“Мультымедыйная бібліятэка школьніка”: лёгка, зручна, функцыянальна

- 15:02Рознае, Суразмоўца

Некалькі гадоў назад “Настаўніцкая газета” пісала пра рэалізацыю па заказе Міністэрства адукацыі праекта стварэння праграмнага комплексу па выкарыстанні мультымедыйных падручнікаў, а таксама пра распрацоўку эксперыментальнага комплексу мультымедыйных падручнікаў па біялогіі для 6—11 класаў. Распрацоўшчыкам гэтага прадукту выступіў рэзідэнт Парка высокіх тэхналогій — кампанія “Сакрамент ІТ”. А сёлета напярэдадні новага навучальнага года міжведамаснай камісіяй, у склад якой увайшлі прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі і аховы здароўя, была прынята і адобрана “Мультымедыйная бібліятэка школьніка”, у якую ўключаны дзеючыя падручнікі і вучэбныя дапаможнікі для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. У гэтай бібліятэцы электронныя выданні аб’яднаны ў адзіную праграмна-тэхналагічную платформу з агульным пошука-навігацыйным інструментарыем. Пра асаблівасці гэтай распрацоўкі, шляхі доступу да яе рэсурсаў, вынікі апрабацыі ў навучальных установах краіны наш карэспандэнт гутарыць з дырэктарам кампаніі “Сакрамент ІТ” Валерыем Мікалаевічам ЯГОРАВЫМ.

— Валерый Мікалаевіч, няўжо мара пра лёгкія вучнёўскія партфелі ў старшых класах становіцца рэальнасцю? Раскажыце, калі ласка, пра прадукт, які ў вас атрымаўся.

— Гэта сапраўды так. Мы пастараліся максімальна аблягчыць вучнёўскі партфель да вагі электроннай прылады. Распрацаваны нашай кампаніяй праграмны комплекс “Мультымедыйная бібліятэка школьніка” ўяўляе сабой інтэрактыўную абалонку для ўзнаўлення электроннай формы падручніка ці вучэбнага дапаможніка. Ён утрымлівае мультымедыйную інфармацыю (графіку, аўдыя- і відэафрагменты), гіперспасылкі, тэрміналагічны слоўнік і пошук па матэрыялах бібліятэкі. На сёння ў бібліятэку ўключаны 150 падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў у электронным выглядзе, змест якіх адпавядае дзеючым папяровым падручнікам і вучэбным дапаможнікам для 5—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі.

Асноўнымі асаблівасцямі распрацоўкі сталі мультыплатформеннасць (праграмны комплекс працуе пад кіраўніцтвам аперацыйных сістэм Windows, Android, iOS на прыладах рознага тыпу: планшэтах, смартфонах, камп’ютарах і інш.), максімальная ідэнтычнасць папяроваму вучэбнаму дапаможніку, мультымедыйнасць (наяўнасць багатага кантэнту з магчымасцю дапаўнення і пашырэння, паколькі падтрымліваюцца дадатковыя тэксты, карцінкі, відэа- і аўдыяматэрыялы, трохмерныя выявы з дапамогай вярчэння і трансфармацыі). Калі ўмовы не дазваляюць карыстальніку чытаць тэкст ці ён вырашыў даць адпачыць вачам, то можна ўключыць функцыю сінтэзу маўлення і падручнік прачытае вам матэрыял, пазначаны адпаведным значком, услых.

У праграмным комплексе рэалізоўваецца шэраг мультымедыйных функцый, якія дазваляюць пашырыць магчымасці звычайнага папяровага падручніка. Дадатковыя матэрыялы праграмнага комплексу змяшчаюць ілюстрацыйны матэрыял, які актывізуе мысліцельную дзейнасць навучэнца і забяспечвае практычную нагляднасць навучання. Выкарыстанне аўдыяфрагментаў, якія агучаны прафесійнымі чытачамі, прадстаўлены ў аўтарскім выкананні ці створаны з дапамогай функцыі сінтэзу маўлення, дазваляе палепшыць успрыняцце новага матэрыялу, уздзейнічаючы на слыхавыя цэнтры галаўнога мозга.

Праграмны комплекс можна выкарыстоўваць на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці. У якасці дадатковага абсталявання можна прымяняць інтэрактыўныя дошкі, праектары, LCD-панэлі і г.д.

Выкарыстанне мультымедыйнай бібліятэкі дазваляе вучню авалодваць уменнямі работы з рознымі відамі інфармацыі з дапамогай камп’ютара (планшэта), арганізаваць уласную інфармацыйную дзейнасць і планаваць яе вынікі, рашаць вучэбныя і практычныя задачы, развіваць пазнавальныя інтарэсы, творчыя здольнасці сродкамі ІКТ, а педагогам — выкарыстоўваць дадатковую вучэбную інфармацыю, эканоміць час на ўроку, павышаць матывацыю школьнікаў да навучання, ажыццяўляць інтэграваны падыход у навучанні.

— Як прайшла апрабацыя “Мультымедыйнай бібліятэкі школьніка” ў навучальных установах? Якія яе вынікі?

— Мы праводзілі доследную эксплуатацыю праграмнага комплексу ў трох установах адукацыі Мінска — гімназіі № 5, сярэдніх школах № 30 і № 40 — і ў асноўным атрымалі станоўчыя водгукі. Чаму ў асноўным? Бо карыстальнікі ёсць розныя. Адны прызвычаіліся пастаянна ўзаемадзейнічаць са смартфонамі і планшэтамі (і гэта, як правіла, дзеці), і ў іх пытанняў не ўзнікае. А вось ёсць пытанні ў бацькоў і настаўнікаў. Яны часцей звязаны з адсутнасцю карыстальніцкіх навыкаў работы з электроннымі прыладамі. Ёсць пэўная катэгорыя карыстальнікаў, якія ўвогуле да ўсяго ставяцца адмоўна, нават не паспрабаваўшы працаваць.

У цэлым удзельнікі адукацыйнага працэсу адзначылі зручнасць выкарыстання прадукту, магчымасць паўтарыць пройдзены матэрыял, праслухоўваць пэўныя матэрыялы. Некаторыя заўвагі тычыліся ўдасканалення інтэрфейсу, каб зрабіць яго больш зразумелым карыстальніку.

Лічу, што недахоп у гэтым прадукце толькі адзін: ён патрабуе тлумачальнай работы па выкарыстанні сярод настаўнікаў, дырэктараў, бацькоў, бо рэальна пераўзыходзіць тыя распрацоўкі, што былі раней і прадстаўлены на рынку зараз. Практыка паказвае, што на працягу 10 хвілін размовы ў любой аўдыторыі праграма паспяхова асвойваецца. І гэтую тлумачальную работу мы плануем праводзіць праз семінары, праз спецыялізаваныя сайты, праз сродкі масавай інфармацыі. У БДПУ імя Максіма Танка плануецца правесці вэбінар па азнаямленні студэнтаў і педагогаў з мультымедыйнай бібліятэкай, а таксама пазнаёміць з прадуктам педагогаў у рэгіянальных інстытутах развіцця адукацыі. Безумоўна, мы разумеем, што сіла інерцыі і звычкі, што склаліся, не дазволяць у адзін момант адмовіцца ад папяровых падручнікаў. Па розных ацэнках, каля 80 працэнтаў бацькоў станоўча прымаюць навінку, але лічаць, што ўсё ж некаторы час варта было б захаваць і традыцыйныя дапаможнікі паралельна з электроннымі.

— Валерый Мікалаевіч, думаю, многія бацькі і педагогі скажуць, што на нацыянальным адукацыйным партале размешчаны электронныя версіі падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў у pdf-фармаце і яны спампоўваюцца бясплатна. У чым перавагі вашай распрацоўкі?

— Час не стаіць на месцы, і вельмі актыўна змяненні адбываюцца і ў сферы ІКТ. Любы ІТ-спецыяліст альбо нават прасунуты карыстальнік сёння скажа вам, што падручнікі ў pdf-фармаце — гэта ўжо мінулае стагоддзе. Гэта фіксаваная вёрстка, не вельмі зручная, бо на экране любой электроннай прылады даводзіцца рухацца ўзад-уперад, і яна шкодная для зроку, калі доўга карыстацца.

Для зручнасці карыстальніка ў кнігах мультымедыйнай бібліятэкі захавана нумарацыя папяровых старонак. Пераход па старонках ажыццяўляецца з дыялогавага акна, якое адкрываецца пры націсканні на кнопку “Старонкі” на панэлі інструментаў унутры кнігі. Дынамічная вёрстка дазваляе камфортна працаваць з вучэбным матэрыялам пры змяненні яго арыентацыі; карыстальнік мае магчымасць зрабіць настройкі аптымальнага для яго памеру шрыфту. Папяровыя падручнікі змяшчаюць зноскі на незнаёмыя тэрміны і адсылкі на дадатковую інфармацыю, размешчаную напрыканцы кнігі, на форзацах і г.д. У мультымедыйных кнігах бібліятэкі даныя перанапрамку аформлены ў выглядзе гіперспасылак.

Наш падыход адрозніваецца ад іншых падобных распрацовак тым, што ўпершыню прапанаваны не разрозненыя падручнікі, а адзіная мультымедыйная база ведаў, якая ахоплівае ўсю школьную праграму. Да таго ж ніхто яшчэ не імкнуўся выкарыстоўваць у такіх праектах тэхналогіі сінтэзу маўлення, якая дазваляе вербалізаваць тэксты, што разам з функцыяй змянення шрыфтоў дае магчымасць выбару індывідуальнага спосабу ўспрымання матэрыялу. Сінтэзаванае маўленне можна экспартаваць у аўдыяфайл і захаваць на прыладзе з мэтай далейшай работы з ім. Перавагі нашага рашэння ў тым, што яно дазваляе аптымізаваць рэжым пошуку патрэбнай інфармацыі, вяртацца да вывучанага раней матэрыялу, каб паўтарыць яго ці самастойна рухацца наперад, асвойваючы падручнікі. З’яўляецца таксама магчымасць арганізацыі міжпрадметных сувязей, калі школьнік, вывучаючы пэўны працэс, напрыклад, у біялогіі, можа азнаёміцца з тым, як бачыць гэтую ж з’яву хімія, фізіка ці, напрыклад, псіхалогія. Пры гэтым у навучэнца будзе развівацца мысленне даследчыка, комплекснае бачанне, здольнасць аналізаваць і глядзець на рэчы з розных бакоў.

— Як можна атрымаць доступ да мультымедыйнай бібліятэкі школьніка?

— Доступ да мультымедыйнай бібліятэкі ажыццяўляецца ў рэжыме афлайн (спампоўванне). Гэтая мадэль адрозніваецца тым, што купленыя электронныя версіі падручнікаў (дадатковых матэрыялаў) спампоўваюцца на прыладу навучэнца і для доступу да іх не патрабуецца падключэнне да сеткі інтэрнэт. Навучэнцу неабходна зарэгістравацца на сайце mbook.by, спампаваць дадатак для Android, іОS, Windows, азнаёміцца з дэманстрацыйнымі кнігамі; набыць камплект падручнікаў. Сістэма абароны ад несанкцыянаванага капіравання залежыць ад платформы, якая выкарыстоўваецца. Карыстальнік можа ўстанавіць бібліятэку адразу на некалькі прылад — не больш чым тры. Абнаўленні адбываюцца бясплатна, і купляць лепш зараз — да новага года дзейнічае стартавая цана. Прыкладны кошт 100 падручнікаў з 5 па 11 клас складае 30 рублёў. Камплект для аднаго класа каштуе 9 рублёў.

Акрамя таго, могуць выкарыстоўвацца і іншыя мадэлі продажу кантэнту мабільнай бібліятэкі. Так, у прыватнасці, для ўстаноў адукацыі можа выконвацца пастаўка апаратна-праграмных комплексаў з устаноўленымі праграмнымі сродкамі доступу да рэсурсаў МБШ.

На сёння плануецца, што настаўнікі атрымаюць гэты прадукт бясплатна. Калі педагог зацікаўлены і будзе яго выкарыстоўваць, ён запаўняе спецыяльную анкету, а потым прадстаўляе распрацоўку і рэкамендуе яе вучням і іх бацькам.

Продаж мультымедыйнай бібліятэкі ажыццяўляе Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства “Беларускае гандлёвае аб’яднанне “Глобус”, куды таксама можна звярнуцца ўсім жадаючым.

Завяршаецца работа па рэалізацыі яшчэ адной мадэлі доступу — падпісцы на воблачны доступ у рэжыме анлайн. Усе рэсурсы МБШ захоўваюцца ў воблачным сховішчы. Для доступу да бібліятэкі карыстальнік спампоўвае дадатак (для мабільных прыстасаванняў — з інтэрнэт-магазінаў AppStore ці GooglePlay, для камп’ютараў — з сайта распрацоўшчыка). Далей карыстальнік павінен аформіць платную падпіску на рэсурсы бібліятэкі. Доступ забяспечваецца праз інтэрнэт да актуальнай версіі падручніка ці вучэбнага дапаможніка, якія знаходзяцца ў сховішчы. Пры гэтым на мабільную прыладу спампоўваецца бягучая версія падручніка, якая па меры яго змянення аўтаматычна абнаўляецца на актуальную. Прадугледжваюцца дзве формы падпіскі: стандартная (толькі на падручнікі, рэкамендаваныя Міністэрствам адукацыі), пашыраная (на дадатковыя рэсурсы, інтэрактыўныя паслугі).

— Валерый Мікалаевіч, праграмнае забеспячэнне, якім карыстаюцца педагогі і вучні ў адукацыйным працэсе, пастаянна мадэрнізуецца і абнаўляецца. Як вы плануеце ўдасканальваць распрацаваны вамі прадукт?

— У нас шмат задумак і ідэй. У далейшым плануецца пашыраць кантэнт мультымедыйнай бібліятэкі, уключаць у яе лічбавыя версіі новых падручнікаў (праўда, зараз ёсць некаторыя праблемы з заключэннем дамоўленасцей з аўтарскімі калектывамі), пашыраць магчымасці шляхам інтэграцыі мультымедыйнай бібліятэкі з адукацыйнымі рэсурсамі і паслугамі пабочных распрацоўшчыкаў (напрыклад, сістэм анлайнавага навучання і трэнінгу, электроннага дзённіка).

На працягу найбліжэйшых трох гадоў прадугледжваецца ўкараненне галасавога памочніка, заснаванага на ўбудаванай сістэме распазнавання маўлення. Гэты памочнік, у прыватнасці, будзе выкарыстоўвацца для фарміравання пошукавых запытаў па кантэнце мультымедыйнай бібліятэкі. Адначасова плануецца распрацоўваць і ўкараняць інтэлектуальную сістэму пошуку інфармацыі, якая базіруецца на семантычнай сетцы. Таксама запланавана рэалізацыя функцыі інтэрактыўнага кансультанта па складаных раздзелах падручніка, функцыі падтрымкі канспекта, інтэграванага ў падручнік, калі вучань можа ўносіць свае заўвагі да любога параграфа. Прычым прадугледжваецца функцыя канспекта вучня і функцыя канспекта настаўніка. Настаўнік спампоўвае праграму і прапаноўвае вучням увесці прома-код. Такім чынам дзеці трапляюць у групу настаўніка і пачынаюць атрымліваць усе яго каментарыі ці заўвагі пры наяўнасці інтэрнэту.

Развіццё змястоўнага напаўнення прадугледжвае фарміраванне дадатковых кніжных паліц. Першая будзе ўключаць электронныя версіі розных выданняў (дапаможнікаў), навукова-папулярнай літаратуры і г.д., якімі могуць карыстацца вучні, настаўнікі і бацькі. Напрыклад, у стадыі распрацоўкі знаходзіцца паліца з літаратурай, якая даецца навучэнцам для чытання на лета.

Акрамя таго, прадугледжваецца фарміраванне спецыялізаваных раздзелаў МБШ для мэтавых аўдыторый: МБШ для бацькоў, якая будзе змяшчаць матэрыялы, арыентаваныя на выхаванне здаровага дзіцяці, раннюю дыягностыку адхіленняў і г.д., МБШ для настаўнікаў (метадычныя матэрыялы, уключаючы паўрочнае планаванне, звязаныя з іншым кантэнтам МБШ). Дарэчы, зараз у рабоце знаходзяцца відэаўрокі педагогаў, а таксама тэставыя матэрыялы.

Наша платформа спадабалася замежным партнёрам, і мы плануем прадставіць прадукт на прасторы краін СНД для выкарыстання ў іх нацыянальных сістэмах адукацыі. Мы мяркуем, што з’яўленне мультымедыйнай бібліятэкі дазволіць вырашыць праблему забяспечанасці школьнікаў вучэбнай літаратурай. Электронная форма дас ць магчымасць знізіць выдаткі на выданне папяровых падручнікаў (на гэтыя мэты выдзяляюцца мільярды рублёў), акрамя таго, лёгка можна будзе аднаўляць вучэбную літаратуру: хутка выпраўляць памылкі друку, дадаваць новыя матэрыялы.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.