Моцныя супрацоўніцтвам

- 13:35Актуально, Апошнія запісы

Абноўленае пагадненне аб двухбаковым супрацоўніцтве падпісана паміж рэдакцыйна-выдавецкай установай “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” і галоўным упраўленнем па адукацыі Мінаблвыканкама.

Нагадаем, што рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” — гэта новая структура, якая з’явілася ў інфармацыйнай  прасторы краіны год назад і аб’яднала шэсць друкаваных сродкаў масавай інфармацыі і адзін электронны. У склад медыяаб’яднання ўвайшлі “Настаўніцкая газета”, газеты “Переходный возраст”, “Раніца”, “Домой”, часопісы “Народная асвета” і “Спорт time”, сеткавае выданне NG-PRESS.BY. Таксама нядаўна пачаў працаваць тэлеграм-канал “Настаўніцкай газеты”. 

 “Настаўніцкая газета” заўсёды працавала ў цеснай сувязі з педагагічнай грамадскасцю краіны, падкрэсліваючы сваю адкрытасць і заахвочваючы да супрацоўніцтва. Узаемадзеянне рэдакцыі з рэгіёнамі краіны — важны напрамак работы. Знакавым этапам гэтай дзейнасці стала рэалізацыя праекта “Творчае супрацоўніцтва і ўзаемадапамога ў сферы адукацыйных і інфармацыйных тэхналогій”, старт якому быў дадзены ў 2011 го­дзе. У рамках праекта былі адкрыты карэспандэнцкія пункты ў абласных цэнтрах краіны, якія з’яўляюцца своеасаблівымі рэгіянальнымі міні-рэдакцыямі.

 Выдавецкі дом “Педагагічная прэса” цалкам падзяляе ідэю збліжэння і супрацоўніцтва з рэгіёнамі і працягвае работу ў гэтым напрамку. Сведчаннем гэтага і стала падпісанне пагаднення аб двухбаковым супрацоўніцтве з галоўнымі ўпраўленнямі па адукацыі ва ўсіх абласцях краіны. На Міншчыне свае подпісы пад дакументам пакінулі дырэктар Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” Вадзім Аляксандравіч Кнышаў і начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Башко.

Падпісанне пагаднення ў новай рэдакцыі адкрывае дадатковыя магчымасці для павелічэння інфармацыйнага ахопу і пашырэння чытацкай аўдыторыі з ліку педагогаў Міншчыны. Кожнае выданне, якое ўваходзіць у склад Выдавецкага дома, мае канкрэтны прафесійны кірунак дзейнасці, працуе на сваю мэтавую аўдыторыю. Сфера дзейнасці неабсяжная, інфармацыйная прастора надзвычай прыдатная для рэалізацыі планаў і праектаў любых маштабаў.

Вадзім Аляксандравіч Кнышаў падкрэсліў, што педагогі Міншчыны заўсёды жаданыя госці на старонках выданняў рэдакцыйна-выдавецкай установы. Для іх ствараюцца ўмовы для выкарыстання ўсіх рэсурсных магчымасцей выданняў.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.