Моладзь прапануе

- 10:30Адукацыйная прастора

Маладзёжныя лідары Віцебшчыны абмеркавалі з экспертамі праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Адкрыты дыялог “Сіла закона” адбыўся ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П.М.Машэрава і аб’яднаў каля 70 удзельнікаў — лідараў тэрытарыяльных арганізацый БРСМ, байцоў студэнцкіх атрадаў, актывістаў Саюза моладзі прадпрыемстваў і арганізацый, несаюзнай моладзі.

— Прапанаваныя ў нашу Канстытуцыю праўкі сведчаць пра тое, што дзяржава ўдзя­ляе вялікую ўвагу маладзёжнай палітыцы, — адзначыў  першы сакратар Віцебскага абкама БРСМ Уладзімір Бабічаў. — Менавіта нам давядзецца працягваць будаваць моцную і незалежную Беларусь. Адкрыты дыя­лог уяўляе сабой выдатную пляцоўку для зносін моладзі рэгіёна і ўнікальную магчымасць задаць свае пытанні запрошаным экспертам.

Сярод іх былі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Максім Рыжанкоў, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў, дырэктар Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Вадзім Іпатаў, кіраўніцтва горада і рэгіянальных устаноў вышэйшай адукацыі. Размова атрымалася шматпланавая, змястоўная і вельмі шчырая. Моцны эмацыя­нальны водгук у маладзёжнай аўдыторыі выклікала абмеркаванне артыкулаў 18 і 54 Асноўнага закона. Як расказаў лідар БРСМ, такая ярка выяўленая зацікаўленасць назіраецца зараз на дыялогавых пляцоўках па ўсёй Беларусі. Моладзь практычна адзінагалосна падтрымлівае шэраг прапанаваных змяненняў, асабліва тыя, што закранаюць аспекты захавання гістарычнай памяці.

— Могуць быць рознымі палітычныя погляды, але каркас гістарычнай памяці павінен быць непарушным! — падкрэсліў Максім Рыжанкоў.

На працягу студзеня — лютага ў рамках праекта БРСМ толькі на Віцебшчыне запланавана больш за 400 адкрытых дыялогаў. Акрамя таго, абласная арганізацыя БРСМ плануе рэалізаваць шэраг ініцыятыў, накіраваных на растлумачэнне праекта Канстытуцыі і павышэнне электаральнай актыўнасці моладзі. У ліку прапаноў — настольны інтэр­актыў “Наш закон”, маладзёжныя дэбаты “Будучыня за намі”, медыя­праект #PRO_закон, квест-гульня “Канстытуцыя — Асноўны закон дзяржавы”.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена https://vsu.by/ .