Моц “Рэха”

8 класаў музычнай школы і нават “інструментальнае” прозвішча падказвалі Юліі Дударавай, па якой прафесійнай сцежцы пайсці. А яна і не думала супраціўляцца: скончыла Мазырскі дзяржаўны музычны каледж, адвучылася ў БДПУ імя Максіма Танка і ўзначаліла ўзорны ансамбль “Вясёлка”, які з часам ператварыўся ў вакальны ансамбль “Рэха”. Як развіваліся калектыў і педагог, расказала сама Юлія Юр’еўна.

“Калі я прыйшла працаваць у “Вясёлку”, то пераняла толькі назву ансамбля, бо старшая група дзяцей выпусцілася і давялося набіраць цалкам новы склад. Потым, дарэчы, ён перайшоў у “Рэха”, — расказвае Юлія Дударава.

Вакальны ансамбль “Рэха” працуе на базе Ельскага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі і выконвае шматгалосныя творы а капэла (беларускія народныя, духоўныя і патрыятычныя песні, калядкі). “Рэха” — гэта тры склады: малодшы, сярэдні і дарослы. У кожнага свае перавагі ў музыцы. “Духоўны напрамак — гэта напрамак сакральны. Мне здавалася, што такія песні можна выконваць толькі з разуменнем, пры пэўным узросце. Але калі мы з сярэднім складам узялі твор “Магутны Божа”, пачалі яго спяваць і я ўбачыла іх аддачу… Можна тэхнічна нешта выканаць, але калі не ўкласці душу, то нічога не атрымаецца. Тое ж самае ў мяне з сярэднім складам. Мы ездзілі на Міжнародны фестываль праваслаўных песнапенняў “Каложскі звон”, дзе дзеці сталі лаўрэатамі першай ступені. Яны не падняліся б так высока, калі б проста аўтаматычна выканалі песню.

Яшчэ дзеці любяць калядкі, таму што яны простыя, куплетнай формы і за іх даюць падарункі. (Смяецца.) Падабаюцца ім і беларускія народныя песні. Часта бяром апрацоўкі А.В.Атрашкевіч. Яна робіць іх у джазавым стылі, гэта сучасных дзяцей прываблівае. Малодшаму складу падабаецца ўсё хуткае і энергічнае”, — гаворыць педагог.

У асноўным калектыў выступае на конкурсах. Юлія Юр’еўна з самага пачатку бачыла шлях ансамбля менавіта такім. “Ель ск — гэта невялікае мястэчка, і я хацела, каб дзеці кудысьці выязджалі, каб яны адчувалі дух спаборніцтваў, каб бачылі, куды ім трэба імкнуцца. Першы наш конкурс быў у раёне, але ўжо тады я заўважыла, як у маіх артыстаў загарэліся вочы. Гэта, напэўна, стала для мяне сігналам”.

Геаграфія конкурсаў з кожным годам пашыраецца. Ансамбль “Рэха” бачылі і ў многіх гарадах Беларусі, і за мяжой: у Балгарыі, Польшчы. Падрыхтоўка праходзіць паступова, праўда, чым бліжэй конкурс, тым часцейшымі становяцца сустрэчы. “Я сама мазыранка, а дзеці жывуць у Ельску, — кажа кіраўнік ансамбля, — часта яны прыязджаюць да мяне на выхадныя. У нас адказныя бацькі, якім я вельмі ўдзячна: яны папераменна прывозяць дзяцей”.

На актуальнае для ўсіх маладых артыстаў пытанне “Як не хвалявацца перад выступленнем?” Юлія Дударава ў свой час знайшла добры адказ. Звычайна яна кажа так: “Дзеці, усё ваша хваляванне аддавайце мне, я з ім за кулісамі пастаю, а вы добра выступіце”. Працэс аддачы, дарэчы, праходзіць не на словах. Педагог выстаўляе руку, вакалісты кладуць наверх свае, і замыкае ўсё камертон, які прытрымлівае Юлія Юр’еўна. Псіхалагічна гэта рэальна дапамагае. Што тычыцца практыкі, невялікіх дыхальных практыкаванняў, якія нармалізуюць сэрцабіцце, будзе дастаткова. Некаторыя вучні маюць свае цікавыя спосабы. “Адна мая вучаніца хадзіла ў акулярах і казала: “Юлія Юр’еўна, мне вельмі зручна: я здымаю акуляры і нікога не бачу”. На самай справе, у нас столькі выездаў і конкурсаў, што, мне здаецца, дзеці ўжо пачынаюць адаптавацца да выхадаў на сцэну”.

У 2016 годзе ў вакальным ансамблі “Рэха” прайшоў выпуск­ны. Пасталелі самыя першыя вучні Юліі Дударавай. “Той год, — прыгадвае педагог, — быў вельмі прадукцыйным. У чэрвені мы паехалі з вучнямі на Міжнародны фестываль духоўнай музыкі “Магутны Божа”. Ён ішоў не адзін дзень, а нам трэба было пасля выступлення вяртацца дадому: у дзяцей былі экзамены. Мы ні на якое месца не разлічвалі, таму што ў напрамку духоўнай музыкі працавалі прыкладна паўгода. Па вяртанні ў Мазыр нам патэлефанавалі і сказалі, што мы сталі лаўрэатамі другой ступені. Гэта была такая радасць! А літаральна на нас­тупны дзень высветлілася, што дзеці яшчэ і ўдастоены прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Праз месяц у нас быў выпуск, і вучні сышлі на такой вось прыгожай ноце”.

Выпускнікі часта заходзяць у госці да свайго кіраўніка, некаторыя па дзвюх прычынах: убачыцца і забраць з заняткаў брата ці сястру. Так, дынастыі ў ансамблі — справа нярэдкая. Ёсць нават сям’я, у якой усе трое дзяцей з’яўляюцца артыстамі “Рэха”. Бацькі ўжо жартуюць і прапаноўваюць Юліі Юр’еўне ўзяць гэтых вучняў да сябе ў сям’ю.

На занятках вакальнага ансамбля ёсць два галоўныя правілы. Першае — ніякіх мабільных тэлефонаў. “Яны збіраюцца ў скрыначку, інакш дзеці, прыходзячы на рэпетыцыю, замест таго, каб мець зносіны адно з адным, сядзяць у тэлефонах”, — кажа педагог. Другое — старэйшыя заўсёды глядзяць за малодшымі. “Часта ж бывае, што малодшыя глядзяць на старэйшых з глыбокай павагай, а старэйшыя на малодшых — з нейкай ганарыстасцю. Мне хочацца, каб у маім калектыве ўсе былі роўныя, усе дапамагалі адно аднаму. Гэта працуе. Мы неяк ездзілі на конкурс у Ліду з трыма складамі. Уявіце: старэйшыя спяваюць, праз два нумары малодшыя павінны выйсці. Мне вельмі спадабалася, што старэйшыя прыбеглі, дапамаглі малышам сабрацца, завязаць стужкі і г.д. Гэтая дапамога і на рэпетыцыях бачная. Калі ў каго-небудзь штосьці не атрымліваецца, яго абавязкова падба­дзёраць, скажуць: “І ў нас так было! Нічога, усё атрымаецца!”.

Юлія Дударава скончыла некалькі ўстаноў адукацыі, прайшла шматлікія курсы, але так і не перастала вучыцца. Артысты ансамбля “Рэха” пастаянна трымаюць яе ў тонусе. “Яны шмат чаму мяне вучаць. Напрыклад, таму, што трэба раздаваць ім ноты. Раней мы працавалі на слых, бо большая частка дзяцей была без музычнай адукацыі. Але адна дзяўчынка заў­сёды падыходзіла да нот. Я яе пытала: “Оля, што ты там гля­дзіш, ты ж не ведаеш, як гэта чытаць?”. А яна казала: “Я ж бачу: тут значок зверху, тут знізу, значыцца, трэба спусціцца ўніз”. Да ўсяго прыходзіш з вопытам”.

“Рэха” — гэта сапраўдная сям’я. Як і ў любой сям’і, там бываюць праблемы. Але калі вы ставіцеся з павагай адно да аднаго і цэніце кожнага, праблемы надоўга не затрымліваюцца.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота з архіва Ю.Ю.Дударавай.