Мост дружбы: Беларусь — Узбекістан

- 9:20Адукацыйная прастора

Камп’ютарныя тэхналогіі дазваляюць сёння мець зносіны анлайн аднагодкам з розных краін. Гэтую магчымасць выкарысталі навучэнцы са Скідзеля Гродзенскай вобласці.

Моманты відэасустрэчы.

У рэжыме відэаканферэнцыі адбылася сустрэча пад назвай “Мост дружбы” паміж вучнямі 5 класа сярэдняй школы № 1 Скідзеля і іх аднагодкамі са школы “Эрудыт” Ташкента (Узбекістан).

У сустрэчы была свая перадгісторыя. Дзеці з Ташкента разам з педагогам Азізай Мірзаназаравай азнаёміліся з казкамі, якія склалі іх аднагодкі, пяцікласнікі са Скідзеля. Казкі былі размешчаны ў адукацыйным блогу настаўніцы рускай мовы і літаратуры Наталлі Чаркес “Крэатыўнае чытанне. Шкодна не чытаць”. Вучням 5 класа з Ташкента спадабаліся ўсе казкі, але адну творчую работу яны асабліва вылучылі. Гэта казка Лізаветы Нячай “Школьны сон”, у якой расказваецца, як, дзякуючы цудоўным падзеям, лянівы хлопчык перавыхаваўся і стаў старанным вучнем. Узбекскія школьнікі зрабілі выдатны відэаролік са створаным імі мультфільмам да казкі Лізаветы Нячай.

Так пачалася завочная дружба ўзбекскіх і беларускіх пяцікласнікаў. І, нарэшце, адбылася відэасустрэча, якую арганізавалі педагог з Узбекістана Азіза Мірзаназарава і настаўніца з Беларусі Наталля Чаркес.

Сустрэча дзяцей з дзвюх краін прайшла ў вельмі цёплай, сяброўскай атмасферы. Школьнікі падзяліліся інфармацыяй аб сваіх краінах, задалі адзін аднаму пытанні. Не хацелася расставацца, усім было цікава.

Дзеці атрымалі галоўны ўрок — урок павагі адно да аднаго, да культуры і гі­сторыі нашых краін. Гэта ўрок пра тое, што дружба не ведае меж!

Наталля ЧАРКЕС,
настаўнік-метадыст, настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 1 Скідзеля.
Фота аўтара і з архіва школы “Эрудыт” Ташкента.