Моўны лайнер

- 12:51Адукацыйная прастора, Вышэйшая школа

Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт больш за сем дзесяцігоддзяў уваходзіць у топ­10 найбольш прэстыжных УВА краіны. Чаму на працягу многіх гадоў моладзь выбірае лінгвістычны і якія інавацыі ў навучанні дапамагаюць ёй авалодаць замежнымі мовамі, раскажа рэктар установы кандыдат педагагічных навук Наталля ЛАПЦЕВА.

На лінгвістычным прычале

— Наталля Яўгенаўна, колькі ўсяго моў студэнты вывучаюць у МДЛУ?

— 23 мовы. Дзве замежныя абавязковыя для вывучэння, трэцяя — па жаданні, але яна пазначаецца ў дадатку да дыплома. Нас вельмі радуе, што студэнты актыўна асвойваюць 3 замежныя мовы, але ёсць і тыя, хто нават спраўляецца з большай колькасцю. Многія, хто вывучаў у школе англійскую, спрабуе сябе ў розных спецыяльнасцях і напрамках. Мы прапаноўваем ім дадатковае вывучэнне з нуля нямецкай, французскай, іспанскай моў. Акрамя таго, нашы студэнты вывучаюць і кітайскую мову, якая становіцца вельмі запатрабаванай. Дарэчы, у мінулым годзе на спецыяльнасць “Пераклад і перакладазнаўства (кітайская мова)” конкурс перавышаў 2 чалавекі на месца.

Сёлета мы ўпершыню пачалі навучанне інданезійскай мове ў анлайн-фармаце на факультатыўнай аснове. Гэта асаблівая і цікавая мова, якая вельмі шырока прадстаўлена на нашай планеце. У нас ужо заключаны дагавор з універсітэтам Інданезіі. Назіраючы за плённым узаемадзеяннем нашых краін, думаецца, што інданезійская таксама можа стаць для нас адной з асноўных моў навучання. А яшчэ хутка пачнём прапаноўваць студэнтам вывучэнне урду — адной з моў Пакістана.

— Ці чакаць сёлетнім абітурыентам новаўвядзенняў?

— Уступная кампанія — 2022 у нашым універсітэце захавае свае добрыя традыцыі і прапануе абітурыентам цікавыя спецыяльнасці і напрамкі. Сярод найбольш папулярных такія спецыяльнасці, як “Сучасныя замежныя мовы (па напрамках)” і “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (па напрамках)”. У гэтым годзе перакладчыкаў запрашаем з 1 курса вывучаць арабскую і японскую мовы. Валоданне імі дазволіць выпускнікам праз 5 гадоў быць высока запатрабаванымі на рынку працы.

— Наколькі цесна МДЛУ супрацоўнічае з заказчыкамі кадраў?

— Мы значна павялічылі спектр нашага ўзаемадзеяння. Напрыклад, з лагістычнымі і ІТ-кампаніямі, якія ўдзельнічаюць у міжнародным гандлі і маюць патрэбу ў спецыялістах па міжкультурнай камунікацыі. Сярод найбольш значных нашых дагавораў — аб супрацоўніцтве з індустрыяльным паркам “Вялікі камень”, дзе ў розных напрамках змогуць рэалізаваць сябе студэнты, якія ведаюць кітайскую мову.

— Як паўплывае ўзмацненне ролі мэтавага накіравання?

— У апошнія два гады мэтавыя наборы ў пэўнай ступені дэманстравалі цікавасць абітурыентаў, мы назіралі конкурс на мэтавыя месцы. Безумоўна, мэтавае накіраванне для абітурыента — гэта пэўная гарантыя і стабільнасць у час паступлення. Для студэнта — упэўненасць у атрыманні месца ў інтэрнаце. А для выпускніка — разуменне, якім будзе яго першае рабочае месца. Да таго ж і практыку студэнт зможа праходзіць непасрэдна на сваім будучым працоўным месцы. Такі ланцужок пазітыўны, бо, з аднаго боку, на пачатковым этапе студэнты набываюць упэўненасць у вырашэнні вельмі складанай задачы паступлення і пераходу ад агульнаадукацыйнай да вышэйшай школы, а з другога — выпускнік менш трывожыцца наконт будучай работы. 

Стратэгічны напрамак МДЛУ — корпусная лінгвістыка, якая дапаможа сфарміраваць новую галіну навуковай школы і дазволіць камерцыялізаваць вынікі ўніверсітэцкіх даследаванняў.

Увогуле, мы бачым зацікаўленасць у падрыхтоўцы па дагаворах мэтавага навучання. І тут галоўнае, каб прыйшоў абітурыент, які свядома выбраў прафесію і настроены на яе атрыманне. Мне здаецца, мэтавае накіраванне — гэта важны крок у прафесійнай падрыхтоўцы, асабліва калі гаворка ідзе аб прафесіі настаўніка і выкладчыка. Прааналізаваўшы вынікі размеркавання мінулага года па спецыяльнасці “Сучасныя замежныя мовы (выкладанне)”, мы прыйшлі да высновы, што пераважная колькасць нашых выпускнікоў (каля 70%) працуе ў сістэме школьнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі.

— Акрамя мэтавага набору, што яшчэ зменіцца ў МДЛУ ў сувязі з абноўленым Кодэксам аб адукацыі?

— Мы пачалі актыўную работу па праектаванні новых вучэбных планаў бакалаўрыята. Пры гэтым у нас з’явяцца самастойныя спецыяльнасці “Сучасныя замежныя мовы” і “Перакладчыцкая справа”. Тэрмін навучання ў бакалаўрыяце складзе 4—4,5 года. Таксама распрацоўваем новыя праграмы і для магістратуры. Важным крокам для нас стане пашырэнне прафілізацый, што дасць магчымасць выкарыстоўваць мову як сродак прафесійнай дзейнасці. Нашы студэнты змогуць выбіраць сярод шырокага спектра прафілізацый: “Міжнародны гандаль”, “Маркетынг на сусветных рынках”, “Зялёная эканоміка”, “Медыякамунікацыя”, “Экспертна-аналітычная дзейнасць”. Такім чынам шырокая палітра прафілізацый дасць студэнту магчымасць адчуць свае здольнасці і пачынаючы з 2—3 курса асвоіць яшчэ і пэўны напрамак нараўне з вывучэннем замежнай мовы.

У моры інавацый 

— Якія новыя тэхналогіі ў навучанні дапамагаюць універсітэту быць на крок наперадзе пры падрыхтоўцы спецыялістаў?

— Новыя тэхналогіі ў навучанні замежным мовам з’яўляюцца даволі хутка. Напэўна, тут самым важным рухам для нас стала інтэграцыя афлайн- і анлайн-навучання. Ва ўніверсітэце паступова ўкараняецца адзіная адукацыйная платформа, ствараюцца лабараторыі. Так, ужо зараз адкрыта віртуальная лабараторыя па засваенні новых інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій для выкладчыкаў, а далей яна пачне працаваць і для студэнтаў. Усё гэта накіравана на тое, каб вучоба ва аўдыторыі магла гарманічна дапаўняцца навучаннем на адукацыйнай платформе з выкарыстаннем дыстанцыйных тэхналогій. Сюды дадаецца і анлайн-фармат. Такім чынам, адзін з асноўных нашых арыенціраў — стварэнне адукацыйнай іншамоўнай прасторы з улікам камбінавання афлайн- і анлайн-навучання.

Пры гэтым мы разумеем, што студэнту неабходна авалодаць вялікай колькасцю soft skills, у тым ліку займаючыся і прафесійнай дзейнасцю. Такое стратэгічнае камбінаванне дапаможа адрэагаваць на выклікі часу і падрыхтаваць абітурыентаў, студэнтаў новага пакалення. Хачу адзначыць, што ў гэтым годзе мы вярнуліся да правядзення дзён адкрытых дзвярэй у афлайн-фармаце. Нашы студэнты правялі вялікую прафарыентацыйную работу, наведаўшы каля 90 школ краіны. Са старшакласнікамі падзяліліся сваім меркаваннем, чаму варта выбіраць МДЛУ, што таксама дапаможа ім зрабіць свой свядомы выбар. Да таго ж школьнікі актыўна ўдзельнічалі ў нашай алімпіядзе па замежных мовах. Усё гэта сведчыць пра тое, што наш універсітэт застаецца ў топе запатрабаваных УВА. І мы з упэўненасцю гаворым, што гатовы прапаноўваць якасную адукацыю.

Адзін з асноўных нашых арыенціраў — стварэнне адукацыйнай іншамоўнай прасторы з улікам камбінавання афлайн- і анлайн-навучання.

— А з развіццём сучасных тэхналогій не адпадзе неабходнасць у прафесіі перакладчыка?

— Гэтае пытанне сапраўды хвалюе ўсіх, хто займаецца падрыхтоўкай перакладчыкаў, ды і проста лінгвістычнай адукацыяй. Але не прыдумалі яшчэ такога аўтаматычнага перакладчыка, які змог бы вырашыць усе неабходныя задачы. Хоць аўтаматычны пераклад сапраўды можа стаць асновай перакладу, але яго абавязкова неабходна апрацоўваць. Калі перакладае віртуальны перакладчык, ён перадае выключна тое, што гаворыцца, без эмацыянальнай афарбоўкі і без уліку нацыянальных і культурных асаблівасцей. А вось чалавек-перакладчык улічвае ўсе нюансы. Таму ці адпадзе прафесія перакладчыка — мы гаворым “не!”, але ці трэба вучыць будучых перакладчыкаў працаваць з сістэмамі аўтаматычнага перакладу — мы гаворым “так!”. І сёння, распрацоўваючы новыя вучэбныя планы, мы ўводзім модулі па навучанні рабоце з такімі сістэмамі.

— Сярод вашых студэнтаў — прадстаўнікі 44 краін. А ці вядзецца абмен студэнтамі?

— За час пандэміі колькасць замежных студэнтаў крыху знізілася, але прадстаўнікі ўсіх гэтых краін працягваюць навучанне, праўда, у розных фарматах. Каб заставацца цікавымі замежным абітурыентам, прапануем новыя спецыяльнасці і напрамкі, асабліва гэта тычыцца магістратуры. Мы распрацавалі эксперыментальную праграму для магістрантаў “Прафесійная камунікацыя. Пераклад” у выніку зносін з прадстаўнікамі Азербайджана, Арменіі, Узбекістана, Кітая, Дамініканскай Рэспублікі, Інданезіі, В’етнама. Усе яны выказваюць зацікаўленасць менавіта ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных перакладчыкаў. Таксама мы бачым вялікую зацікаўленасць прадстаўнікоў КНР у асваенні спецыяльнасці “Замежная літаратура” на англійскай мове.

МДЛУ — цэнтральны лайнер моўнай адукацыі нашай краіны, пра які добра ведаюць за мяжой і імкнуцца плыць менавіта на ім.

Што тычыцца абмену студэнтамі, то пакуль толькі студэнты Карэйскага ўніверсітэта вучацца ў нас, а нашы адправіліся да іх. Іншыя абмены прыпынены. Але мы прапануем альтэрнатыўныя праграмы сеткавага ўзаемадзеяння.

На навуковай хвалі

— Сёння ў сферы адукацыі асаблівая ўвага ўдзяляецца развіццю навукі. Якія навуковыя дасягненні ўніверсітэта вы адзначыце?

— Навука і адукацыя — гэта заўсёды дзве сястры. Мы атэставаны як навуковая арганізацыя. Па выніках гэтага навучальнага года ў нас значна павялічылася колькасць магістрантаў, якія ўдзельнічалі ў Рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых работ, — больш за 70 студэнтаў, сярод якіх многія сталі лаўрэатамі. Гэта сведчыць пра імкненне нашых навучэнцаў да правядзення даследаванняў, прычым шырокага профілю: лінгвістычных, псіхалагічных, педагагічных. Таксама мы вельмі рады, што значна павялічылася колькасць абароненых дысертацый. Зараз наш стратэгічны напрамак — корпусная лінгвістыка, якая дапаможа сфарміраваць новую галіну навуковай школы ўніверсітэта і дазволіць камерцыялізаваць вынікі нашых даследаванняў.

— Наталля Яўгенаўна, на пасадзе рэктара вы крыху больш за паўтара года, але ўсё ваша прафесійнае станаўленне звязана менавіта з МДЛУ…

— Так, лінгвістычны ўніверсітэт — гэта мае дасягненні і поспехі, пошукі і хваляванні. Я тут вучылася, заканчвала аспірантуру, абараняла дысертацыю. І пасля дастаткова доўгага перыяду работы ў БДУ зноў вярнулася сюды. Канечне, калі гаворыш “універсітэт”, то ўзгадваеш людзей, у якіх вучыўся і з якімі працаваў.

Ведаеце, я пераканана, што поспех кіраўніка заўсёды залежыць ад каманды. І ў мяне ёсць каманда тых, хто не складаючы рук гатоў рэагаваць на выклікі часу.

Увогуле, лінгвістычны ўніверсітэт — гэта цэнтральны лайнер моўнай адукацыі нашай краіны, пра які добра ведаюць за мяжой і імкнуцца плыць менавіта на ім. Гэта лайнер, што аб’ядноўвае шмат культур, для добразычлівага суіснавання якіх створаны спрыяльныя ўмовы. У той жа час наш лайнер сучасна абсталяваны, што дазваляе адчуваць камфорт падчас работы і навучання. А яшчэ наш лайнер напоўнены адкрытымі людзьмі, гатовымі да канструктыўнага ўзаемадзеяння і работы ў камандзе. Няхай так будзе і далей!

Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з архіва МДЛУ.