Моладзь Віцебшчыны — ветэранам і пажылым людзям

Валанцёры БРСМ у рамках акцыі “Мы выбіраем дапамогу пажылым людзям” правялі Тыдзень дабра. Маладзёжная ініцыятыва нацэлена на прыцягненне ўвагі юнакоў і дзяўчат да праблем пажылых людзей.

—Д обраахвотная бескарыс­лівая дапамога тым, хто мае ў ёй вострую неабходнасць, — вельмі важны і каштоўны вопыт для кожнага чалавека, а ва ўзросце станаўлення асобы — найважнейшы і найкаштоўнейшы, — падкрэс­ліла галоўны спецыяліст Віцебскага абласнога камітэта БРСМ Яўгенія Вайцянок. — Валанцёрская дзей­насць дазваляе моладзі ўбачыць розныя бакі жыцця, развівае камунікатыўныя і лідарскія якасці, вучыць не заставацца абыякавымі да патрэб людзей, арганізоўваць сацыяльна значныя калектыўныя справы, дапамагаць, не падразумяваючы наступнае матэрыяльнае ўзнагароджанне, а па поклічы душы, і атрымліваць ад гэтага велізарнае маральнае задавальненне. Менавіта такія ініцыятывы развівае інстытут валанцёрства ў нашай краіне.

Атрады БРСМ “Доб­рае сэрца” прыйшлі на дапамогу пажылым лю­дзям, якія адзінока пражываюць. У першую чаргу была арганізавана дапамога ветэранам і ­ўдзельнікам Вялікай ­Айчыннай вайны, малалетнім вязням фашызму, з якімі тэрытарыяльныя арганізацыі БРСМ падтрымліваюць пастаянную сувязь. Напрыклад, у Віцебску валанцёры доб­раўпарадкавалі клумбу і пасадзілі яблыні па просьбе Барыса Іванавіча Самойлава, у Глыбокім — усталявалі арэлі, абкасілі траву на прыдамавой тэрыторыі, прапалолі садовы ўчастак Зінаіды Іванаўны Зайкоўскай, у аграгарадку Альгова Віцебскага раёна — ускапалі агарод, добраўпарадкавалі прысядзібны ўчастак і прыдамавую тэрыторыю Мікалая Сяргеевіча Іванова. На працягу тыдня дзейнічала спецыяльная гарачая тэлефонная лінія, многія пажылыя лю­дзі перадавалі свае просьбы праз суседзяў, знаёмых, з дапамогай інтэрнэту. Акцыя прайшла ва ўсіх гарадах і раёнах Паўночнага рэгіёна.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Віцебскім абласным камітэтам ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”.