“Моўныя” грані

- 15:27Культура

Днямі ў сталічнай мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адбылася ўрачыстая прэзентацыя лепшых работ Рэспубліканскай культурна-асветніцкай акцыі “Грані творчасці — 2020”. Яе ўдзельнікамі сталі больш за дзве сотні твораў студэнтаў 24 устаноў вышэйшай адукацыі. Трылогія малой радзімы натхніла арганізатараў праекта — Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі — на генерацыю цікавай і актуальнай тэмы — тэмы роднай мовы. Якое ж гучанне маладыя мастакі і фатографы надалі сваім “моўным” творам, даведалася карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Творчы квест

Павіншаваць удзельнікаў рэспубліканскай выставы “Грані творчасці” 18 снежня прыйшлі прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай адукацыі і кіраўніцтва Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі. Так, намеснік дырэктара цэнтра Кацярына Кузьменка, павітаўшы ўсіх прысутных, падзякавала галерэі “Універсітэт культуры” за пляцоўку, прадастаўленую для дэманстрацыі лепшых работ студэнтаў розных УВА і кіраўнікоў іх творчых аб’яднанняў — таленавітых педагогаў, якія дапамагалі сваім студэнтам ажыццявіць творчыя задумы. “На наш праект было заяўлена звыш 250 работ, лепшыя з іх — у гэтай экспазіцыі. На працягу наступнага года творы будуц­ь вандраваць па розных УВА нашай краіны”, — дадала яна.

Аўтар і ініцыятар, ідэйны кіраўнік праекта “Грані творчасці”, загадчык аддзела сацыякультурных праектаў студэнцкай і навучэнскай моладзі НЦМТДіМ Алена Лаўрыновіч падкрэсліла, што праект мае вялікі філасофскі сэнс і сацыякультурны патэнцыял: “Некалькі гадоў назад мы вырашылі рабіць не проста выставу, а творчы квест з наборам заданняў. Таму кожны раз мы знаходзім тэму, якой студэнты прысвячаюць свае работы. Звычайна гэта выраз-пасыл знакамітага беларуса, які не мае тэрміну даўнасці. Корань нашага праекта ў тым, што студэнты звяртаюцца да гэтага тэксту, і паказваюць, як яны яго ўспрымаюць і візуалізуюц­ь сёння. Да таго ж наша выніковая выстава перасовачная, што дае нашым студэнтам не толькі магчымасць тварыць, але і камунікаваць, абменьвацца вопытам, бо фарміруецца пэўная творчая супольнасць як ва ўстановах вышэйшай адукацыі, так і ва ўсёй краіне, пачынаецца ўзаемадзеянне УВА са школамі і каледжамі, запрашаюцца пісьменнікі, мастакі, праводзяцца разнастайныя квесты. Таму наша выстава становіцца асновай для далейшых шматлікіх маладзёжных ініцыятыў”.

Сінтэз слова і мастацтва

Тэмай-дэвізам сёлетняга праекта “Грані творчасці” сталі словы Янкі Купалы: “Магутнае слова, ты, роднае слова!” У творах адлюстраваны сінтэз паэтычнага слова, традыцый беларускай культуры, выяўленчага мастацтва, фатаграфіі, лічбавай творчасці — візуальныя мастацкія эксперыменты сённяшніх студэнтаў. Вядомыя цытаты з твораў айчынных пісменнікаў і беларускія прыказкі нібыта ажылі ў працах, выкананых рознымі мастацкімі сродкамі і матэрыяламі.

Традыцыйна тэматычныя экспазіцыі рэспубліканскай выставы-конкурсу складаюць творчыя работы ў адпаведнасці з намінацыямі: “Летэрынг”, “Рэхарыфма”, “Фотаканцэпт”, “Візуальны сэт”. Аснову твораў — удзельнікаў намінацыі “Летэрынг” склалі творчыя асэн­саванні цытаты беларускага паэта У.Дубоўкі: “Родная мова, цудоўная мова! Ты нашых думак уток і аснова!” Другакурснік факультэта сацыякультурных камунікацый Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Кірыл Дзямешка стварыў работу “Моўныя ніткі” менавіта для гэтай намінацыі: “У мяне верацяно як сімвал вытоку, нашы моўныя ніткі як выток нашай гісторыі, мовы і культуры, таму я адлюстраваў яшчэ і беларускі ручнік”. Студэнт лічыць, што “грані творчасці — заўсёды бязмежныя, і творчасць нельга ўшчамляць”.

У намінацыі “Каляровая графіка. Рэхарыфма” прадстаўлены паштоўкі і віншаванкі, аснову якіх складаюць візуалізацыі беларускіх прыказак і прымавак, ілюстрацыі народных свят і рэгіянальных традыцый. Аўтары ўжывалі беларускія сімвалы і арнаментальныя матывы розных абрадаў. Сэнсам творчых работ сталі словы Л.Геніюш: “Мова родная, мова дзядоў! Іншай мовы мы сэрцам не чуем”.

Знайсці рэдка ўжывальныя ў сучасным жыцці або забытыя беларускія словы, якія маглі б найбольш трапна перадаць сутнасц­ь работы, сталі своеасаблівым заданнем намінацыі “Фотаканцэпт”. Аўтары стварылі канцэптуальныя фотапартрэты з рэччу, аб’ектам і рэпартажныя фотаздымкі выяў, падзей, якія з’яўляюцца ілюстрацыямі да выбраных імі слоў. Маладых творцаў натхнялі словы К.Цвіркі: “Як скарб дарагі, // Перададзены ў спадчыну, // У сэрцы хавае народ мой ад здрад // Праменнае звонкае слова матчына // Для песень сонечных і балад!” У гэтай намінацыі першакурснік Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта Глеб Рыжкоў прадставіў фотаработу “Світанак”, зробленую ў яго родным Слуцкім раёне: “Я вельмі люблю хадзіць у паходы. Аднойчы мы пайшлі на тыдзень на возера Рудня, дзе нават зрабілі самаробную лазню, а ранкам я сфатаграфаваў світанак”, — з задавальненнем прыгадвае юнак.

Трэцякурснік гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Сяргей Лейбук для “Фотаканцэпту” зрабіў пяць работ. Ён расказаў, што пачаў займацца фатаграфіяй у 10 класе, спачатку здымаў на тэлефон, а пасля дарос да прафесійнага апарата. “На гэтай выставе паказаны мае рэпартажныя работы, у асноўным гэта Мінск і Нясвіжскі раён. А ўвогуле тут дэманструюцца разнастайныя творы, якія паказваюць усе грані беларускага мастацтва і нацыянальнай культуры. Адметнасць такога праекта — у эмацыянальнай афарбоўцы, якую ён дае, бо давялося шукац­ь старабеларускія словы, разбірацца ў іх значэнні, што вельмі захапляюча і цікава”, — па­тлумачыў студэнт.

Намінацыя “Візуальны сэт” знаёміць з работамі ў розных тэхніках выяўленчага мастацтва, якія з’яўляюцца ілюстрацыямі да цытаты Якуба Коласа: “Слова — радасць, слова — чары, // Вобраз вечна юных вёсен, // Ёсць ты ўсюды: ў сонцы, ў хмары, // Ты глядзіш праз неба просінь. / Лашчыш слух мой…” Нядзіўна, што такія цудоўныя радкі натхнілі на стварэнне неверагодных карцін. Так, студэнт факультэта сацыякультурных камунікацый кафедры камунікатыўнага дызайну БДУ Захар Лявончык паказаў работы, створаныя пры дапамозе лічбавай графікі. Па словах аўтара, яго твор “Пачуцці”, прысвечаны беларускай паэзіі Багушэвіча і Цёткі, адлюстроўвае мужчыну і жанчыну як прабацькоў беларускай культуры, якія заў­сёды адраджалі і адраджаюць яе. “Мы павінны шанаваць родную мову і трансфармаваць яе ў сучасную рэальнасць, каб яна была актуальнай і цікавай нашым людзям. Сутнасць любога жывапісу і графікі ў тым, што яны валодаюць мноствам прачытанняў. І ў маім творы кожны ўбачыць штосьці блізкае яму. Увогуле праект “Грані творчасці” дае магчымасць маладым мастакам рэалізавацца, выказацца і заявіць пра сябе, паказаць, што ты можаш”, — дадаў ён. У гэтай жа намінацыі студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Кацярына Брагінец гуашшу напісала карціну “Бабулін край. І шчэміць сэрца мне…”: “Я паказала бабулін дом і вёску, каб нагадаць усім, што гэта месца, дзе цябе заўсёды чакаюць”.

Кіраўнік гуртка “Студыя ТВ” Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Алена Багдашыч адзначыла, што сёлета “Грані творчасці” натхнілі студэнтаў на знаёмства са старабеларускімі словамі: “Мы даведаліся шмат адметных слоў, напрыклад, такіх як “наўсцяж”, “сланечнік”, “зырчэць”, імкнуліся падабраць назвы да сваіх фотаработ, каб яны адлюстроўвалі і прыгажосць беларускага слова, і прыгажосц­ь фатаграфій. Такія праекты вельмі карысныя тым, што ты бачыш, якія работы выконваюц­ь іншыя людзі, і пачынаеш больш заўважаць прыгажосць сваёй краіны, магчыма, дадзеная экспазіцыя нават натхніць некага на новае падарожжа па Беларусі”.

І аматараў, і прафесіяналаў яднае творчасць

У Год малой радзімы студэнцкая моладзь прадстаўляе ў сучасным прачытанні паэтычныя вобразы шматграннай культуры нашага народа і ў творчасці выказвае сваё захапленне. Як адзначылі арганізатары выставы, аўтарамі з’яўляюцца не прафесійныя майстры, а аматары. Але нягледзячы на гэта, на думку прарэктара па выхаваўчай рабоце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Дар’і Кажамякі, дадзеная экспазіцыя — сапраўдная падзея 2020 года. “Ад імя кіраўніцтва нашага ўніверсітэта выказваю сваё захапленне май­стэрствам і прафесіяналізмам аўтараў прадстаўленых работ. Прыемна, што тут дэманструюцца не толькі кераміка, жывапіс, графіка, але і велізарная колькасць новых тэхнік і тэм, якія павінны быць узняты не толькі ў гэтым го­дзе, але і ў наступныя. Радуе, што наш універсітэт прадстаўлены асобнай залай, за што вялікі дзякуй арганізатарам. Таксама мы вельмі ўдзячны Міністэрству адукацыі за пастаянную падтрымку выхаваўчай работы і дзейнасці па развіцці мастацкай творчасці кожнага маладога чалавека ў нашай краіне. Вялікае дасягненне, што мы вытрымліваем тую высокую планку, якая была зададзена шмат гадоў назад, і ўзровень студэнцкага майстэрства павышаецца з кожным годам”.

У асобнай зале галерэі “Універсітэт культуры” прадстаўлены прафесійныя работы студэнтаў і выкладчыкаў кафедры народнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДУКіМ. “Керамічных твораў — 23 і каля 10 ткацкіх, кожную работу ствараў асобны аўтар, — расказала аспірант кафедры беларускай і сусветнай мастацкай культуры майстар вытворчага навучання кафедры народнага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДУКіМ Наталля Лінькова. — Мы не першы раз удзельнічаем у “Гранях творчасці” і заўважаем, як з кожным разам не проста мяняюцца аўтары, але і ўдасканальваюцца тэхнікі, тэхналогіі. Зараз у работах нашай кафедры адлюстраваны беларуская міфалогія, прырода роднага краю, і такім чынам адбываецца папулярызацыя народнай культуры і традыцый”. А яе калега, таксама майстар вытворчага навучання магістрант Вольга Тыртышная, адзначыла, што работы студэнтаў-аматараў таксама выдатныя, паказваюць “імкненне да адраджэння беларускіх традыцый і адлюстроўваюць любоў да Радзімы праз народныя каларыт і арнамент, якія можна ўбачыць у многіх работах”.

У час урачыстага адкрыцця для гасцей выставы студэнткі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка — удзельніцы Народнага літаратурнага тэатра “Жывое слова” — прачыталi шчырыя, прыгожыя вершы У.Караткевіча, Р.Барадуліна, М.Танка, прысвечаныя роднай беларускай мове. А Настасся Бярозка — удзельніца ансамбля інструментальнай музыкі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта — выканала кампазіцыю на скрыпцы “У стылі кантры”.

Сёння можна смела гаварыць пра тое, што новая экспазіцыя праекта “Грані творчасці” — яркая і беларускамоўная старонка ў мастацкай шматграннай творчасці айчынных студэнтаў. У галерэі “Універсітэт культуры” выстава будзе дэманстравацца да 4 студзеня, таму часу наведаць яе застаецца нямнога. Паспяшайцеся атрымаць свой мастацка-творчы зарад. І нагадаю, што затым да канца 2021 года выстава пабывае ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны, каб дыялог гісторыі і творчасці працягнуўся ў розных універсітэтах Беларусі ў форме інтэрактыўных прэзентацый і культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў з удзелам студэнцкай моладзі.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.