці, — лічыц­ь І.В.Карпенка. — Сёння наша краі­на мае патрэбу ў інжынерах, вучо­ных і прадпрымальніках-інаватарах, чыя дзейнасць забяспечыць рост ВУП, павысіць дабрабыт грама­дзян, канкурэнтаздольнасць Беларусі на сусветным рынку. Установы вышэйшай адукацыі здольны вырашыць гэтую задачу ў рамках мадэлі “Універсітэт 3.0”. Але для гэтага патрабуюцца новыя інструменты ў рабоце з дзецьмі і моладдзю. Вопыт навуковай дзейнасці членаў Савета маладых вучоных можа стац­ь прыкладам для школьнікаў, якія толькі выбіраюць жыццёвы шлях, вызначаюцца з будучай прафесіяй. У наступным годзе запланавана адкрыццё дзіцячага тэхнапарка — пляцоўкі для работы з вучнямі, здольнымі да праектна-даследчай дзейнасці. Вызначаны 15 тэматычных напрамкаў, па якіх члены савета могуць рэалізаваць свой навукова-педагагічны патэнцыял. Важную ролю ў папулярызацыі навукі павінны адыграць рэгулярныя сустрэчы маладых вучоных са школьнікамі.

Па словах І.В.Карпенкі, работа ва ўніверсітэцкім асяроддзі з моладдзю патрабуе актывізацыі. Плануецца, што ў рэгіянальных УВА будуць праводзіцца выязныя пасяджэнні Савета маладых вучоных для знаёмства з навуковай і інавацыйнай інфраструктурай, абмену станоўчым вопытам работы.

Падчас установачнага пася­джэння Савета маладых вучоных абмяркоўваліся актуальныя пытанні, звязаныя са шляхамі прыцягнення моладзі ва ўніверсітэцкую навуку, павышэннем прэстыжу навуковай дзейнасці, праблемамі маладзёжных стартапаў і г.д. Старшынёй Савета маладых вучоных быў выбраны загадчык кафедры гандлёвага і рэкламнага абсталявання факультэта маркетынгу, менеджменту, прадпрымальніцтва БНТУ кандыдат тэхнічных навук А.І.Ермакоў.

На сустрэчы са студэнцкім актывам ПалесДУ міністру адукацыі расказалі пра арганізацыю студэнцкага самакіравання, валанцёрства і другаснай занятасці, рэалізацыю цікавых маладзёжных праектаў, дзейнасць пярвічнай арганізацыі БРСМ і пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі, работу маладзёжнага атрада аховы правапарадку “Бастыён”. На думку І.В.Карпенкі, роля маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў істотная, бо асоба чалавека фарміруецца ў сацыяльна значнай дзейнасці.

— У магістратуру і аспірантуру павінна ісці высокаматываваная моладзь з навуковым складам розуму, здольная прапанаваць цікавыя і актуальныя ідэі для рэальнага паляпшэння жыцця, — адзначыў І.В.Карпенка. — Прафарыента­цыяй моладзі трэба займацца не сістэме адукацыі, а работадаўцам, зацікаўленым у падрыхтоўцы спецыялістаў з канкрэтнымі прафесійнымі кампетэнцыямі. Недахопы ў праф­арыентацыйнай рабоце ёсць, але яны не сістэмныя. Задача школы — падрыхтаваць выпускніка, які стане дастойным грамадзянінам, сем’янінам і прафесіяналам. 

Міністр адукацыі азнаёміўся з дзейнасцю ТАА “Тэхнапарк “Палессе”, заснавальнікамі якога з’яўляюцца Беларускі інавацыйны фонд, профільныя ўпраўленні мясцовых органаў выканаўчай улады і ПалесДУ. Дырэктар тэхнапарка А.В.Козыр расказаў, што тэхнапарк займаецца інфармацыйным, навукова-тэхнічным і інавацыйным кансультаваннем. Сярод асноўных задач работы — прыцягненне рэзідэнтаў у галіне сельскай гаспадаркі і аграбіятэхналагічнай індустрыі, зацікаўленых у рэалізацыі інавацыйных праектаў, правядзенні арыгінальных (унікальных) даследаванняў і распрацовак. Вялікая ўвага ўдзяляецца падтрымцы стартап-праектаў, наладжванню ўзаемавыгадных сувязей з малымі і буйнымі прадпрыемствамі, камерцыялізацыі прыкладных навукова-даследчых работ.

У рамках Усебеларускай акцыі БРСМ “Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь” І.В.Карпенка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўручэння пашпартоў грамадзян Беларусі пінскім школьнікам. З рук міністра пашпарты атрымалі 14 юных грамадзян — выдатнікаў вучобы, удзельнікаў навукова-практычных канферэнцый, пераможцаў і прызёраў рэспубліканскіх спаборніцтваў, фестываляў, конкурсаў і прадметных алімпіяд, актывістаў дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў.

Па словах міністра, асабліва ганарова і сімвалічна атрымаць пашпарт у год 75-годдзя Вялікай Перамогі.

— Вельмі важна зберагчы сувязь пакаленняў, — падкрэсліў І.В.Карпенка. — Дзеці, унукі і праўнукі воінаў-пераможцаў павінны праз лёсы сваіх родных і блізкіх, якія адстаялі мір і свабоду, усвядоміць сябе часткай вялікай гісторыі роднай краіны, адчуць боль непапраўных страт і ацаніць вялікасць подзвігу савецкіх салдат. Толькі агульнымі намаганнямі можна захаваць і ўвекавечыць для нашчадкаў імя кожнага воіна і зберагчы гераічную спадчыну, частку генетычнага коду нашага народа. Упэўнены, кожны з вас выбера правільную дарогу і прынясе як мага больш карысці сваёй Айчыне.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара і Ірыны ДЗЕНІСОВІЧ.