«Мудрыкі-ўсходазнаўцы»: гран-пры міжнароднага турніру – у беларускіх школьнікаў

- 16:00Образование: Беларусь — Китай

Першы міжнародны турнір «Мудрыкі-ўсходазнаўцы» арганізавалі на базе мінскай гімназіі № 12. Яе навучэнцы спаборнічалі з пачаткоўцамі з сярэдняй агульнаадукацыйнай школы № 2 з паглыбленым вывучэннем англійскай мовы і школы № 36 імя Г.Р. Дзяржавіна Вялікага Ноўгарада, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».

Мэта турніру – фарміраванне цікавасці да вывучэння кітайскай мовы і культуры.

Турнір праходзіў у некалькі этапаў. Ярка і арыгінальна, з аўтарскімі інструментальнымі, вакальнымі і паэтычнымі замалёўкамі каманды прэзентавалі сваю малую радзіму – геаграфічныя, культурныя і гістарычныя асаблівасці Беларусі і Расіі. Удзельнікі спаборнічалі ў спартыўных гульнях па матывах рускіх, кітайскіх і беларускіх народных гульняў. Яны паўтаралі матэрыял, вывучаны на занятках па кітайскай мове: базавыя іерогліфы, асаблівасці культуры і традыцый Кітая, цікавыя факты. Потым каманды прадставілі тэатральную інсцэніроўку, у якой абавязковым элементам была музычная частка (танец або выкананне песні).

Значную дапамогу ў падрыхтоўцы і правядзенні спаборніцтва аказалі педагогі 12-й гімназіі – настаўніца пачатковых класаў Наталля Чэпелева і настаўніца кітайскай мовы Лізавета Стэльмах, а таксама бацькі другакласнікаў.

У 2006 г. 12-я гімназія стала адной з першых устаноў адукацыі сталіцы, дзе пачалі выкладаць кітайскую мову. Сёлета ўсходняму кірунку для паглыблення ў свет мовы і культуры Паднябеснай з 1 класа аддалі перавагу больш за 30 маленькіх вучняў.

Па выніках турніру гран-пры заваявала каманда «Крылы будучыні» з ліку навучэнцаў 2 «А» мінскай гімназіі, а 1-е месца – каманда «Русічы», якая складалася з вучняў наўгародскіх школ.

Школьнікі Мінска і Вялікага Ноўгарада атрымалі магчымасць не толькі паказаць свой узровень валодання кітайскай мовай, веды ў галіне гісторыі, традыцый Кітая, але і прадставіць сваю нацыянальную культуру і традыцыі, – адзначыла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце гімназіі № 12 Дзіяна Новікава.

Наталля КАЛЯДЗІЧ
Фота прадастаўлены гімназіяй № 12 Мінска