Моладзь — за здаровую будучыню!

- 12:00Нам пішуць

Пад такой назвай у Свіслацкім раённым СПЦ Гродзенскай вобласці прайшла дзіцяча-бацькоўская канферэнцыя. Традыцыйна штогод у красавіку ў Свіслацкім раёне ладзіцца раённая інфармацыйная акцыя “Дэвіз жыцця — здароўе” па прапагандзе здаровага ладу жыцця, навучанню дзяцей і бацькоў навыкам бяспечных паводзін, папярэджанні гвалту ў дачыненні да дзяцей. Сёлета пачаткам акцыі стала дзіцяча-бацькоўская канферэнцыя. У мерапрыемстве ўзялі ўдзел бацькі, старшакласнікі ўстаноў адукацыі Свіслачы, медыцынскія работнікі Свіслацкай ЦРБ, супрацоўнікі аддзела ўнутраных спраў Свіслацкага райвыканкама, педагогі-псіхолагі і сацыяльныя педагогі Свіслацкага раённага СПЦ. Канферэнцыя праходзіла ў форме адкрытага мікрафона.

У сярэдняй школе № 2 Свіслачы педагог-псіхолаг Т.А.Крыштофік арганізавала работу з дзецьмі па падрыхтоўцы валанцёраў-інспектараў роўнага навучання. Падлеткі-інспектары паказалі фрагмент заняткаў з падлеткамі, як процістаяць ціску з боку аднагодкаў і дарослых у сітуацыі, калі прапануюць наркотыкі або алкаголь. Урач-нарколаг А.Л.Урбановіч расказала дзецям і бацькам аб шкодным уздзеянні наркотыкаў, таксiчных рэчываў на арганізм падлетка. Начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Свіслацкага райвыканкама Ю.Г.Садоўскі патлумачыў, якая адказнасць прадугледжана за ўжыванне, захоўванне i распаўсюджванне наркатычных і таксічных рэчываў. Аб фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыцця ў вучнёўскай моладзі расказала валеолаг Свіслацкай ЦРБ Л.Ч.Саўко.

Старшакласнікі гімназіі № 1 Свіслачы заклікалі зрабіць правільны выбар на карысць захавання здароўя, адмовы ад шкодных звычак, падтрымання здаровага ладу жыцця. Педагог-псіхолаг Свіслацкага раённага СПЦ Л.А.Барычэўская прааналізавала правілы гарманічных і даверлівых адносінаў паміж дзецьмі і бацькамі, дала парады. Сацыяльны педагог Свіслацкага раённага СПЦ І.Ю.Герман разам з валанцёрамі сярэдняй школы № 2 Свіслачы раздала буклеты ўдзельнікам канферэнцыі з нумарамі тэлефонаў рэспубліканскай “Дзіцячай тэлефоннай лініі”, цэнтраў дружалюбнага стаўлення да падлеткаў Гродзенскай вобласці і пазнаёміла з праектам POMOGUT.BY, а таксама патлумачыла, па якіх пытаннях і праблемах могуць звяртацца бацькі і дзеці па ўказаных тэлефонных нумарах.

Марына СТАЦЭНКА,
педагог-псіхолаг Свіслацкага раённага СПЦ.