Мудрасці, любові і шчасця!

Мы ў нашым журналісцкім жыцці сутыкаемся з рознымі людзьмі. І, трэба прызнаць, кантакт знаходзім не заўсёды. Але ёсць людзі, якія табе падабаюцца з першага погляду, якія цябе разумеюць з першага слова і якія змогуць зрабіць тое, што трэба. Такой жанчынай у маім жыцці стала Святлана Мікульчык, памочнік па ідэалагічнай рабоце загадчыка кафедры “Прамысловы дызайн і ўпакоўка” факультэта тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, старшы выкладчык. Мы ўжо не адзін год маем з ёй зносіны па розных прафесійных справах (найперш у рамках фестывалю-конкурсу “АРТ-вакацыі”), і мяне заўсёды па-добраму здзіўлялі яе прафесійнасць, адказнасць, шчырасць, гатоўнасць ісці на кантакт з прадстаўніком СМІ.

Падчас розных дыскусій у нас з ёй было мноства разумных размоў аб праблемах сённяшняй моладзі, аб тым, што трэба зрабіць, каб зацікавіць іх творчасцю і мастацтвам… Але напярэдадні 8 Сакавіка мне хацелася
не заглыбляцца ў праблемы, а задаць Святлане Юр’еўне проста некалькі жаночых пытанняў і пачуць яе жаночыя адказы.

— Святлана Юр’еўна, якія моманты вам найбольш запомніліся з вашага дзяцінства?

— У дзяцінстве можна знайсці многія адказы на пытанні, якія будуць хваляваць цябе ўсё наступнае жыццё. Як важна дзіцяці, асабліва дзяўчынцы, адчуваць любоў, клопат, падтрымку і абарону бацькі! Я заўсёды лічыла сябе шчаслівым дзіцем і любімай дачкой, таму што цяпло і пяшчоту як да дзяўчынкі адчувала ад свайго мудрага бацькі, які клапаціўся пра родных і быў сапраўдным кіраўніком усёй нашай дружнай сям’і.

У памяці ўсплываюць успаміны…

Мне тады было 7 гадоў (у 6 я пайшла ў школу, бо вельмі хацелася вучыцца!), і тата вельмі загадкава ўсміхаўся — гэта быў вечар 7 сакавіка. А раніцай нас з мамай чакаў вялікі сюрпрыз — святочнае снеданне і вялікія пунсовыя ружы! Хіба можна такое забыць, калі тата падарыў мне, малой, кветкі, а не нешта салодзенькае?!

— А што, па-вашаму, наогул быць жанчынай?

— На гэтае пытанне хачу даць адказ, звязваючы з дзяржавай, у якой жыву. Вельмі важна разумець, што тое права, якім валодаюць жанчыны ў Рэспубліцы Беларусь — шматграннае. Нашы жанчыны заканадаўча абаронены, а значыць, вольныя ў праве прыняцця рашэнняў. Быць жанчынай — гэта ў першую чаргу быць тым, хто любіць, і адказным чалавекам. Жанчына — гэта адданая і клапатлівая маці. Жанчына — гэта, у маім разуменні, сябар і верны спадарожнік па жыцці для мужа. Жанчына — гэта ўтульнасць і цяпло дома, у які з радасцю прыязджаюць дзеці і бацькі. Жанчына — гэта, нарэшце, неад’емная частка Радзімы. І быць жанчынай на нашай беларускай зямлі, з аднаго боку, складана, а з другога, проста. Створаны каласальныя ўмовы для творчай дзейнасці, магчымасці ства­раць і рухацца наперад, быць прыкладам для юнага пакалення, накіроўваць моладзь у правільнае рэчышча, садзейнічаць у развіцці ўнікальных здольнасцей юнакоў і дзяўчат, акуратна вывучаць патэнцыял моладзі з мэтай прадастаўлення ўдзелу ў цікавых конкурсах і выставах. І ўсё гэта ў руках жанчыны!

— А як асабіста вы знаходзіце са студэнтамі агульную мову?

— Праца з людзьмі — гэта заўсёды адказна і нялёгка, але менавіта таму важна памятаць і ведаць, што прафесія педагога іграе вельмі вялікую ролю ў станаўленні цябе як асобы і спецыяліста ў гэтай сферы. Менавіта таму многія не вы­трымліваюць і сыходзяць назаўсёды з педагогікі. Студэн­ты — гэта ў першую чаргу моладзь, людзі з рознымі асаблівасцямі і схільнасцямі. Вельмі важна своечасова ўбачыць (заў­важыць!) станоўчыя здольнасці ў кожнага студэнта, а далей падхапіць, накіраваць для ўдзелу ў адзін з конкурсаў, якія распрацаваны ў розных тэматычных абласцях Міністэрствам адукацыі, і паказаць удзельніку далейшыя перспектывы карысці распрацаваных ім праектаў для нашай дзяржавы.  Важна — не бяздзейнічаць, а мець пазітыўную і актыўную жыццёвую пазіцыю. І, вядома, бязмежна любіць беларускую зямлю.

Я не бачу неабходнасці спецыяльна шукаць агульную мову са студэнтамі. Калі студэнты бачаць, што ты неабыякавы да пытанняў, якія іх хвалююць, якімі яны жывуць, то неяк самі сабой усталёўваюцца даверлівыя і адкрытыя адносіны. З’яўляецца жаданне паказаць самае лепшае, здзівіць і такім чынам звярнуць на сябе ўвагу — і гэта ўсё праца. Толькі праца і жаданне працаваць ляжаць у аснове нашых цёплых і перспектыўных адносін!

Успомніце сябе. Якімі былі мы ў юныя гады?

— Адказ нараджаецца адразу: “Вясёлыя, вясёлыя, працавітыя і цікавыя!”

— Што для вас жыццё?

— Для мяне жыццё — гэта рух наперад і, вядома, быць запатрабаванай, быць карыснай. І вось тут вельмі важна дакладна правесці мяжу, каб “не спатыкнуцца” аб слова “працаголік”. Каб жыць і будаваць, патрэбны немалы рэзерв сіл, які неабходна аднаўляць, і важна эмацыянальна не выгараць. Утрымаць раўнавагу — гэта талент і ўмова для далейшага кроку наперад. І на гэтым этапе неацэнную паслугу аказвае толькі кіраўнік.

— Што для вас вясна?

— Вясна — гэта, вядома, абуджэнне прыроды! Набліжэнне вялікага жаночага свята 8 Сакавіка! Адчуванне асаблівага настрою і пах кветак, а яшчэ ўсмешкі на тварах людзей. Набліжэнне свята, шмат сонечных дзён і спевы птушак, доўгачаканае цяпло… Гэта ўсё вясна.

— Каго чакаеце ў госці на свята?

— Наша сям’я заўсёды была, ёсць і застаецца гасціннай. З дзяцінства памятаю сустрэчы бацькоў са сваякамі, сябрамі і знаёмымі! Прырода, вялікі круглы стол, вогнішча і вясёлы смех сяброў. А ў госці заўсёды рада бачыць маму (з велізарным задавальненнем ездзім сям’ёй і да яе!), дзяцей, усіх родных і блізкіх нам па духу людзей. А яшчэ, вядома, выпускнікоў.

— Што б вы пажадалі нашым жанчынам напярэдадні 8 Сакавіка?

— Усім жанчынам хачу пажадаць мудрасці, любові і шчасця! Цярпення, бяспекі, стабільнасці і міру!

Мікола ЧЭМЕР.