Моц педагогікі любові

Канец кастрычніка стаў адметны для беларускай педагагічнай грамадскасці прыездам знакамітага псіхолага і педагога, доктара псіхалагічных навук, прафесара, акадэміка Расійскай акадэміі адукацыі, а таксама гуру гуманнай педагогікі Шалвы Аляксандравіча Аманашвілі. Ён выступіў з публічнай лекцыяй перад студэнтамі і выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, а таксама правёў майстар-класы і круглы стол у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Мне пашчасціла паслухаць вялікага педагога і ў педуніверсітэце, і ў АПА. Абедзве сустрэчы пакінулі след у душы і шмат думак у галаве.

З 1998 года Шалва Аляксандравіч Аманашвілі ўзначальвае лабараторыю гуманнай педагогікі ў Маскоўскім гарадскім педагагічным універсітэце. Дзейнасць лабараторыі накіравана на выхаванне педагогаў новай культуры гуманістычнай скіраванасці, якія валодаюць высокімі духоўна-маральнымі якасцямі, што дазваляе разумець унутраны свет дзіцяці, паважаць яго асобу, раскрываць яго здольнасці. Паводле Аманашвілі, педагог-гуманіст пастаянна ўдасканальвае сваё майстэрства, ажыццяўляе інавацыйны характар дзейнасці праз супрацоўніцтва і дыялог на аснове гуманнай педагогікі.
Ш.А.Аманашвілі з’яўляецца аўтарам шматлікіх навуковых работ, сярод якіх “Навучанне. Ацэнка. Адзнака” (1980), “Выхаваўчая і адукацыйная функцыя ацэнкі навучання школьнікаў” (1984), “Як жывяце, дзеці?” (1986), “Роздум аб гуманнай педагогіцы” (1996), “Настаўнік, натхні мяне на творчасць” (2011), “Як любіць дзяцей. Асновы гуманнай педагогікі. У 20 кнігах” (2012), “Педагагічная сімфонія. У 3 частках” (2013) і інш.
Думаю, што з ідэямі гуманнай педагогікі знаёмы многія настаўнікі нашай краіны. І, напэўна, многія працуюць, кіруючыся прынцыпамі і пастулатамі Аманашвілі. Чаму напэўна? Спачатку, седзячы на публічнай лекцыі Шалвы Аляксандравіча ў педагагічным універсітэце, злавіла сябе на думцы, што гуманная педагогіка — гэта проста выдатная, нават ідэальная стратэгія развіцця для кожнай школы ў цэлым і кожнага настаўніка ў прыватнасці. Затым узнікла некаторае расчараванне, бо сёння яна практычна не рэальная ў нашых школьных буднях.
Гуманная педагогіка патрабуе вельмі шмат, а галоўнае — безумоўнай любові да свайго вучня. Мы многа гаворым пра любоў да дзіцяці, што настаўнік без гэтага пачуцця не можа лічыць сябе настаўнікам, але робім гэта неяк фармальна. Нашу ўвагу больш прыцягваюць методыкі і тэхналогіі. Ёсць адчуванне, што мы заблукалі на шляху да сэрца дзіцяці. Усе азадачаны нейкімі формамі. Маўляў, сённяшнія дзеці не такія, і трэба вельмі пастарацца, каб урок стаў цікавым і захапляльным.
— Мы павінны быць людзьмі добрай душы і любіць дзяцей такімі, якія яны ёсць. Выхаваўчая сістэма будуецца на аснове разумення дзяцінства як найважнейшага жыццёвага этапу, са сваімі складанымі праблемамі і перажываннямі, якія павінны разумецца і прымацца педагогам.
Дзейнасць настаўніка, якая складаецца з асаблівых матываў і спосабаў зносін старэйшага з малодшым, патрабуе спецыфічнай адукацыі, культуры і асаблівых уменняў. Такі настаўнік зможа стаць для дзяцей сваім чалавекам, зможа зразумець іх, увайсці ў іх унутраны свет. Калі ж з усім гэтым супадуць адпаведнае ўнутранае імкненне да настаўніцкай дзейнасці, здольнасці і талент, то такі настаўнік зможа ўзбагаціць і сваіх вучняў, і ўсіх нас, і практыку навучання і выхавання сваімі творчымі знаходкамі, — падкрэсліў Шалва Аляксандравіч Аманашвілі падчас публічнай лекцыі ў педуніверсітэце.
У гуманнай педагогіцы самым важным лічыцца каштоўнасць чалавека як асобы, яго права на развіццё здольнасцей, закладзеных прыродай. Галоўная педагагічная ідэя Аманашвілі — прыняцце любога вучня такім, які ён ёсць.
Падчас лекцыі Шалва Аляксандравіч прыгадаў адно пытанне, якое атрымаў па электроннай пошце. Настаўніца пыталася, як ёй зрабіць так, каб вучні не перашкаджалі праводзіць урок. Думаю, што такім пытаннем задавалася не толькі гэтая настаўніца. На жаль, нас вельмі цікавіць знешняе: каб на ўроку дзеці сядзелі роўна і ўважліва слухалі, каб на перапынках не бегалі, каб прыходзілі выключна ў школьнай форме. Не раз даводзілася чуць ад настаўнікаў пра іх правілы для дзяцей. Умоўна кажучы, дзённіка няма — “два”, не вывучыў дамашняе заданне — таксама “два”, не ўзяў спартыўную форму — зноў “два”, апрануты не так — ідзі пераапранайся, калі спазняешся, то лепш зусім не прыходзь. Бясконцыя межы. Але насамрэч ці важна гэта? Мне здаецца, што не.
Якая розніца, у што апрануты вучань, калі настаўнік змог дастукацца да яго сэрца? Не страшна, што вучань спазніўся, калі бег на ўрок з вялікім жаданнем. І зусім не страшна, што своечасова не выканаў дамашняе заданне, калі ад перагрузкі проста валіўся з ног. Калі ты сумленны, самаадданы педагог, то твае дзеці будуць такімі ж. Канечне, не адразу, але, як гаворыцца, вада камень точыць.
Аманашвілі прызывае на першае месца ставіць выхаванне. Менавіта яно з’яўляецца вызначальным у школе, але вынікі намаганняў настаўнікаў у гэтым кірунку не бачныя адразу, што многіх засмучае, але, самае галоўнае, стварае глебу для педагагічнага бязвер’я. А гэта, па меркаванні Шалвы Аляксандравіча, шлях ужо зусім не ў педагогіку.
— Як зрабіць так, каб выхаванне адбылося? Мы дзейнічаем шляхам натацый і заклікаў, а таксама прыводзім прыклады, якія з’яўляюцца самым магутным у выхаванні дзяцей. Але прыкладаў гэтых у жыцці дзіцяці мала. Для мяне важнай умовай выхавання з’яўляецца паняцце Сухамлінскага “духоўная супольнасць”, калі дзіця дапускаецца ў свает дарослага, а дарослы — у свет дзіцяці. Як такую супольнасць нарадзіць? Я папрашу вас успомніць настаўнікаў, якіх вы памятаеце па сённяшні дзень. Што яны такое рабілі, што вы і сёння любіце іх? Усё проста: яны любілі вас. Дабрыня памнажаецца дабрынёй, шчырасць — шчырасцю, радасць — радасцю. Нельга кіравацца метадам бізуна і перніка.
Ці любяць сёння настаўнікі вучняў? Вы можаце хорам адказаць: “Так!” А як яны любяць? “Двойкамі”, крыкамі, дамашнімі заданнямі, патрабаваннямі. А дзеці такой любові не разумеюць, таму супольнасці паміж імі не будзе.
Любіць дзіця трэба дапамогай, спачуваннем, абаронай, зносінамі на роўных пачатках. Пры такіх адносінах дзіця абавязкова адкрыецца вам і падасца насустрач. Выхаванне — гэта сілкаванне духоўнага стрыжня. А каб сілкаванне адбылося, сасуд павінен быць адкрытым. Сілай ён ніколі не адкрыецца. Толькі пры ўмове любові настаўніка, — адзначыў Ш.А.Аманашвілі падчас круглага стала ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі.
Гуманны педагог — гэта высокадухоўны і маральны педагог, які не клапоціцца пра матэрыяльныя выгоды. Гучыць пафасна, і многія, напэўна, усміхнуцца, але любоў да дзяцей павінна быць высокадухоўнай і душэўнай. Аманашвілі не раз падкрэсліваў, што да духоўнасці можна прыйсці ў любым узросце. Яшчэ гуманныя педагогі цярплівыя і вытрыманыя. “А як жа праграма, мы павінны яе абавязкова выконваць?” — можаце задаць негуманнае пытанне вы. На што Шалва Аляксандравіч адказаў: “Так, вы можаце сказаць дзецям, што яны павінны абавязкова вывучыць верш, але пры гэтым выйсці за межы стандарту і стварыць умовы для творчасці, напрыклад, прапанаваць прыдумаць нешта сваё, прычым неабавязкова ў вершаваным стылі”.
Канечне, вучэбную праграму трэба выконваць, але іншы раз можна звярнуцца і да яе творчай інтэрпрэтацыі. Не трэба гэтага баяцца. Куды эфектыўней (і для настаўнікаў, і для вучняў) кіравацца магчымасцямі і жаданнямі дзяцей тут і цяпер, чым мучыцца ад таго, што не можаш арганізаваць урок строга па праграме. Педагагічная ініцыятыва і творчасць прынясуць значна больш плёну, чым проста кіраванне праграмай.
Сёння ўзнікае яшчэ адна праблема — шаблоннасць. Дэвіз метадыстаў — практыкаарыентаванасць. Гэта добра, але мы прывучылі педагогаў да гатовага прадукту, таму месца для творчасці практычна няма. І здольных на педагагічныя знаходкі не так ужо і многа. Гуманная педагогіка не дае метадычных парад і нейкіх алгарытмаў. Яна прымушае адчуваць, думаць, знаходзіць і супрацоўнічаць. Няма двух аднолькавых вучняў, таму тое, што спрацавала з адным, можа зусім не падысці для другога.
Быць гуманным педагогам няпроста. Гэта падчас сваіх выступленняў не раз падкрэсліваў Шалва Аляксандравіч. Сапраўды, гуманны педагог — гэта педагог новай культуры, гэта высокадухоўны і маральны чалавек, моцная асоба. Такі настаўнік у клас заўсёды заходзіць з верай у кожнае дзіця і ў сябе. І вера для яго — стан душы. Так, гуманная педагогіка — педагогіка высокіх катэгорый, а да духоўнасці ва ўсіх свой шлях, крок па якім можа зрабіць кожны.

Пасля выступленняў знакамітага педагога ўдалося задаць яму некалькі пытанняў у прыватнай размове. Шалва Аляксандравіч ветліва пагадзіўся даць невялікае інтэрв’ю нашай газеце.

— Шалва Аляксандравіч, нашы настаўнікі тонуць у рознага кшталту справаздачах, тым самым адцягваючы сваю ўвагу ад галоўнага — дзяцей, а гэта ідзе ў разрэз з прынцыпамі гуманнай педагогікі. Як ім не страціць сувязі са сваімі вучнямі?
— Справаздачы — гэта праблема не толькі беларускіх настаўнікаў. Яна таксама тычыцца педагогаў на Захадзе і Усходзе. Усіх нагружаюць рознымі пытаннямі, справаздачамі, якія не адносяцца да працэсу ўзаемадзеяння вучня і настаўніка, але ў настаўніка гуманнай педагогікі выхаду няма: ён павінен зрабіць і гэта. Быць гуманным настаўнікам куды больш складана, чым звычайным. Гэта не вельмі радасны шлях, а ахвярны. І ў выпадку са справаздачамі трэба або навучыцца іх рабіць вельмі хутка, або давядзецца траціць асабісты час.
Справаздачы — гэта фармальнасць, бо на рэальнае жыццё дзяцей яны не аказваюць ніякага ўплыву, таму да выканання такога задання трэба ставіцца адпаведным чынам — гэтак жа фармальна. Не мучыцца ад гэтага і ні ў якім разе не пускаць такую дзейнасць у сваё сэрца. Каб пазбавіцца ад справаздач, трэба яшчэ і яшчэ раз звяртацца да ўрада, міністэрства. А вызвалены час патраціць на гаворку з дзіцем, з бацькамі, на падрыхтоўку да ўрока, на чытанне новай кнігі.— У сваіх выступленнях вы не раз падкрэслівалі, што асноватворнай у школе была, ёсць і будзе толькі педагогіка. Ні методыкі, ні тэхналогіі не навучаць і не выхаваюць дзіця так, як гэта зробіць педагогіка.
— Педагогіка патрабуе агульнага падыходу да дзіцяці. Яна ахоплівае яго з усіх бакоў. А методыка ахоплівае толькі прадмет і магчымасць яго ўкласці ў дзіця. У нас ёсць методыка навучання пісьму, чытанню і г.д. Гэта, канечне, важна, але мы ніколі не навучым дзіця, калі не будзем гэты працэс прапускаць праз сваё сэрца.
І такі падыход у нас рэалізоўваецца ў новых вучэбных дапаможніках. Напрыклад, у “Фізіцы мовай сэрца”, аўтарам якой з’яўляецца Ірэна Стульпінене, ці “Біялогіі мовай сэрца” Вікторыі Бак. Гэта вялікія кнігі, у якіх зроблена спроба будаваць педагогіку фізікі і біялогіі праз сэрца.
Дзіця методыкі не бачыць і не адчувае. З-за яе школа становіцца бяздзетнай. Яна фарміруе навыкі, а педагогіка ахоплівае маральнасцю і духоўнасцю. Ведаеце, што гаворыць добры ўрач: трэба лячыць не хваробу, а хворага. Педагогу ж трэба не навык фарміраваць, а асобу гадаваць. І толькі пасля асобе даваць веды.

— Шалва Аляксандравіч, а як маладому, пачынаючаму настаўніку стаць гуманным педагогам? Ён жа на пачатку свайго шляху аказваецца ў палоне адміністрацыі, метадыстаў і страху да дзяцей.
— Маладым педагогам хачу падарыць свае запаведзі. Першая — бязмежна верыць у дзіця. Нягледзячы ні на што: ці яно адстае разумова, хуліганіць, брыдкасловіць, ці, наадварот, добра выхавана. Трэба верыць. Вера дапаможа адкрыць у дзіцяці шматбаковасць і дасць магчымасць адчуць, дзе і як можна на яго паўплываць. Верыць неабходна і тады, калі здаецца, што вера распадаецца.
Другая запаведзь — верыць у сваю іскру божую, у тое, што ты настаўнік ад бога, што менавіта ты прызначаны для гэтага дзіцяці і іншага ў яго не будзе. Калі ў настаўніка ёсць такая вера, ён знойдзе ў сабе сілы ісці далей.
Трэцяя запаведзь — верыць у сілу добрага, гуманнага падыходу, верыць у сілу педагогікі любові, спачування, супрацоўніцтва нават тады, калі дзіця не прымае цябе.
Дапоўню гэтыя запаведзі яшчэ адным пастулатам: і маладому, і вопытнаму настаўніку неабходна папоўніцца цярпеннем. Нельга верыць склаўшы рукі. Трэба ўздзейнічаць і верыць у сябе, у дзіця, у тое, што старанні дадуць плён. І калі маладыя настаўнікі пачнуць кіравацца гэтымі запаведзямі адразу, то скароцяць свой шлях да гуманнай педагогікі.

— Вялікі вам дзякуй за парады!
— Я жадаю поспехаў усім настаўнікам Беларусі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.