Выхавальніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці «Расток» Мар’інай Горкі Настасся Сідарава прывівае дзецям любоў да беларускай мовы праз выкарыстанне лялек, створаных яе рукамі. З вопытам работы педагога азнаёмілася карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
ДЦРД «Расток» з’яўляецца ўстановай дашкольнай адукацыі, аддаць у якую малых мараць многія бацькі. Нават яго будынак незвычайны, пабудаваны ў свой час па асаблівым фінскім праекце. Дзеля таго, каб дзіця магло атрымаць якасную дашкольную адукацыю, тут робіцца вельмі шмат.
Як расказала загадчык ДЦРД «Расток» Таццяна Мядзведзева, з 2007 г. у цэнтры функцыянуе школа ранняга развіцця, у якой ладзяцца заняткі з малышамі ад 1,5 да 3 гадоў. Для хлопчыкаў і дзяўчынак з 3 гадоў працуе 11 груп, з іх 4 інтэграваныя і 2 спецыяльныя для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Аб эфектыўнасці работы з дашкольнікамі з асаблівасцямі развіцця сведчыць той факт, што практычна ўсе выпускнікі спецыяльных груп ідуць вучыцца ў звычайныя класы школ. На базе ўстановы створаны рэсурсны цэнтр па рабоце з сем’ямі, якія выхоўваюць дзяцей дашкольнага ўзросту з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
У ДЦРД працуе фізкультурна-аздараўленчы комплекс з фізкультурнай і трэнажорнай заламі, басейнам. Ёсць выдатныя залы для заняткаў музыкай і харэаграфіяй, працуюць тэатральная і мастацкая студыі, абсталяваны экалагічны пакой з разнастайнымі раслінамі і жывым кутком і шмат чаго яшчэ. Педагогі і выхаванцы не раз перамагалі ў розных конкурсах, пацвярджаючы высокі ўзровень сваёй установы адукацыі.
З гэтага года ў шэрагу эфектыўных праектаў цэнтра з’явіўся яшчэ адзін, які накіраваны на развіццё маўлення сродкамі тэатральна-мастацкай дзейнасці. Увасабляе яго ў жыццё выхавальніца Настасся Сідарава, а дапамагаюць ёй у гэтым шматлікія лялькі, якія педагог стварае сваімі рукамі.
— Галоўным героем праекта стаў Дзед-Барадзед. Мае выхаванцы яго вельмі любяць, добра ведаюць, пад якую песеньку ён да іх прыходзіць. Дзед-Барадзед размаўляе з дзецьмі толькі на беларускай мове, і яны імкнуцца адказваць на ёй жа. Гэта выдатны стымул для вывучэння роднай мовы, — адзначае Настасся Сяргееўна.
У рамках праекта педагог стварыла музей стараславянскай лялькі. У ім прадстаўлены гульнявыя, абрадавыя, абярэгавыя лялькі, лялькі-перавёртышы. Перад тым як насяліць музей героямі, Н. Сідарава дасканала вывучыла тэму. Дзякуючы лялькам яна ў цікавай і займальнай форме знаёміць дзяцей з традыцыямі і светапоглядам нашых продкаў, беларускімі народнымі святамі.
Пад кіраўніцтвам выхавальніцы хлопчыкі і дзяўчынкі інсцэніруюць яркія беларускамоўныя казкі, пакідаючы ў шчырым захапленні гледачоў — іншых выхаванцаў, бацькоў, гасцей цэнтра. А яшчэ малыя даюць паказы з дапамогай батлейкі, якую зрабілі іх умелыя таты. З радасцю далучаюцца дашкаляты і да іншых відаў тэатра — пальчыкавага, настольнага, на фланелеграфе.
Н. Сідарава заўважае, што за час рэалізацыі праекта цікавасць дзяцей да беларускай мовы і ступень валодання ёю прыметна ўзраслі. Увасабляць яго працягнуць і ў наступным годзе.
Аксана МЫЦЬКО
Фота аўтара