Моладзь, вам слова!

Нацыянальны план дзеянняў па развіцці зялёнай эканомікі на наступныя 5 гадоў мае важнае значэнне для кожнага беларуса. Таму магчымасць яго абмеркаваць і ўдасканаліць павінны мець не толькі дарослыя, але і школьнікі, студэнты. Гэта і стала мэтай Рэспубліканскага маладзёжнага форуму “Зялёная эканоміка — паспяховая будучыня”.

Па зялёных рэльсах

Мерапрыемства на два дні аб’яднала ў Рэспубліканскім цэнтры экалогіі і края-знаўства навучэнцаў і педагогаў “зялёных школ” з усіх рэгіёнаў краіны, мала-дзёжных паслоў Мэт устойлівага развіцця, членаў маладзёжных парламентаў і саветаў. Яны прынялі ўдзел у рабоце дыялогавых пляцовак па прыя-рытэтных кірунках праекта Нацыянальнага плана дзеянняў па развіцці зялёнай эканомікі на 2021—2025 гады і ў панэльных дыскусіях “Голас мола-дзі для зялёнай будучыні”. А папярэднічала гэтаму пленарнае пасяджэнне “Зялёная эканоміка — вектар поспеху”, да юных удзель-нікаў якога далучыліся прадстаўнікі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспуб-лікі Беларусь, Міністэрства адукацыі Рэспуб-лікі Беларусь, ЮНІСЕФ, ПРААН і інш. Мадэратарамі форуму выступілі маладзёжныя паслы МУР Стэфанія-Віталія Віннічак і Яраслаў Аляксееў.

“Менавіта маладыя людзі будуць вызначаць будучыню нашай краіны, таму для нас, старэйшага пакалення, так важна, каб сучасная беларуская моладзь стала прыхільніцай асноўных прынцыпаў устойлівага развіцця, — адзначыў, адкрываючы форум, намеснік старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця Анатоль Ісачанка. — Зялёная эканоміка з’яўляецца адным з прыярытэтных кірункаў развіцця многіх дзяржаў у свеце. У Беларусі гэтаму пытанню таксама ўдзяляецца значная ўвага, яркім пацвярджэннем чаго з’яўляецца наяўнасць школ з “зялёным ухілам”. Аднак да пытання захавання экалогіі Беларусі мы павінны падысці больш глабальна, змяніць свой вобраз мыслення, калі хочам мець чыстую краіну, дыхаць чыстым паветрам. І ў гэтым працэсе важную ролю іграеце менавіта вы, моладзь”.

Аляксандр Кадлубай, намеснік мі-ністра адукацыі, таксама не бачыць будучыні краіны без уключэння ў яе развіццё моладзі: “Усё больш краін бяруць пры-цэл на “азеляненне” сваіх эканомік, разумеючы, што ўстойлівае развіццё любой дзяржавы немагчыма без пераходу эканомікі на зялёныя рэльсы. Не выключэнне і наша краіна. І прымаючы пад увагу той факт, што пераход да зялёнай эканомікі закране непасрэдна падрастаючае пакаленне, важна трансліраваць ідэі сённяшняга форуму сярод дзяцей, пачынаючы не толькі са школ, а яшчэ з дашкольных устаноў”.

Таня Радачай, прадстаўнік Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі:

“Тыя праблемы, якія нам належыць вырашыць, узніклі не знянацку. Чалавецтва на працягу ўсёй сваёй гісторыі ўплывала на планету і мяняла яе. Але хуткасць гэтага ўплыву была рознай. А апошнія 2 стагоддзі яна павялічылася, і мы пачынаем проста руйнаваць нашу планету. Мы, як страусы, хавалі галаву ў пясок, стараючыся не зважаць на гэтае разбуральнае ўздзеянне, бо хацелі паскараць сваё развіццё. Цяпер жа свет прыйшоў да высновы, што не будзе развіцця, калі гэтае развіццё не будзе ўстойлівым. Вось чаму ўвесь свет, аб’яднаўшыся, прыняў парадак дня ў галіне ўстойлівага развіцця. Шукаць спосабы вырашыць гэтыя праблемы трэба тэрмінова. І хоць не вы, моладзь, стваралі гэтыя праблемы, усё ж вырашаць іх належыць вам, сучасным маладым людзям — з сучасным мысленнем і сучаснымі спосабамі. А ЮНІСЕФ вас у гэтым падтрымае”.

Цэнтральным на пасяджэнні было выступленне Таццяны Кананчук, начальніка галоўнага ўпраўлення экалагічнай палітыкі, міжнароднага супрацоўніцтва і навукі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Яна прадставіла прысутным Нацыянальны план дзеянняў па развіцці зялёнай эканомікі на 2021—2025 гады, расказала пра прынцыпы зялёнай эканомікі, адпаведныя дзяржаўныя праграмы, пра канкрэтныя намаганні і поспехі прадпрыемстваў Беларусі.

Так, яна адзначыла, што сёння актыўна прадаўжаецца жыццё рэчаў праз пашырэнне сеткі майстэрняў па рамонце абсталявання, тэхнікі. Набірае папулярнасць і шэрынгавая эканоміка — арэнда транспарту ад веласіпедаў і самакатаў да аўтамабіляў. Выступоўца ўпэўнена, што ўсё гэта мяняе нашы адносіны, выпрацоўвае ў нас адказнае спажыванне і спрыяе пераходу да “цыркулярнай эканомікі”, якая якраз і прадугледжвае паўторнае выкарыстанне рэсурсаў. Праектам запланавана да 2025 года ўвесці ў працэс рэцыклінгу 65% адходаў. Не так даўно ў Беларусі быў укаранёны і асобны збор пратэрмінаваных лекаў.

Таццяна Пятроўна закранула і пытанні вытворчасці арганічнай прадукцыі, яе сертыфікацыі, а таксама планы па яе павелічэнні. Яна расказала пра перспектывы будаўніцтва разумных гарадоў з энергаэфектыўнымі будынкамі, выкарыстаннем аднаўляльнай энергіі, развіццём інфраструктуры для язды на самакатах і веласіпедах, павелічэннем на вуліцах нашых гарадоў электратранспарту і зарадных станцый для іх, прычым з павышанай электрамагутнасцю (плануецца, што будуць такія зарадныя станцыі, якія пасля 10-мінутнай зарадкі дазволяць аўтамабілю праехаць мінімум 300 км). Выступоўца звярнула ўвагу і на планы па захаванні біяразнастайнасці, павелічэнні асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, па далейшым развіцці экатурызму і стварэнні ў парках, запаведніках, заказніках інфраструктуры.

Таццяна Кананчук заклікала школьнікаў і студэнтаў прааналізаваць гэты план на працягу форуму і выказаць свае прапановы па яго ўдасканаленні. Якраз гэтым і заняліся маладыя людзі на дыялогавых пляцоўках. Іх вынікі яны прадставілі на панэльнай дыскусіі “Голас моладзі для зялёнай будучыні”, падчас якой удзельнікі форуму абаранялі свае праекты па прыярытэтных кірунках праекта Нацыянальнага плана дзеянняў па развіцці зялёнай эканомікі.

Нашы прапановы

У секцыі “Цыркулярная эканоміка” ўдзель-нікі прыйшлі да высновы, што ў цяперашні час нашай дзяржавай у большасці сваёй вядзецца лінейная эканоміка, а каб зрабіць яе замкнёнай, важна многае змяніць. Маладыя людзі абазначылі некалькі галоўных умоў для гэтага. Сярод іх — замена старога абсталявання на прадпрыемствах на сучаснае, другое жыццё рэчаў і безадходная вытворчасць.

Лозунгам секцыі “Арганічная сельская гаспадарка” стала фраза “Больш экалогіі, менш хіміі”. Была агучана мара папулярызаваць біялагічныя сродкі аховы раслін і паменшыць іх спектр, зрабіць менш даступнымі хімічныя сінтэзаваныя пестыцыды. Удзельнікі падзяліліся вынікамі ўласных даследаванняў, якія пацвярджаюць перавагі біялагічных сродкаў аховы раслін у параўнанні з хімічнымі. “Кожны з нас можа зрабіць уклад у гэтую справу, проста расказаўшы родным, сябрам, знаёмым пра самыя дзейсныя экасродкі. Я ж у сваю чаргу перадам штамы сваёй рабочай калекцыі бактэрый-антаганістаў у розныя лабараторыі, якія змогуць выкарыстаць мае матэрыялы і на іх аснове стварыць які-небудзь біялагічны прэпарат”, — сказала навучэнка РЦЭіК Дар’я Вярыга.

Дыялогавая пляцоўка “Разумныя і энергаэфектыўныя гарады” аб’яднала падлеткаў з самых розных населеных пунктаў Беларусі, і за два дні яны паспелі ста ць адной камандай і распраца-ваць ідэі некалькіх праектаў. А каб гэтыя ідэі можна было рэалізаваць, хлопцы і дзяўчаты вырашылі стварыць у сетцы агульны чат сваёй дыялогавай пляцоўкі і там працягнуць абмеркаванне рэалізацыі гэтых і іншых праектаў, што ў сваю чаргу дапаможа паскорыць з’яўленне ў Беларусі разумных гарадоў. Адна з галоўных ідэй іх праектаў — “Разумны горад = разумная школа”, а першай прыступкай да поспеху яны лі-чаць стварэнне на сайтах школ калонкі “Зялёная эканоміка”, дзе будуць публікавацца ўсе іх сумесныя ініцыятывы. Там жа яны прапануюць аб’явіць і курыраваць конкурс для школьнікаў і грамадскасці “Вертыкальнае азеляненне дамоў і школ”. “Такая ініцыятыва дапамагла б азеляняць гарады, ачышчаць паветра ў іх і ў выніку паляпшаць наша здароўе. Плануем дзяліцца лепшымі кейсамі на рэспубліканскім і міжнародным ўзроні, бо калі ўсяго адзін горад імкнецца быць “разумным”, эфекту для экалогіі бу-дзе мала. Важна пашыраць экаініцыятывы тэрытарыяльна”, — адзначылі аўтары.

Удзельнікі секцыі “Электратранспарт і гарадская мабільнасць” прапанавалі павялічыць колькасць веладарожак у рэгіёнах; абазначаць дарожкі для веласіпедыстаў і пешаходаў не толькі разметкай, але і знакамі; пашырыць сетку велагаражоў, прычым не толькі ў Мінску, але і ў рэгіёнах; распрацаваць і рэалізаваць праект “Велашкола”, дзе можна было б навучыцца яздзе і элементарнаму рамонту свайго веласіпеда.

Удзельнікі секцыі “Біялагічная разнастайнасць” прапанавалі свае рашэнні, як прадухіліць занясенне жывёл і раслін у Чырвоную кнігу. У прыватнасці, яны лічаць важным пашырыць пашпартызацыю відаў раслін і жывёл і кантроль над распаўсюджваннем іх інвазійных відаў.

Агульнай жа высновай удзельнікаў форуму стала тое, што змяненне ладу жыцця адным чалавекам можа здацца неістотным для экалогіі ў цэлым, але ж калі яго падтрымае шмат аднадумцаў — эфект будзе відавочны. Менавіта гэта, лічаць яны, і павінна стаць асновай Нацыянальнага плана.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота прадастаўлена РЦЭіК.