Моладзь — рухавік прагрэсу

- 14:11Навіны рэгіёнаў

Адкрыты дыялог “Разам мы Беларусь!” аб’яднаў у Магілёве актыўную і таленавітую моладзь рэгіёна. Удзел у гутарцы прынялі каля шасцідзесяці юнакоў і дзяўчат, а таксама члены Савета Рэспублікі і Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі мясцовай выканаўчай улады, грамадскіх аб’яднанняў, члены маладзёжнага парламента пры Магілёўскім абласным Савеце дэпутатаў.

Як не раз было адзначана на мерапрыемстве, магілёўская моладзь ініцыятыўная і ніколі не застаецца ўбаку ад важных грамадскіх падзей. Тысячы юнакоў і дзяўчат займаюцца вырашэннем сацыяльных праблем, рэалізуюць свой творчы патэнцыял, бескарысліва дапамага­юць людзям. Але галоўнае — моладзь жыве сваім розумам, працай і добрымі справамі, робячы родны край ярчэйшым і прыгажэйшым.

— Беларуская моладзь вельмі канструктыўная. Не словам, а справай яна імкнецца да таго, каб краіна дынамічна развівалася. Наша моладзь адзі­ная. Яна адзіная ў разуменні і дачыненні да нашага гераічнага мінулага, стабільнага цяперашняга і светлай будучыні, — заўважыў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Сяргей Сыранкоў.

Падчас дыялогу яго ўдзельнікі дэта­лёва абмеркавалі тэмы, якія тычацца ўзаемадзеяння дзяржавы і моладзі, магчымасцей рэалізацыі маладзёжных праектаў, ідэй і ініцыятыў, развіцця беларускага спорту, арганізацыі дзейнасці маладзёжных парламентаў.

Як адзначыў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу першы сакратар Цэнтральнага камітэта БРСМ Дзмітрый Варанюк, моладзь — рухавік прагрэсу, яна асабліва адчувае рытм, пульс жыцця і таму павінна быць наперадзе.

— Задача моладзі сёння — праявіць ініцыятыўнасць, актыўную грамадзянскую пазіцыю. Важна быць сумленнымі перад сабой і заставацца патрыётамі. Усім разам працаваць на карысць роднай Беларусі, — падкрэсліў Дзмітрый Сяргеевіч.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.