Мова продкаў маіх і нашчадкаў маіх — беларуская родная мова!

- 14:41Нам пішуць

Роднае слова — першая крыніца, праз якую мы пазнаём жыццё і наваколле. Задача дашкольнай установы — далучаць выхаванцаў да багацця беларускай мовы, фарміраваць каштоўнаснае стаўленне да яе, развіваць актыўнае маўленне на роднай мове.

“Гартаючы старонкі роднай кнігі” — з дня ў дзень на працягу ўсяго тыдня роднай мовы выхаванцы Любчанскага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці разам з бацькамі падарожнічаюць па прасторах роднай мовы.

Першая старонка роднай кнігі “Чытаем па-беларуску” ў панядзелак паклікала дзяцей у казку. У групах прайшлі заняткі на беларускай мове “Ехаў казачнік Бай”, “У гасцях у народнай казкі”, “Казка-розуму падказка”.

Другі дзень тыдня прапанаваў выхаванцам “Кірмаш беларускіх народных гульняў”. З задавальненнем дзеці завучвалі вершаваныя радкі гульні “Крывы танок”, “Апанас”, “Халімон” і актыўна выконвалі рухі.

21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, да святкавання далучыліся бацькі выхаванцаў. Ранкам у цэнтры іх чакаў конкурс “Дапоўні прыказку”.

Гэтым жа днём для старэйшых дзяцей ладзілася гульня-спаборніцтва “Гучы, роднае слова!”. Каманды “Лявон” і “Васілінка” пазнавалі казку па яе героях, інсцэніравалі творы, вучыліся друкаваць словы, адгадвалі загадкі, спявалі калыханкі, знаёміліся з назвамі прадметаў побыту беларусаў, ігралі на музычных інструментах.

Любіць і шанаваць роднае слова заклікалі выхаванцаў цэнтра і падчас наведвання народнага музея Любчанскага краю, што размешчаны на базе Любчанскай сярэдняй школы. Дашкаляты пазнаёміліся з гісторыяй роднага краю, а асаблівы акцэнт у экскурсіі быў зроблены на літаратурную спадчыну беларускага народа.

Падчас правядзення тыдня роднай мовы метадычная база ўстановы папоўнілася новымі напрацоўкамі. Выхавальнік А.М.Гірыс падрыхтавала цікавы і змястоўны лэпбук (інтэрактыўная папка для дзяцей) на тэму “Беларусь — мая краіна”, які будзе выкарыстоўвацца на занятках па адукацыйнай галіне “Дзіця і грамадства”.
Наперадзе ў нас сустрэча з мясцовай паэткай М.Ф.Кісцень, якая пазнаёміць дзяцей са сваёй творчасцю. Вершаваныя творы пра Любчу, вясёлыя байкі для малых будуць даспадобы.

Відэаэкскурс “Навагрудчына. Мясцінамі паэта А.Міцкевіча”, прымеркаваны да 220-годдзя з дня яго нараджэння, правядзе дзяцей па сцежках жыцця і творчасці паэта.

Апошняя, пятая, старонка роднай кнігі падвядзе вынікі тыдня роднай мовы. Аб тым, ці чытаюць бацькі казкі сваім дзецям, будзе вядома па колькасці “пацерак” у конкурсе “Навяжы казку на звязку”.

Любіце і шануйце як святыню роднае слова!

Марына РАДЗЬКО,
загадчык Любчанскага ДЦРД Навагрудскага раёна.