На полацкіх вуліцах нярэдка можна пачуць гаворку на замежнай мове: горад штогод наведваюць тысячы турыстаў і бізнесменаў з усіх краін свету. Палачане любяць сустракаць гасцей і ўмеюць іх прымаць шчыра, ветліва, сардэчна — завітаўшы аднойчы, праз некаторы час абавязкова хочацца вярнуцца сюды зноў. Можа таму ўжо не першы раз заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па замежных мовах адбываецца менавіта ў Полацку?
На мінулым тыдні ён прымаў навучэнцаў з усіх куткоў Беларусі, гатовых да штурму алімпійскіх вяршынь: 180 таленавітых маладых людзей сабраліся прыняць удзел у іспытах, паспаборнічаць у веданні лексікі, граматыкі, разуменні прачытаных тэкставых заданняў і вырашэнні камунікатыўных задач, аўдзіраванні і гаварэнні. У заключным этапе алімпіяды па англійскай мове прынялі ўдзел 66, французскай — 45, нямецкай — 43, іспанскай — 26 навучэнцаў. У гендарных суадносінах сярод лепшых знаўцаў замежных моў — пераможцаў абласнога этапу алімпіяды — лідарства ўпэўнена трымалі прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, у выніку ў фінале сустрэліся 144 дзяўчыны і 36 юнакоў. Што тычыцца ўзросту — было чаму і здзівіцца, і парадавацца: поруч з навучэнцамі 11 і 10 класаў алімпіядныя заданні паспяхова выконвалі дзевяцікласнікі і васьмікласнікі, самымі ж юнымі ўдзельнікамі алімпіяды былі двое сямікласнікаў — Данііл Вярэніч і Ганна Янчанка (сярэдняя школа № 17 Гомеля імя Франсіска дэ Міранды, дыплом ІІІ ступені па іспанскай мове), а таксама шасцікласніца Катрын Шрайбер (гімназія № 2 Ліды, дыплом ІІІ ступені па нямецкай мове).
— Хочацца выказаць самыя шчырыя словы ўдзячнасці ўсім удзельнікам IV этапу алімпіяды. Розніца ў балах, якая вызначыла пераможцаў, у большасці выпадкаў была зусім невялікай: навучэнцы прадэманстравалі несумненныя здольнасці і глыбокія, трывалыя веды, уменне сканцэнтравацца і дабіцца патрэбных вынікаў — а значыць, могуць па праву ганарыцца тым, як яны выступілі, — падкрэсліла паўнамоцны прадстаўнік аргкамітэта заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па замежных мовах Ала Казючыц. — Дарэчы, не за гарамі той дзень, калі да нас далучыцца яшчэ адна каманда ўдзельнікаў па кітайскай мове. За арганізацыйную падтрымку асобая падзяка ўпраўленню адукацыі Віцебскага аблвыканкама і начальніку ўпраўлення Івану Шчурку, старшыні Полацкага райвыканкама Мікалаю Шаўчуку, начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму Полацкага райвыканкама Ірыне Драздовай; трэба адзначыць і бездакорную работу каманды журы, якое ўзначальвалі прадстаўнікі Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, і суправаджальнікаў, кіраўнікоў каманд — скаардынаваная дзейнасць, энтузіязм і прафесіяналізм гэтых людзей дапамаглі правесці спаборніцтва на высокім узроўні.
Не сумняваючыся ў справядлівасці знакамітага “галоўнае — не перамога, а ўдзел”, варта зазначыць: абвяшчэння імёнаў пераможцаў і прызёраў са спадзяваннем і заміраннем сэрца чакаў кожны з навучэнцаў. Урачыстую цырымонію ўзнагароджання распачалі гаспадары алімпіяды: намеснік старшыні Полацкага райвыканкама Пётр Пяткевіч уручыў спецыяльны прыз раённага выканаўчага камітэта лепшай палачанцы — удзельніцы алімпіяды Юліі Грыневіч. Спецыяльнымі прызамі міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь былі адзначаны Алеся Місура (гімназія № 1 Іўя), Надзея Ганчарова (Правамастоўская сярэдняя школа Мастоўскага раёна), Настасся Волкава (Межаўская сярэдняя школа Аршанскага раёна) і Данііл Вярэніч (сярэдняя школа № 17 Гомеля імя Франсіска дэ Міранды). Дыпломамі І ступені заключнага этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды і прызамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ўзнагароджаны:
па англійскай мове — Валерыя Пацко (сярэдняя школа № 14 Мазыра), Хрысціна Лазарчык (гімназія № 1 імя Францыска Скарыны Мінска), Цімур Брытвіч (гімназія № 3 Салігорска), Раман Малыхін (гімназія № 1 Віцебска), Ганна Кавалёва (Ліцэй БДУ);
па нямецкай мове — Алена Варламава (сярэдняя школа № 49 Гомеля), Вікторыя Гаўрылава (сярэдняя школа № 7 Брэста), Настасся Жыльнікава (сярэдняя школа № 49 Гомеля), Сюзан Груневальд (сярэдняя школа № 73 Мінска);
па французскай мове — Настасся Кірпічова (гімназія № 46 Гомеля імя Блеза Паскаля), Марыя Аленіна (Ліцэй БДУ), Аліна Строгая (гімназія № 8 Мінска), Маргарыта Сайчык (гімназія № 2 Ваўкавыска);
па іспанскай мове — Андрэй Масакоўскі (сярэдняя школа № 1 Бабруйска), Юлія Іванова (гімназія № 2 Віцебска).
Граматы за высокі ўзровень валодання вусным маўленнем і спецыяльныя прызы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта атрымалі Вераніка Мураўская (гімназія № 39 Мінска), Вікторыя Гаўрылава (сярэдняя школа № 7 Брэста), Надзея Шасцярэнь (гімназія № 74 Мінска), Ганна Паўлава (Ліцэй Барысава), Раман Малыхін (гімназія № 1 Віцебска), Настасся Жыльнікава (сярэдняя школа № 49 Гомеля), Ірына Ярашэвіч (сярэдняя школа № 15 Брэста), Ганна Есіс (сярэдняя школа № 139 Мінска); спецыяльны прыз Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта — Юлія Іванова (гімназія № 2 Віцебска). Віншаванні, сувеніры і каштоўныя прызы пераможцам і ўдзельнікам алімпіяды падрыхтавалі Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, а таксама замежныя госці — прадстаўнікі пасольстваў Францыі, Федэратыўнай Рэспублікі Германія і Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь.
— Зараз тут, побач са мной, знаходзяцца навучэнцы і педагогі, прадстаўнікі органаў выканаўчай улады і кіравання адукацыяй, замежныя госці — зусім розныя людзі, аднак адчуваецца зала нібыта адно цэлае. І гэта, напэўна, самы важны момант алімпіяды па замежных мовах: усведамленне, што ва ўсім свеце нас аб’ядноўваюць блізкія мэты, пачуцці, спадзяванні. Галоўнае, знайсці кропкі судакранання, у любой сітуацыі зразумець адно аднаго — здавалася б, проста, а разам з тым невымерна складана і жыццёва неабходна. У наш час не бывае далёкіх краін: Зямля — яна, па сутнасці, такая маленькая, — адзначыў першы намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Леанід Сцяпанаў. — Веданне замежных моў і нацыянальных культур ва ўсёй іх разнастайнасці пашырае кругагляд, дае магчымасць свабодна ўваходзіць у свет прафесійных і чалавечых узаемаадносін. Таму ўдзельнікам алімпіяды жадаю, каб не парывалі повязі з замежнымі мовамі, удасканальвалі свае веды і гэтымі ведамі прыносілі карысць нашай Беларусі.
Для гасцей Полаччыны насычаны падзеямі алімпіядны тыдзень стаў яркай старонкай жыцця: яны не толькі здолелі выявіць выдатнае валоданне прадметам, але і сустрэлі новых сяброў, атрымалі новыя ўражанні падчас канцэртаў і экскурсій па горадзе, наведвання яго музеяў, Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, Сафійскага сабора. У сваю чаргу падзеі алімпіяды адбіліся ў гісторыі старажытнага горада — Полацк жыве прадчуваннем новых сустрэч…
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.