Мова родная, мова дзядоў!


Іншай мовы мы сэрцам не чуем.
Мілагучнасцю любых нам слоў,
Быццам музыкай, душу чаруем.
Я. Янішчыц

“Цудадзейная скарбонка Беларусі” — пад такой назвай прайшоў беларускамоўны чацвер у сярэдняй школе № 45 Магілёва. У 3 “І”, 3 “З” і 4 “І” — класах інтэграванага навучання — адбыўся конкурс на лепшага чытальніка беларускіх вершаў.

Увазе вучняў, настаўнікаў і гасцей мерапрыемства былі прадстаўлены творы класікаў літаратуры Я. Купалы, Я. Коласа, Ц. Гартнага, А. Міцкевіча, а таксама славутых пісьменнікаў-землякоў Аркадзя Куляшова, Аляксея Пысіна, Івана Чыгрынава, Ларысы Шайковай, Алеся Казекі і іншых.

Напярэдадні мерапрыемства вучням была прапанавана дзіцячая літаратура беларускіх пісьменнікаў аб сваёй Радзіме, творчая выстаўка і відэафільм пра жыццё і дзейнасць беларускіх пісьменнікаў А.Вольскага, В.Віткі, М.Пазнякова, дзякуючы якім вучні не толькі пазнаёміліся з лепшымі творамі пра родную Беларусь, але і заўважылі, што беларускае слова дасягнула значных вышынь.

Вучні інтэграваных класаў з захапленнем расказвалі любімыя вершы беларускіх паэтаў. Гучала магутнае беларускае слова, “самае багатае і чыстае”, як калісьці сказаў Адам Міцкевіч, глыбіня якога чароўна заварожвала сэрцы, розум і думкі. Фарміраванне сяброўскіх адносін паміж вучнямі, развіццё дзіцяці як творчай асобы, удасканаленне ўмення выразна, правільна і асэнсавана чытаць уголас, далучэнне да нацыянальнай беларускай культуры і спадчыны беларусаў — вось галоўная мэта, якую меў конкурс. Пераможцаў вызначыць было цяжка: усе з адказнасцю паставіліся да падрыхтоўкі. Пераможцамі сталі самыя таленавітыя: Данііл Навумаў (3 “І”), Таццяна Мядзведзева (3 “З”), Настасся Сінічкіна (4 “І”).

Спадзяёмся, што круглы стол з бацькамі і вучнямі “Беларуская мова ў вашай сям’і” паспрыяў развіццю нацыянальнай самасвядомасці і знайшоў водгук у нашых думках і пачуццях.

Пачуццё гонару за сваю Радзіму, родную мову, свой народ — галоўныя складнікі літаратурнага і патрыятычнага выхавання. Верыцца, што нашы выхаванцы будуць расці з разуменнем, што найвялікшы скарб народа — гэта яго нацыянальная мова — цудадзейная скарбонка Беларусі, адна з найпрыгажэйшых моў свету: самая мілагучная, трапная і пявучая…

Ала ЯЦКЕВІЧ,
настаўніца сярэдняй школы № 45 Магілёва.