Мова продкаў

Навучэнкі Старадварэцкага ясляў-сада — базавай школы Марыя Габрусевіч і Дарына Трафімчык узялі ўдзел у конкурсе “Мова продкаў” (намінацыя “Вершы на роднай мове” ва ўзроставай катэгорыі 6—11 гадоў) — прадставілі на суд журы вершы аб роднай Бераставіччыне.

Конкурс “Мова продкаў” быў арганізаваны дыстанцыйным цэнтрам гарманічнага развіцця “СА-Тварэнне” і прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы і стаў выдатнай магчымасцю прыцягнуць увагу падрастаючага пакалення да роднай мовы, прывіць любоў да яе, расказаць пра вытокі свайго роду і нацыі.

31 сакавіка наступіў хвалюючы дзень абвяшчэння пераможцаў Нацыянальнага тура другога патоку. У спісе — імёны і прозвішчы тых, чые працы ацэнены экспертамі не менш за 27 балаў з 30 магчымых. І там — прозвішчы нашых дзяўчат!

Гэта быў сур’ёзны экзамен, пасля якога лепшыя будуць змагацца за званне пераможцы. На фінал удзельнікі павінны будуць прадставіць відэазапіс вершаў на тэму “Мая Рэспубліка” вядомых аўтараў Беларусі.

Людміла ТАПАРЫЎСКАЯ,
настаўніца пачатковых класаў Старадварэцкага ясляў-сада — базавай школы
Бераставіцкага раёна Гродзенскай вобласці.