Моцны маральны падмурак

Відэаканферэнцыя “Сям’я. Духоўнасць. Здароўе” аб’яднала супрацоўнікаў устаноў прафесійнай адукацыі. Гэта была анлайн-размова аб духоўна-маральным выхаванні маладога пакалення, да якой далучыліся неабыякавыя да гэтай тэмы людзі. Яе ўдзельнікамі, акрамя педагогаў устаноў адукацыі, сталі спецыялісты РІПА, вучэбна-метадычных цэнтраў прафесійнай адукацыі, абласных інстытутаў развіцця адукацыі, прадстаўнікі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Навучэнцы Крывіцкага спецвучылішча наведваюць царкву Святой Троіцы.

Мерапрыемства ладзілася ў адпаведнасці з планам інфармацыйна-асветніцкага суправаджэння пытанняў дэмаграфічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2018—2020 гады. Духоўна-маральнае, сямейнае выхаванне, фарміраванне здаровага ладу жыцця — работа ў гэтых напрамках неабходная для станоўчага змянення дэмаграфічнай сітуацыі. І працаваць у гэтых кірунках неабходна супольна. Таму ўстановы адукацыі цесна супрацоўнічаюць з рознымі сацыяльнымі партнёрамі. На гэта звярнула ўвагу, распачынаючы відэаканферэнцыю, Аксана Сяргееўна Папова, прарэктар па навукова-метадычным забеспячэнні выхаваўчай работы РІПА. На канферэнцыі разглядаліся актуальныя аспекты духоўна-маральнага выхавання навучэнскай моладзі. Прадстаўнікі шэрага ўстаноў адукацыі прадэманстравалі свой вопыт работы.

Надзейныя партнёры

 — У сучасных умовах установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з’яўляюцца адной з найважнейшых крыніц не толькі фарміравання працоўных рэсурсаў у краіне, але і духоўна-маральнага развіцця моладзі, — адзначае Юрый Уладзіміравіч Емяльяненка, начальнік цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы РІПА. — Неабходна выхоўваць гарманічную асобу навучэнцаў, і аснову выхавання павінны складаць духоўна-маральныя каштоўнасці.

Цыкл інфармацыйна-асветніцкіх заняткаў у Скідзельскім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэі.

Надзейным партнёрам і саюзнікам у справе выхавання моладзі для ўстаноў адукацыі з’яўляецца Беларуская Праваслаўная Царква, з якой наладжана маштабнае ўзаемадзеянне, расказаў Ю.У. Емяльяненка. Гэтая работа адыгрывае важную ролю ў фарміраванні сацыяльна актыўнай асобы будучага рабочага або служачага і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з праграмай супрацоўніцтва паміж Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і Беларускай Праваслаўнай Царквой на 2015—2020 гады. Падчас рэалізацыі праграмы быў праведзены шэраг рэспубліканскіх мерапрыемстваў для педагагічных работнікаў сістэмы прафесійнай адукацыі, арганізаваных Міністэрствам адукацыі сумесна з РІПА. Напрыклад, у 2018 го­дзе ў конкурсе “Выхаваўчае асяроддзе як фактар станаўлення і развіцця асобы” ў намінацыі “Духоўная палітра” педагогі каледжаў, ліцэяў прадставілі метадычныя распрацоўкі, сцэнарыі культурна-забаўляльных мерапрыемстваў, арыентаваныя на далучэнне навучэнцаў да агульначалавечых і нацыянальных каштоўнасцей, фарміраванне духоўна-маральнай культуры.

У 2018 годзе адбылося пашыранае пася­джэнне Каардынацыйнага савета, на якім былі разгледжаны пытанні ўзаемадзеяння ўстаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі са структурамі Беларускай Праваслаўнай Царквы. У рамках пасяджэння былі праведзены Рэспубліканскія педагагічныя чытанні, прысвечаныя тыдню святых жонак-міраносіц “Святло несці”.

Вынікі штогадовага сістэмнага аналізу стану ідэалагічнай і выхаваўчай работы ва ўстановах прафесійнай адукацыі сведчаць аб шырока распаўсюджаным супрацоўніцтве каледжаў, ліцэяў з мясцовымі епархіямі. Асаблівая ўвага ўдзяляецца мерапрыемствам, накіраваным на фарміраванне і развіццё навыкаў адказных паводзін, здаровага ладу жыцця, каштоўнасных адносін да жыцця, на аказанне падтрымкі юнакам і дзяўчатам, якія ўчынілі супрацьпраўныя дзеянні.

Напрыклад, у Гомельскім дзяржаўным дарожна-будаўнічым каледжы імя Ленінскага камсамола Беларусі штотыдзень для навучэнцаў праводзяцца сустрэчы, духоўна-асветніцкія гутаркі з айцом Іаанам па фарміраванні асобы і прафілактыцы шкодных звычак. У Глыбоцкім дзяржаўным прафесійным ліцэі на базе інтэрната функцыянуе нядзельная школа. Протаіерэй Мікалай і сястра Ганна кожны тыдзень праводзяць з навучэнцамі гутаркі аб маральнасці, дэманструюць і абмяркоўваюць фільмы духоўна-маральнай тэматыкі, удзельнічаюць у арганізацыі мерапрыемстваў па прафілактыцы суіцыдальных і дэвіянтных паводзін навучэнцаў.

Неабмежаваная дабрыня

Значная ўвага ўдзяляецца духоўна-маральнаму выхаванню асоб, якія знаходзяцца ў асаблівых умовах выхавання. Гэта юнакі і дзяўчаты, якія выхоўваюцца ў спецыяльных навучальных установах закрытага тыпу. У 2019 годзе педагогі разам са святарамі Беларускай Праваслаўнай Царквы правялі больш за 15 сумесных мерапрыемстваў на базе спецвучылішчаў.

Напрыклад, у Крывіцкім спецыяльным лячэбна-выхаваўчым вучылішчы закрытага тыпу арганізавана дзейнасць аб’яднання па інтарэсах “Юныя этнографы”. Асноўны акцэнт дзейнасці скіраваны на выкарыстанне патэнцыялу праваслаўнага краязнаўства.

У Магілёўскім дзяржаўным спецыяльным прафесійна-тэхнічным вучылішчы закрытага тыпу № 2 дрэваапрацоўкі актыўна праводзяць экскурсіі па святынях нашай краіны. На працягу года выхаванцы наведалі духоўна-асветніцкі цэнтр Кірылы і Мяфодзія, Свята-Мікольскі манастыр у Магілёве, Свята-Узнясенскі жаночы манастыр і іншыя знакавыя мясціны. Усяго за год адбылося 19 экскурсій.

У Петрыкаўскім дзяржаўным спецыяльным прафесійна-тэхнічным вучылішчы закрытага тыпу № 1 лёгкай прамысловасці асаблівая ўвага ўдзяляецца засваенню выхаванкамі (гэтая ўстанова прызначана для дзяўчат) сістэмы маральных, сямейных каштоўнасцей.

Мерапрыемства для бацькоў і дзяцей “Сямейнае свята” ў Гомельскім ДПТК кулінарыі.

— Ва ўсіх падлеткаў, якія ўступілі ў канфлікт з законам, праблемы прыкладна аднолькавыя: адсутнасць зносін і ўзаемаразумення ў сям’і, вучэбным калектыве, бескантроль­насць, шкодныя звычкі бацькоў. Не знайшоўшы разумення ў бацькоў, непрызнаны аднагодкамі, незаўважаны ў вучэбным калектыве падлетак пачынае весці асацыяльны лад жыцця, не разумеючы, што, грэбуючы нормамі паводзін у грамадстве, ён робіць горш толькі самому сабе. У яго фарміруюцца скажоныя паняцці праўды, гонару, дабра, справядлівасці, норм і маралі, што сведчыць аб несфарміраванасці духоўна-маральных якасцей. Таму духоўна-маральнае выхаванне чырвонай ніткай праходзіць праз усе напрамкі ідэалагічнай і выхаваўчай работы ў вучылішчы, — расказвае Клаўдзія Мікалаеўна Грыцкевіч, намеснік ды­рэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Петрыкаўскага ПТВ закрытага тыпу.

Аднаўленне дзіцяча-бацькоўскіх адносін — адна з першарадных задач калектыву вучылішча. Для яе вырашэння праводзіцца каласальная работа і з выхаванкамі, і з іх бацькамі. Гэта тэматычныя бацькоўскія сходы, выпускныя вечары, сумесныя акцыі, майстар-класы, трэнінгі, кансультаванне бацькоў спецыялістамі СППС і інш. Падчас мерапрыемстваў бацькі маюць магчымасць убачыць творчыя работы сваіх “цяжкіх” дзяцей: калекцыі адзення, творчыя нумары.

Важна навучыць выхаванак вучылішча выбудоўваць узаемаадносіны не толькі з бацькамі, але і ў межах сваёй будучай сям’і, каб у далейшым стаць добрымі мамамі, аказваць падтрымку сваім дзецям і паказваць ім станоўчую мадэль узаемаадносін у сям’і. З гэтай мэтай ва ўстанове штогод праводзіцца дэкада сямейнага выхавання “Усё пачынаецца з сям’і”. Дзякуючы мэтанакіраванай рабоце калектыву, у дзяўчат фарміруецца разуменне, што сям’я — гэта камфорт, падтрымка, шчырасць. А тыдзень псіхалагічнага здароўя, які праводзіцца кожную вясну, спрыяе асэнсаванню ўласнага жыццёвага шляху, сваёй унікальнасці і значнасці, выхаванню актыўнай жыццёвай пазіцыі.

Майстар-клас “Блінная фантазія” ў Гомельскім ДПТК кулінарыі.

Фарміраванне маральна сталай асобы ажыццяўляецца праз сувязь з Праваслаўнай царквой. Частым госцем і суразмоўцам для выхаванак стаў протаіерэй Дзмітрый Пасечнік, настаяцель Свята-Узнясенскага храма, які актыўна ўдзельнічае ў мерапрыемствах вучылішча і заўсёды знаходзіць правільныя і добрыя словы, каб расказаць пра важнасць добрых учынкаў, сумленнасць, святасць сямейных адносін.

Для выхаванцаў спецыяльных навучальных устаноў закрытага тыпу абмежаваны магчымасці зносін з сям’ёй, соцыумам, але дабрыня для іх не павінна быць абмежаванай. Менавіта гэтым кіруюцца педагогі і святары пры рабоце з імі.

Убачыць святло духоўнасці

Кожная ўстанова выбудоўвае сваю сіс­тэму выхаваўчай работы. Нярэдка ў яе аснове ляжыць праектная дзейнасць. Ва ўстановах прафесійнай адукацыі ажыццяўляецца эксперыментальная дзейнасць па праекце “Апрабацыя мадэлі фарміравання духоўна-маральных каштоўнасцей у навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў пазавучэбнай дзейнасці”. Праект рэалізуюць некалькі ўстаноў адукацыі. Адна з іх — Гомельскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж кулінарыі, дзе ўвагу сканцэнтравалі на сямейным выхаванні.

У рамках работы над праектам былі распрацаваны 4 модулі, якія накіраваны на рознабаковае выхаванне асобы. Літаратурна-краязнаўчы модуль дае веды аб гісторыі, культуры нашай Радзімы, традыцыях беларускай сям’і. Модуль “Бібліятэка — цэнтр духоўна-маральнай асветы і выхавання” закліканы пазнаёміць з маральнымі асновамі, духоўным багаццем Беларусі, а таксама пераканаць навучэнцаў у тым, што сям’я — адна з найбольшых каштоўнасцей для чалавека. Модуль “Дарогаю дабра” выхоўвае міласэрнасць і сардэчнасць, модуль “Спазнай свет творчасці” дазваляе кожнаму знайсці прымяненне сваім здольнасцям.

Кожны модуль прадугледжвае работу над адным ці некалькімі праектамі. У кожным з праектаў прасочваецца галоўная ідэя фарміравання сямейных адносін праз выхаваўчыя мерапрыемствы і акцыі.

Напрыклад, у модуль “Бібліятэка — цэнтр духоўна-маральнай асветы і выхавання” ўключаны праекты “Духоўны патэнцыял Беларусі” і “Мастацтва быць разам”. У рамках апошняга прайшлі ток-шоу “Мама, я цябе люблю!”, літаратурная гасцёўня “Сям’я ўся разам — і душа на месцы”, інтэрактыўная гульня “Сям’я”, форум “Каханне і закаханасць”, вусны часопіс “Сучасная сям’я” і яшчэ мноства самых розных мерапрыемстваў, якія вучаць ствараць здаровую і добразычлівую атмасферу ў сям’і.

Праект “Спазнай сябе праз свет творчасці”, які з’яўляецца часткай модуля “Спазнай свет творчасці”, актывізаваў дзейнасць аб’яднанняў па інтарэсах мастацкага кірунку: вакальнай студыі “Лірыка”, журналісцкай студыі “Стоп, кадр”, танцавальнага гуртка “Крок наперад”, дызайнерскай студыі “Без меж”, аб’яднання па інтарэсах “Кулінар”. Дарэчы, усе навучэнцы каледжа ўцягнуты ў актыўную творчую дзейнасць. Кіраўнікі аб’яднанняў па інта­рэсах дапамагаюць навучэнцам праз творчасць знайсці ў сваёй душы самыя лепшыя ноты і зрабіць іх галоўным матывам жыцця.

Таксама каледж супрацоўнічае з Гомельскай епархіяй. Святар айцец Мікалай (Кадацкі) на працягу навучальнага года правёў цыкл гутарак аб сямейных каштоўнасцях. У рамках супрацоўніцтва ў каледжы функцыянаваў выставачна-лекцыйны комплекс “Чалавечы патэнцыял Беларусі”.

Важная частка работы — прыцягненне баць­коў да сумеснай дзейнасці з дзецьмі. Для гэтага каледж аб’яднаў намаганні з яслямі-садам № 170 і сярэдняй школай № 34 Гомеля, дзе ёсць групы па выхаванні дзяцей на праваслаўных традыцыях. Прайшлі майстар-класы па прыгатаванні піцы “Сямейнае свята” і па прыгатаванні бліноў “Блінная фантазія”, падчас якіх разам весела бавілі час дзеці і іх бацькі.

— Наша задача — зрабіць сям’ю нашым саюзнікам у выхаваўчым уздзеянні на дзіця. Аднак у працэсе рэалізацыі гэтай задачы ­ўзнікаюць цяжкасці, бо частка бацькоў жыве ў іншых гарадах і нават абласцях, што робіць зносіны педагогаў з імі больш складанымі. Для работы з імі на сайце ўстановы быў створаны бацькоўскі клуб “Сямейная гасцёўня”, дзе размяшчаюцца карысныя матэрыялы аб тым, як падтрымаць сваё дарослае дзіця, як пазбег­нуць эмацыянальных зрываў, зразумець сучасных падлеткаў, і іншая карысная інфармацыя. У гэтым годзе “Сямейная гасцёўня” збірала баць­коў і вочна, — расказала Галіна Мікалаеўна Шаўчэнка, намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Гомельскага ДПТК кулінарыі.

Праект дае добрыя вынікі: навучэнцы ра­зумеюць сваю адказнасць перад будучым шлюбам, нараджэннем і выхаваннем дзяцей, у іх фарміруецца ўяўленне аб ролі сям’і і шлюбу ў сучасным грамадстве.

На відэаканферэнцыі “Сям’я. Духоўнасць. Здароўе” прагучала шмат цікавых выступленняў. Усе яны аб’яднаны перакананасцю ў тым, што неабходна накіроўваць усе сілы на духоўна-маральнае выхаванне моладзі, таму што менавіта гэта стварае духоўны падмурак, на якім выбудоўваецца асоба.

Дар’я РЭВА.
Фотаздымкі прадастаўлены РІПА.