Моладзь выбірае ТЭМП

Усе новыя маладзёжныя праекты і ініцыятывы, якія накіраваны на вырашэнне сацыяльных праблем, заўжды выклікаюць цікавасць. Але для іх рэалізацыі, і гэта зразумела, неабходна добрая пляцоўка.

З 26 па 30 чэрвеня ў краіне праходзіць Міжнародны маладзёжны прафсаюзны адукацыйны форум “Тэмп- 2018”. А гэта значыць, што ў ініцыятыўнай моладзі ёсць не толькі выдатны шанс паказаць сябе, расказаць аб сваіх ідэях, але і цудоўная магчымасць завесці новыя знаёмствы і тым самым пашырыць межы для рэалізацыі сацыяльна значных планаў.

Удзельнікі “Тэмпу-2018” — маладыя людзі да 35 гадоў, прафсаюзныя актывісты. Штогод да ўдзелу ў “Тэмпе” запрашаюцца і замежныя госці. Сёлета ў Беларусь прыехалі 100 прафсаюзных актывістаў з 15 краін, сярод якіх Кіпр, Егіпет, Грузія, Латвія, Малдова, Расія, В’етнам і інш.

— Сёння форум — гэта ўнікальная школа лідарства, навучання, далучэння моладзі да асэнсавання і вырашэння глабальных пытанняў, — адзначыў падчас адкрыцця мерапрыемства старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. — З 2015 года ўдзельнікамі форуму сталі больш за 1000 чалавек з розных краін. “Тэмп” стаў адной з самых маштабных і эфектыўных міжнародных пляцовак для зносін і адукацыі прафсаюзнай моладзі. Усе мерапрыемствы, якія прапануюцца ўдзельнікам, не проста даюць нейкую новую інфармацыю, а і вучаць глыбока бачыць праблемы, знаходзіць нестандартныя шляхі іх вырашэння і, самае галоўнае, — вучаць браць адказнасць за сваё жыццё і жыццё свайго калектыву. Гэта вельмі каштоўныя якасці, якія трэба выхоўваць у кожнага маладога чалавека, і тым больш — у прафсаюзнага лідара. Дарэчы, мы бачым, што гэтая пляцоўка вельмі карысная для ўсіх яе ўдзельнікаў. Таму што ў многіх краінах пытанні і праблемы, якія хвалююць маладых людзей, падобныя. Гэта, напрыклад, працаўладкаванне ці такія важныя пытанні, як адаптацыя на першым рабочым месцы, прафесійны рост, пабудова кар’еры. І ў кожнага ўдзельніка форуму ёсць пэўны вопыт вырашэння гэтых пытанняў, карысны іншым. Менавіта гэтым, на наш погляд, і тлумачыцца запатрабаванасць мерапрыемства як сярод прафсаюзнай моладзі нашай краіны, так і замежных гасцей.

Нашу краіну на форуме прадстаўляюць 100 актывістаў ад усіх галіновых прафсаюзаў. Дарэчы, больш за ўсё заявак было пададзена прафсаюзам работнікаў адукацыі і навукі.

— Сёлета “Тэмп” праводзіцца 4-ы раз, — расказвае начальнік упраўлення па распрацоўцы і рэалізацыі спецыяльных праектаў галоўнага ўпраўлення па культуры і грамадскай рабоце апарата Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Сяргей Камадзей. — Прыемна, што і сёння да нас прыехалі актывісты з тых краін, якія прымалі ўдзел у папярэдніх “Тэмпах”. Упершыню раскажуць пра свой вопыт прадстаўнікі Сербіі.

Як заўважыў Сяргей Камадзей, удзельнікі форуму — гэта тыя актывісты, якія сумяшчаюць прафсаюзную работу з асноўнай, а таксама кіраўнікі пярвічных прафсаюзных арганізацый.

Штогод праграма вельмі насычаная. Сёлета падчас планавання мерапрыемстваў арганізатары ўлічылі важную акалічнасць — прысвяцілі форум тэме малой радзімы. Каб пазнаёміць гасцей “Тэмпу” з тымі раённымі гарадамі, якія з’яўляюцца гонарам краіны, запланаваны паездкі на буйныя прад-прыемствы.

— Асаблівасцю правядзення сённяшняга форуму стала рэгіянальная праграма, — тлумачыць Сяргей Камадзей. — Удзельнікі фестывалю былі падзелены на групы, кожная з якіх наведала некалькі рэгіёнаў краіны. Камусьці выпала магчымасць з’ездзіць на “Белшыну” ў Бабруйск, адна з груп паглядзела на вытворчасць беларуска-кітайскіх аўтамабіляў на заводзе “БелДжы”. Акрамя гэтага, замежныя госці пабывалі і на металургічным заводзе ў Жлобіне, у Оршы на ільнокамбінаце, у Рагачове на малочным заводзе. Яшчэ мы наведалі ветрапарк у Наваполацку, першую і пакуль што адзіную ў краіне ферму, дзе вырошчваюць смаўжоў.

Правядзенне такіх мерапрыемстваў — гэта цудоўная магчымасць абмяняцца перадавым вопытам. Сёлета шмат увагі ўдзялялася пытанням зялёнай эканомікі, зялёным рабочым месцам. Абмяркоўвалася, якія метады і тэхналогіі можна ўкараніць на кожным з прадпрыемстваў для таго, каб зменшыць колькасць шкодных выкідаў у атмасферу. Падчас наведвання прамысловых прадпрыемстваў маладым людзям расказалі аб умовах працы, льготах і гарантыях для маладых спецыялістаў, сістэме настаўніцтва і аб тым, якім чынам у краіне адбываецца пастаяннае павышэнне кваліфікацыі маладых спецыялістаў. Безумоўна, пра дзейнасць пярвічных прафсаюзных арганізацый таксама вялося шмат размоў. Не сакрэт, што на прадпрыемствах, дзе ўзровень заработнай платы не вельмі вялікі, назіраецца цякучка кадраў. Таму адным з важных пытанняў работы прафсаюза з’яўляецца распрацоўка метадаў замацавання маладых спецыялістаў на першых рабочых месцах. Пра тое, якім чынам гэтага можна дасягнуць, вяліся размовы падчас тэматычных круглых сталоў.

Асобным і важным пунктам у спісе абавязковых мерапрыемстваў форуму з’яўляецца правядзенне трэнінгаў, накіраваных на выяўленне ў моладзі лідарскіх якасцей. Аратарскае майстэрства, самапрэзентацыя, тайм-менеджмент — усяму гэтаму маладых людзей вучыў “Тэмп-2018”.

— Трэнінгі ад маладзёжнага прафсаюзнага актыву праводзілі члены маладзёжнага савета ФПБ, — тлумачыць Сяргей Камадзей. — Першы блок трэнінгаў быў накіраваны на развіццё смарт-кантрактаў у дзейнасці прафсаюзаў. Сёння яны яшчэ не выкарыстоўваюцца пярвічнымі арганізацыямі, але кірунак вельмі перспектыўны, а значыць, яго патрэбна вывучаць і развіваць. Яшчэ адзін блок трэнінгаў быў прысвечаны медыяцыі. Зразумела, што ўсе мерапрыемствы распрацаваны для працуючай моладзі, а іх галоўная мэта — фарміраванне кадравага рэзерву і прафсаюзаў.

Пераняць вопыт і падзяліцца сваім

Штогод арганізатары “Тэмпу” імкнуцца знайсці новыя метады ўзаемадзеяння з актыўнай моладдзю. Свае таленты, арганізатарскія здольнасці лідары пярвічных арганізацый найбольш поўна раскрываюць падчас правядзення дзелавых гульняў. У першую чаргу мэта такіх мерапрыемстваў — адукацыйная.

— “Тэмп” — гэта цудоўная магчымасць пабудаваць міжнародныя прафсаюзныя сувязі і, безумоўна, абмяняцца вопытам, — расказалі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. — Актуальнымі з’яўляюцца пытанні працаўладкавання моладзі. У кожнай краіне для іх вырашэння распрацавана свая сістэма. Падчас правядзення форуму калегі з розных краін дзеляцца вопытам. Безумоўна, немагчыма поўнасцю пераняць веды і магчымасці замежных калег. Але можна ўзяць нешта, што рэальна рэалізаваць у сваёй сістэме. Дарэчы, наша краіна таксама можа падзяліцца пэўным вопытам, напрыклад, па пытаннях размеркавання: сістэма размеркавання, як у нас, больш ні ў каго не замацавана. Замежныя калегі часта расказваюць пра стажыроўкі, але ніяк не пра прадастаўленне першага рабочага месца. Наконт размеркавання ў моладзі існуюць розныя думкі. Але менавіта яно дае гарантыі таго, што ў выпускнікоў універсітэтаў будзе першае рабочае месца, а значыць, і вопыт, без якога на іншую работу не ўладкуешся. За 1—2 гады працы, калі ў маладога спецыяліста будзе жаданне рухацца ўверх па кар’ернай лесвіцы, можна шмат чаму навучыцца. У Еўропе пытанні працаўладкавання моладзі — гэта вялікая праблема. У некаторых краінах да 40% маладых людзей не могуць знайсці першае рабочае месца. Чаму? Таму што ўсім патрэбны спецыялісты з вопытам, а дзе ўзяць гэты вопыт, калі працадаўцы з маладымі спецыялістамі не хочуць заключаць кантракт? Таму вельмі важна гаварыць аб практыцы прадастаўлення першага рабочага месца. Што тычыцца нашай краіны, мы можам пераняць вопыт стажыровак, сістэму перападрыхтоўкі кадраў ці павышэння кваліфікацыі.

Шмат часу на сёлетнім форуме ўдзялялася пытанням рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, падтрымцы моладзі ў працоўных калектывах. Безумоўна, важным складнікам у працаўладкаванні маладых людзей з’яўляецца іх абарона праз калектыўны дагавор. Такія дакументы існуюць і афіцыйна зацверджаны па ўсім свеце. І, безумоўна, ва ўсіх краінах дагавор у адносінах да моладзі мае сваю асабістую напоўненасць.

— Калектыўны дагавор — гэта неабходны і карысны дакумент, — падкрэсліваюць у прэс-службе ФПБ. — У тых арганізацыях, дзе існуе прафсаюз, абавязкова павінен быць згаданы дакумент, які з’яўляецца лакальным нарматыўным прававым актам і нормы якога абавязкова павінны быць выкананы наймальнікам, таму яго і называюць мясцовай канстытуцыяй. Калектыўны дагавор пашырае і дапаўняе гарантыі, якія ёсць у работніка згодна з Працоўным кодэксам. Напрыклад, працаўнік можа звольніцца з працы да сканчэння тэрміну кантракта толькі ў пэўных выпадках, прапісаных у заканадаўстве. А ў калектыўным дагаворы спіс такіх прычын для датэрміновага звальнення можа быць значна пашыраны. Гэты дакумент зацвярджаецца і падпісваецца старшынёй пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі і непасрэдна кіраўніком арганізацыі. Важна, каб у калектыўным дагаворы былі асобныя палажэнні, накіраваныя на падтрымку маладых работнікаў. Зразумела, што ў маладых спецыялістаў узнікаюць праблемы і з жыллём, і з магчымымі стажыроўкамі, павышэннем кваліфікацыі і інш. Таму вельмі важна напоўніць мясцовую канстытуцыю дзейснымі і эфектыўнымі нормамі.

Такім чынам, пытанні сацыяльнай абароны моладзі былі і будуць адной з важных тэм міжнароднага форуму. Сістэма падтрымкі моладзі, калектыўны дагавор, льготы і гарантыі для маладых спецыялістаў — галоўныя, але не адзіныя праблемныя пытанні, спосаб вырашэння якіх шукалі на сёлетнім форуме.

Прадстаўнікі адукацыі — у лідарах

“Тэмп-2018” сабраў разам прадстаўнікоў усіх галіновых прафсаюзаў краіны, якіх у нас 18. Прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі на сёлетнім форуме прадстаўляюць 11 чалавек. Як расказаў галоўны спецыяліст па рабоце з моладдзю апарату ЦК беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Яўген Міхаловіч, сярод удзельнікаў “Тэмпу” не толькі актыўныя студэнты, але і настаўнікі, а таксама супрацоўнікі аддзелаў адукацыі.

— Усяго да ўдзелу ў “Тэмпе” ад галіновага прафсаюза было пададзена 70 заявак, — тлумачыць Яўген Міхаловіч. — І ў параўнанні з астатнімі галіновымі прафсаюзамі ў нас больш за ўсё ўдзельнікаў. Сёлета, дарэчы, жадаючыя рэгістраваліся самастойна праз інтэрнэт. У папярэднія гады сістэма падачы заявак на форум была іншай: інфармацыю аб удзельніках міжнароднага мерапрыемства збіралі раённыя камітэты, якія пасля перадавалі даныя ў вышэйшыя прафсаюзныя структуры. Цяпер жа рэгістрацыя свабодная, а значыць, прадстаўнікі адукацыі змаглі самастойна прэзентаваць сябе, свае ініцыятывы.

Як заўважыў спецыяліст, вельмі важна, каб на форум прыязджалі самыя актыўныя прадстаўнікі сістэмы адукацыі. Толькі ад іх зацікаўленасці ў новаўвядзеннях можна выйсці на новы ўзровень развіцця ў шматлікіх пытаннях.

Дарэчы, Яўген Міхаловіч, які сёння курыруе пытанні работы з моладдзю, пачынаў сваю прафесійную дзейнасць менавіта з “Тэмпу”. Прыкметна, што яшчэ падчас вучобы ў ГрДУ імя Янкі Купалы малады чалавек быў кіраўніком пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі студэнтаў.

— Я быў адным з удзельнікаў маладзёжнага савета і падчас вучобы ва ўніверсітэце арганізоўваў шматлікія мерапрыемствы як культурнага, так і спартыўнага кірунку. Калі ўпершыню трапіў на “Тэмп”, пазнаёміўся з расійскімі студэнтамі, лідарамі прафсаюзных студэнцкіх арганізацый. І яны мне падкінулі свежую ідэю. Такім чынам, у ГрДУ сёлета другі раз прайшоў баль для членаў пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі. Яго мы праводзілі ў гістарычным месцы, у Новым замку. Яшчэ з “Тэмпу” прывёз ідэю арганізацыі квеста, якая спадабалася не толькі студэнтам, але і выкладчыкам. Усе без выключэння заданні былі звязаны з вучобай, і каб выканаць іх, студэнтам патрабавалася ці рашыць задачу, ці правесці дослед па біялогіі і інш.

Акрамя арганізацыі вольнага часу студэнтаў, прафсаюзная пярвічка займаецца і вырашэннем важных сацыяльных пытанняў. Відавочна, што самай набалелай праблемай для студэнтаў з’яўляецца жыллёвае пытанне, прадастаўленне месцаў у інтэрнаце.

— У ГрДУ інтэрнат разлічаны на 1000 чалавек, у той час, калі патрэбу ў ім маюць 2000 студэнтаў, — расказвае Яўген Міхаловіч. — Для таго, каб вырашыць гэтую праблему, трэба ўсё дасканала прадумаць, разабрацца, хто са студэнтаў перш за ўсё мае патрэбу ў інтэрнаце. І на “Тэмпе” я заўжды абмяркоўваю гэтае пытанне, таму што менавіта прафсаюз павінен абараняць студэнтаў, прадстаўляць іх інтарэсы.

“Тэмп-2018” завершыцца ў суботу. Пасля падвядзення вынікаў форуму ўсе ўдзельнікі паедуць на адну са спартыўна-аздараўленчых баз, дзе будуць арганізаваны велапрабег і таварыскі матч па футболе. А роўна праз год актыўная і таленавітая моладзь зноў збярэцца разам. Новыя ідэі і назапашаны вопыт — цудоўная магчымасць, каб паспрабаваць вырашыць актуальныя сацыяльныя праблемы, да якіх нельга быць абыякавымі.

Наталля САХНО.
Фота прэс-службы ФПБ.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *