Мультсерыял навучыць

Прэм’ера першага айчыннага мультфільма “Каманда 99” адбылася на канале YouТube: target99 Belarus. Гэта сапраўдны экалагічны дэтэктыў. У васьмі серыях адважныя супергероі-яноты будуць змагацца з монстрамі, што ўтвараюцца праз няправільнае сартаванне і ўтылізацыю смецця.

Здаецца, дзеці часцей за дарослых апошнім часам цытуюць ролік, у якім гаворыцца пра тое, што сартаванне смецця: “Наш клопат, а не янота”. Вясёлыя пухнатыя звяркі глядзяць з білбордаў і дакладна растлумачваюць, як раздзяляць адходы. Дарэчы, рух “Мэта-99” у краіне існуе ўжо некалькі гадоў. Яго мэта — навучыцца сартаваць 99% адходаў. Ініцыятарам і каардынатарам “Мэты-99” з’яўляецца аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў, створаны Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Цяпер гомельскія аніматары стварылі і прэзентавалі мультсерыял для дзяцей і іх бацькоў на тую ж актуальную тэму. Яноты расказваюць і паказваюць, як правільна абыходзіцца з тым, што многія дагэтуль лічаць смеццем. Стары часопіс, бутэлька ад соку, пакет з магазіна, батарэйка ці зламаны смартфон. Для кожнай з рэчаў ёсць свой шлях стаць карыснай. “Каманда 99” — сапраўдныя супергероі, якія штодзень ратуюць нашу планету ад смецця.

Жоўты янот Лімон сімвалізуе пластыкавыя адходы, зялёны янот Ківі — адходы паперы, а дзяўчынка-янот Ажына ўвасабляе адходы шкла. Кожны працоўны дзень — гэта заданне міжпланетнага маштабу. Адважныя яноты адпраўляюцца на сустрэчу з небяспечнымі монстрамі, якія ўтварыліся ў выніку няправільнага сартавання і ўтылізацыі адходаў. Героі экалагічнага дэтэктыва дзеляцца сваімі ведамі з гледачамі.

Урэшце задача мультфільма — з дзяцінства даць веды і звычкі ў абыходжанні з адходамі, лічыць прадстаўнік гомельскай анімацыйнай студыі Chin Up Таццяна Дабрыян:

— Гэта першы ў Беларусі і СНД мультсерыял на гэтую тэму. Сапраўдныя супергероі ратуюць планету ад смецця. Яны ведаюць, дзе знайсці другасныя рэсурсы і як іх правільна перапрацаваць. Першая серыя —  “Папяровы перапалох”  — ужо выйшла. Усяго гатовы чатыры серыі прыгод янотаў на розных планетах. Цяпер ідуць здымкі працягу.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.