Моцная плынь

Прафесійная адукацыя — гэта моцная плынь, якая напаўняе працоўнымі рэсурсамі эканоміку краіны. І гэтую вялікую плынь падтрымліваюць меншыя плыні, якімі з’яўляюцца рэгіянальныя сістэмы прафадукацыі. Ад іх работы залежыць агульны вынік. Аб важных напрамках работы і перспектывах развіцця сістэмы прафесійнай адукацыі Магілёўшчыны размаўляем з Валерыем Георгіевічам Талсціхіным, начальнікам вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі вобласці.

— Валерый Георгіевіч, раскажыце аб галоўных задачах, якія стаяць сёння перад установамі прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вобласці.

— Работа рэгіянальнай сістэмы прафесійнай адукацыі нацэлена на забеспячэнне ўсіх галін эканомікі кваліфікаванымі кадрамі ва ўмовах развіцця сучаснай высокатэхналагічнай вытворчасці і сферы абслугоўвання. Асноўнымі задачамі ўстаноў ПТА і ССА Магілёўскай вобласці з’яўляюцца падрыхтоўка рабочых і спецыялістаў у адпаведнасці з перспектывамі развіцця рынку працы, павышэнне прывабнасці рабочых прафесій для моладзі, якасць адукацыі, забеспячэнне канкурэнтаздольнасці выпускнікоў.

Гэтыя задачы вырашаюць 26 устаноў прафесійнай адукацыі, якія знаходзяцца ў ведамасным падпарадкаванні галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама і ў якіх ажыццяўляецца падрыхтоўка па 43 спецыяльнасцях прафесійна-тэхнічнай і 38 — сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У 2020 годзе выпуск з устаноў прафесійнай адукацыі вобласці толькі ў дзённай форме атрымання адукацыі за кошт сродкаў бюджэту склаў каля 4500 чалавек. Падрыхтавана 2590 рабочых і 1914 спецыялістаў, што дазволіла задаволіць заяўленую патрэбнасць арганізацый — заказчыкаў кадраў у працоўных рэсурсах.

— Усе галіны эканомікі хутка развіваюцца, і сістэме, якая рыхтуе кадры для гэтых галін, таксама трэба мяняцца, каб адпавядаць запытам часу. Можаце прывесці прыклады, як гэта адбываецца?

— Канечне. У першую чаргу гэтыя змены прадугледжваюць арганізацыю наву­чання па новых, актуальных спецыяльнасцях, падрыхтоўку менавіта тых спецыялістаў, якія патрэбны прадпрыемствам зараз і будуць патрэбны ў найбліжэйшы час. У адпаведнасці з запытамі рынку працы ў 2020 годзе пачалася падрыхтоўка па прафесіях аператар станкоў з праграмным кіраваннем, каваль-штампоўшчык, мантажнік тэхналагічнага абсталявання і звязаных з ім канструкцый, апаратчык выцяжкі, мантажнік будаўнічых канструкцый, агент рэкламны і інш.

Таксама пастаянна карэкціруюцца аб’ёмы падрыхтоўкі. Аналіз рынку працы, вынікаў прыёмнай кампаніі, выпуску і працаўладкавання ўплывае на планаванне кантрольных лічбаў прыёму. 

— Бясспрэчна тое, што якасць падрыхтоўкі спецыялістаў у многім залежыць ад таго, хто іх вучыць. Раскажыце, як наладжана ў вобласці работа з супрацоўнікамі ўстаноў прафесійнай адукацыі.

 — Такая работа — найважнейшы складнік дзейнасці вучэбна-метадычнага цэнтра прафесійнай адукацыі. І сёння мы не проста працуем з педагогамі, мы ствараем рэгіянальную мадэль фарміравання прафесійных кампетэнцый педагагічных работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі Магілёўскай вобласці.

Вызначылі для сябе тры стратэгіі, па якіх дзейнічаем. Стратэгія ўзнаўлення прадугледжвае арганізацыю павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі педагагічных кадраў у рамках існуючых лепшых норм і ўзораў прафесійнай дзейнасці. Стратэгія суправаджэння — гэта работа ў рэжыме аператыўнага рэагавання на змены, якія адбываюцца ў рэгіянальнай сістэме адукацыі (правядзенне мэтавых і праблемных семінараў, нарад, распрацоўка метадычных рэкамендацый, алгарытмаў і інш.). І стратэгія развіцця, якая мае на ўвазе работу ў апераджальным рэжыме і праектаванне будучыні рэгіянальнай сістэмы адукацыі рэгіёна. Неабходна адзначыць, што працэс павышэння прафесійнай кампетэнцыі педагагічных работнікаў вобласці арганізаваны дастаткова дынамічна і плённа. Разам з тым немалаважнае значэнне мае пошук і ўкараненне найбольш эфектыўных сучасных форм і метадаў работы з улікам асаблівасцей адукацыйнага працэсу ва ўстановах прафесійнай адукацыі.

— Цэнтрамі росту і развіцця для сі­стэмы прафесійнай адукацыі апошнім часам сталі рэсурсныя цэнтры. Менавіта гэтыя структуры цесна звязаны з працэсамі мадэрнізацыі і ўкаранення інавацый. Як працуюць рэсурсныя цэнтры Магілёўшчыны?

— У Магілёўскай вобласці створаны і функцыянуюць 5 рэсурсных цэнтраў, якія забяспечваюць доступ да сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базы падчас рэалізацыі адукацыйных праграм прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэта рэсурныя цэнтры па прафесіях трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання, абліцоўшчык-плітачнік, слесар па рамонце аўтамабіляў, рэсурсны цэнтр па зварачных работах рознага тыпу. У мінулым навучальным годзе ў іх прайшлі навучанне 1292 чалавекі: 1178 па адукацыйных праграмах ПТА і ССА, 114 чалавек — па адукацыйных праграмах дадатковай адукацыі дарослых. Арганізавана стажыроўка 42 майстроў вытворчага навучання. Актывізавана работа па выкарыстанні матэрыяльнай базы рэсурсных цэнтраў падчас рэалізацыі адукацыйных праграм сярэдняй спецыяльнай адукацыі: вучэбнай практыкі, лабараторна-практычных заняткаў.

База рэсурсных цэнтраў таксама актыўна выкарыстоўваецца пры правядзенні прафарыентацыйнай работы з навучэнцамі школ. Сюды запрашаюць патэнцыяльных абітурыентаў на дні адкрытых дзвярэй, экскурсіі, майстар-класы. Рэсурсныя цэнтры выкарыстоўваюцца як пляцоўкі для правядзення абласнога этапу Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага май­стэрства WorldSkills Belarus, пасяджэнняў секцый абласнога вучэбна-метадычнага аб’яднання педагагічных работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі.

У перспектыве неабходна рабіць акцэнт на развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы, а таксама на пашырэнні спектра адукацыйных паслуг рэсурсных цэнтраў у рамках праграм дадатковай адукацыі дарослых.

— Эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць выводзіць работу ўстановы адукацыі на новы якасны ўзровень. Наколькі актыўна вядзецца такая дзейнасць у прафесійных ліцэях і каледжах Магілёўшчыны? 

— Педагогі ўстаноў прафесійнай адукацыі актыўна ўключаюцца ў інавацыйную і эксперыментальную дзейнасць. Так, у мінулым навучальным годзе рэалізоўваліся 3 эксперыментальныя праекты на 3 пляцоўках і 6 інавацыйных праектаў на 5 пляцоўках. У 2019 годзе эксперыментальную дзейнасць пачалі ў Магілёўскім дзяржаўным эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжы па тэме “Апрабацыя тэхналогій дыстанцыйнага навучання асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі”. У  Магілёўскім прафесійным электратэхнічным каледжы пачалі інавацыйную дзейнасць і працуюць над тэмай “Укараненне мультымадальных тэхналогій навучання ў адукацыйны працэс устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі”.

— У працэс пабудовы інклюзіўнага грамадства ўключыліся і ўстановы прафесійнай адукацыі. Раскажыце аб умовах навучання для асоб с АПФР.

 — Больш за 15 гадоў у вобласці ажыццяўляецца прафесійнае навучанне дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, у тым ліку інвалідаў. Паспяхова функцыянуюць цэнтры прафесійнай і сацыяльнай рэабілітацыі ў Магілёўскім дзяржаўным эканамічным прафесійна-тэхнічным каледжы, Бабруйскім дзяржаўным будаўнічым прафесійна-тэхнічным кале­джы, а таксама аддзяленні для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Усяго ў гэтых установах у 2019/2020 навучальным годзе вучыліся 247 навучэнцаў. Хачу звярнуць увагу на тое, што ў гэтым годзе ўпершыню на рэспубліканскім чэмпіянаце WorldSkills Belarus — 2020 прадстаўлена эксперыментальная кампетэнцыя “Графічны дызайн (для асоб з АПФР)”. Конкурсныя мерапрыемствы арганізаваны для навучэнцаў з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату ў дыстанцыйнай форме з дапамогай выкарыстання праграмнага забеспячэння True Conf. І прадстаўнікі Магілёўскай вобласці бяруць удзел у спаборніцтве.

 — Дарэчы, аб спаборніцтвах. Удзел у прафесійных конкурсах і поспехі ў іх шмат гавораць аб дасягненнях устаноў адукацыі, сістэмы адукацыі пэўнага рэгіёна. Ці згодны вы з гэтым? 

 — Немагчыма з гэтым не пагадзіцца. Канкурэнтаздольнасць і якасць сістэмы прафесійнай адукацыі рэгіёна пацвярджаецца вынікамі ўдзелу ў рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах прафесійнага майстэрства. Літаральна сёння зборная каманда Магілёўскай вобласці ў складзе 56 канкурсантаў і экспертаў пачынае ўдзел у заключным этапе IV Рэспубліканскага конкурсу WorldSkills Belarus — 2020. Канечне, мы спадзяёмся на дастойны вынік. Менавіта такія — дастойныя, моцныя — выступленні мы бачылі на абласным этапе, дзе ў 34 кампетэнцыях бралі ўдзел 34 установы адукацыі рэгіёна.

Вучэбна-метадычны цэнтр прафесійнай адукацыі актыўна дапамагаў прадстаўнікам вобласці рыхтавацца да конкурсу, была распрацавана і рэалізавана сістэма падрыхтоўкі. Комплекс мерапрыемстваў прадугледжваў шырокі спектр напрамкаў: распрацоўку і зацвярджэнне абласнога плана і праграм індывідуальнай падрыхтоўкі да конкурсу; выданне метадычных рэкамендацый; стварэнне рабочых груп па падрыхтоўцы да ўдзелу ў конкурсе; удзел у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных адукацыйных мерапрыемствах; правядзенне ва ўстановах адукацыі адкрытых конкурсаў прафесійнага майстэрства ў фармаце WorldSkills; стварэнне абласнога банка даных удзельнікаў і іншыя формы работы.

У лютым гэтага года на базе Суражскага прамыслова-аграрнага тэхнікума прайшоў IV адкрыты рэгіянальны чэмпіянат Бранскай вобласці “Маладыя прафесіяналы” WorldSkills Russia. Удзел у ім узялі і прадстаўнікі Магілёўскай вобласці. У спаборніцтвах па кампетэнцыі “Эксплуатацыя сельскагаспадарчых машын” Раман Юхневіч, навучэнец Крычаўскага дзяржаўнага прафесійнага агратэхнічнага каледжа, заваяваў дыплом ІІ ступені, а навучэнец Клімавіцкага дзяржаўнага аграрнага каледжа Ігар Пахомаў — дыплом ІІІ ступені.

Навучэнцы і педагогі Жыліцкага дзяр­жаўнага сельскагаспадарчага кале­джа добра праявілі сябе ў рэспубліканскім конкурсе “Аграмайстэрства”, дыпломы III ступені атрыманы ў камандным заліку і ў асабістым першынстве. Таксама прадстаўнікі ўстаноў прафесійнай адукацыі вобласці атрымалі ўзнагароды XIV Рэспубліканскага конкурсу “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт”, Міжнароднай аптовай выставы-кірмашу “ПрадЭкспа”, маладзёжнага праекта “WorldSkills — старт у будучыню!”, рэспубліканскага агляду “Інфармацыйныя тэхналогіі ў прафесійнай адукацыі” і іншых спаборніцтваў.

Адзначу, што ўдзел у конкурсах — гэта не проста дэманстрацыя майстэрства. Такія мерапрыемствы дапамагаюць паспяхова вырашаць задачы павышэння якасці адукацыі і прэстыжу ўстаноў адукацыі, трансляцыі станоўчага прафесійнага вопыту.

 — Яшчэ адзін напрамак работы, які немагчыма абмінуць увагай, паколькі ён не страчвае сваёй актуальнасці і значнасці, — дапрафесійная і прафесійная падрыхтоўка школьнікаў. Як арганізавана такая работа на Магілёўшчыне?

— У 2019/2020 навучальным годзе ў вобласці 3877 навучэнцаў 10—11 класаў праходзілі навучанне па 37 прафесіях. Найбольшым попытам карысталіся прафесіі аператар ПЭВМ, швачка, трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, сталяр, агароднік, афіцыянт, слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання і слесар па рамонце аўтамабіляў.

Што тычыцца прафарыентацыйнай работы, адзначу, што ў 2020 годзе акцэнт робіцца на выкарыстанні сучасных інфармацыйных тэхналогій, рабоце са сродкамі масавай інфармацыі і рэсурсамі інтэрнэту. Ва ўстановах прафесійнай адукацыі рэгіёна з пачатку года праведзена каля 70 дзён адкрытых дзвярэй, у тым ліку ў рэжыме анлайн з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій. Актыўна выкарыстоўваліся сэрвісы відэахостынгу YouTube, арганізаваны анлайн-трансляцыі “Абітурыент”.

Актуалізавана работа Магілёўскага абласнога прафарыентацыйнага партала. Інтэрнэт-рэсурс цалкам абноўлены, перанесены на сучасную CMS, зменены структура і напаўненне, распрацавана мабільная версія, устаноўлена форма зваротнай сувязі.

Выбудавана ўзаемадзеянне з заказчыкамі кадраў, вынікам якога з’яўляецца арганізацыя і правядзенне на базе ўстаноў адукацыі кірмашоў вакансій з запрашэннем прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый. Толькі за першае паўгоддзе 2020 года праведзена 7 такіх мерапрыемстваў.

Акрамя традыцыйных метадаў праф­арыентацыі, установы адукацыі выбіраюць сучасныя інтэрактыўныя формы работы: віртуальныя экскурсіі, дзелавыя гульні, квесты, кейс-тэхналогіі. Педагагічныя калектывы актыўна выкарыстоўваюць рэсурсы сацыяльных сетак для прафарыентацыйнай работы. Паспяхова функцыянуюць кансультатыўныя пункты, накіраваныя на аказанне дапамогі абітурыентам і іх бацькам у вырашэнні пытанняў, звязаных з прафесійным вызначэннем.

Галоўным арыенцірам у дзейнасці ўстаноў прафесійнай адукацыі вобласці застаецца забеспячэнне эканомікі рэгіёна кваліфікаванымі кадрамі на аснове аналізу і прагнозу развіцця рынку.

Гутарыла Дар’я РЭВА.