Моладзь — за бяспеку!

- 11:49Адукацыйная прастора

Да 12 кастрычніка ў Беларусі праходзіць акцыя “Моладзь — за бяспеку!”, якая прысвечана дню стварэння Беларускага маладзёжнага грамадскага аб’яднання ратавальнікаў-пажарных. У Гарадзечанскім дзіцячым садзе — сярэдняй школе Навагрудскага раёна налічваецца 7 навучэнцаў, якія маюць членскія білеты аб’яднання і прымаюць актыўны ўдзел у яго жыцці. І акцыя “Моладзь — за бяспеку!” не выключэнне.

У рамках першага этапу акцыі члены БМГА ратавальнікаў-пажарных разам з інспектарам прапаганды РАНС Наталляй Сяргееўнай Апалонік аказалі валанцёрскую дапамогу ветэранам педагагічнай дзейнасці Але Паўлаўне Сенькавец і Ноне Паўлаўне Пакідзька, якія жывуць у аграгарадку Гарадзечна. Навучэнцы дапамаглі выбраць моркву і буракі, сабраць фасолю, убраць старыя кветкі. Падчас работы Ала Паўлаўна і Нона Паўлаўна дзяліліся ўспамінамі аб яркіх момантах працоўнай дзейнасці, расказвалі пра сямейныя традыцыі, пра былых навучэнцаў, выказвалі свае думкі аб пытаннях сучаснай сістэмы адукацыі. А нашы валанцёры атрымалі салодкія пачастункі — грушы.

З дазволу людзей, якім дапамаглі валанцёры, на паштовых скрынях былі размешчаны наклейкі з лагатыпам акцыі, што азначае: работнікі МНС разам з актывістамі грамадскага аб’яднання аказалі дапамогу гаспадарам гэтых дамоў у рамках акцыі “Моладзь — за бяспеку!”.

Пасля ўдзелу ў такіх акцыях яшчэ больш разумееш, што многае ў жыцці залежыць ад нас саміх. І пераконваешся ў тым, што не старэюць душой ветэраны. Члены аб’яднання ратавальнікаў-пажарных Гарадзечанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы абавязкова прымуць удзел у другім этапе рэспубліканскай акцыі, які стартуе 3 кастрычніка і адбудзецца на базе ўстановы адукацыі сумесна з Навагрудскім РАНС.

Алёна ГАЎРЫЛЬЧУК,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце
Гарадзечанскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Навагрудскага раёна.