Мультыпрофільнае навучанне — адказнасць вучня і настаўніка

- 12:55Навіны рэгіёнаў

На працягу апошніх гадоў гімназія № 1 Навагрудка з’яўляецца адным з лідараў сярод устаноў адукацыі Навагрудскага раёна. Па выніках работы за 2013 і 2014 гады навучальная ўстанова займала першае месца ў раённым конкурсе “Школа ўзорнай якасці і парадку”. 
Аб тым, як дасягнуць такіх вынікаў, як падтрымаць высокі статус гімназіі, мы размаўляем з дырэктарам Святланай АЛЯХНОВІЧ.

— Святлана Іванаўна, што, на вашу думку, з’яўляецца падмуркам дасягненняў калектыву гімназіі?
— Сумленная штодзённая праца педагогаў, вучняў, работнікаў; традыцыі, закладзеныя першым дырэктарам гімназіі Таццянай Георгіеўнай Мароз; цеснае супрацоўніцтва гімназіі і сям’і; жаданне ўспрымаць свет, людзей, жыццё з пазіцыі любові; правільны выбар новых форм навучання.

— Якія дасягненні вашых настаўнікаў і вучняў лічыце самымі значнымі?
— На раённым злёце перадавікоў вытворчасці, які адбыўся на пачатку гэтага года, старшыня райвыканкама Анатоль Маркевіч чарговы раз уручыў калектыву гімназіі дыплом пераможцы па выніках спаборніцтва сярод арганізацый сацыяльна-культурнай сферы і сацыяльнага развіцця Навагрудскага раёна за 2014 год. У намінацыі “Лепшы па прафесіі” сярод работнікаў сацыяльна-культурнай сферы пераможцай стала Людміла Малуха, настаўніца гісторыі. Сваё ўзнагароджанне ў гэтай намінацыі ўспрымаю як аванс для сябе і для ўсяго калектыву гімназіі. За ўклад у развіццё сістэмы адукацыі адзначана таксама настаўніца абслуговай працы Людміла Аляшкевіч.
За апошні год зроблена многа ў плане ўмацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы гімназіі. Быў поўнасцю адрамантаваны кабінет фізікі. Па праекце забеспячэння школьных кабінетаў сучасным вучэбным абсталяваннем цэнтралізавана атрыманы новае абсталяванне і мэбля. Устаноўлены новы камп’ютарны клас. Сёлета музейны пакой рэарганізаваны ў музей “Вытокі”. Асноўнымі раздзеламі экспазіцыі сталі: фальклорна-этнаграфічны, “Мысліцелі і асветнікі зямлі навагрудскай”, “Навагрудчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, “Гісторыя гімназіі: учора, сёння, заўтра”.
Вучні гімназіі дэманструюць свой талент у розных кірунках. Сярод іх ёсць выдатныя інтэлектуалы і спартсмены, творчыя асобы. Даніла Апалонік, навучэнец 7 “Б” класа, стаў пераможцам ІІ Міжнароднага творчага конкурсу “Слова за намі!”. Уладзіслаў Барадзін, навучэнец 10 “Б” класа, па выніках удзелу ў VII Міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941—1945 гадоў у гістарычнай памяці народа” ўзнагароджаны дыпломам ІІІ ступені.
Па выніках трэцяга этапу рэспубліканскіх прадметных алімпіяд Іна Улога, Уладзіслаў Кізюк, Таццяна Стальмашка, Захар Давыдзенка ўзнагароджаны дыпломамі ІІІ ступені. За ўдзел у Рэспубліканскім конкурсе творчых работ “Мясціны майго дзяцінства” ў рамках рэспубліканскай акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся” каманда гімназіі ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені на рэспубліканскім этапе.

— Як працуе ў гімназіі электронны дзённік? Якое стаўленне да такой формы работы навучэнцаў, настаўнікаў і бацькоў?
— Дзейнасць усяго педагагічнага калектыву накіравана на паляпшэнне якасці адукацыі. Інфармацыйныя тэхналогіі дапамагаюць у час заняткаў, а электронны дзённік дазваляе бацькам кантраляваць вучэбную дзейнасць навучэнцаў і стымуляваць дзяцей на дасягненне лепшых вынікаў. Дзённік размешчаны на сайце гімназіі, працуе на бясплатнай платформе. Настаўнікі і бацькі маюць пароль доступу і могуць у любы час праз інтэрнэт працаваць з ім.

— Якія новыя кірункі працы вы б яшчэ адзначылі?
— З 2014/2015 навучальнага года працуе паралель 10-х мультыпрофільных класаў. Такая форма профільнай адукацыі была намі апрабавана ў 2004—2007 гг. у рамках рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі мультыпрофільнага навучання ў старшых класах”.
Сёлета ў вучняў ёсць магчымасць вывучаць на паглыбленым узроўні тыя прадметы, якія дадуць магчымасць у будучым рэалізаваць свае прафесійныя намеры. Дзейнічаюць 12 груп па 8 прадметах. Прымяняецца як прадметна-групавая, так і класна-ўрочная сістэма заняткаў. Адзін вучань з’яўляецца членам 3—5 розных груп, у залежнасці ад выбару вучэбных прадметаў.
Мультыпрофільнае навучанне — гэта асабісты выбар падлеткаў і стымуляванне іх да самастойнай дзейнасці, што садзейнічае развіццю такіх якасцей асобы, як адказнасць за свае ўчынкі і рашэнні. Гэта спрыяе і выбару будучай прафесіі. Гэта новыя патрабаванні і да прафесійнай падрыхтоўкі настаўніка, які працуе ў базавых класах і ў групах з павышаным узроўнем навучання, з высокаматываванымі дзецьмі.
Мы лічым, што на сённяшні дзень гэта адна з эфектыўных форм навучання для вырашэння такой задачы, як фарміраванне і развіццё ключавых кампетэнцый вучняў, фарміраванне інавацыйнага мыслення і педагогаў, і навучэнцаў.
У бягучым годзе завяршаецца рэалізацыя інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі аўтэнтычнага адукацыйнага асяроддзя з мэтай фарміравання сацыякультурнай кампетэнцыі навучэнцаў”. Выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій на ўроках англійскай і французскай мовы дазваляе стварыць новае адукацыйнае асяроддзе, якое імітуе моўны дыялог, віртуальна прадстаўляе іншамоўнае асяроддзе мовы, якая вывучаецца, і культуры. У рамках праекта настаўнікі Вольга Кунашка, Вольга Лазоўская, Настасся Анікевіч распрацавалі шэраг электронных сродкаў навучання, што дазволіла больш эфектыўна і цікава арганізаваць адукацыйны працэс у 5—8 класах.
На наступны навучальны год пададзена заяўка на ўдзел у новым інавацыйным праекце.

— Хутка час чарговага развітання з адзінаццацікласнікамі. Якія яны, выпускнікі гімназіі № 1 2015 года?
— Актыўныя, неабыякавыя, таленавітыя, ініцыятыўныя. Сярод іх удзельнікі алімпіяднага руху Таццяна Стальмашка, Дар’я Спасюк, Вера Аброжка, Дзіяна Стасевіч, Вікторыя Бяляева, Уладзіслаў Пакосенка, актывісты маладзёжнага руху Дар’я Патапчык, Алена Запольская, Валерыя Крывіцкая, якая з’яўляецца членам абласнога маладзёжнага парламента.
Гімназія чарговы раз стала пераможцай раённай спартакіяды, і ў гэтым немалая заслуга нашых спартсменаў — Ільі Маркевіча, Паўла Кіслага, Ягора Нагарновіча, Аляксандра Гасцілы.

— Сёлета адзначаецца 70-годдзе Вялікай Перамогі. Якія справы прысвячаеце гэтай важнай даце?
— У лютым у гімназіі стартаваў фестываль-конкурс творчасці дзяцей і моладзі “Вянок славы”, прысвечаны
70-годдзю Вялікай Перамогі. Вучні і настаўнікі актыўна ўключыліся ў гэтую справу. 9 красавіка на тэрыторыі гімназіі быў закладзены яблыневы сад, а праз некалькі дзён адбыўся піянерскі збор, дзе кожнаму піянерскаму атраду было ўручана пасведчанне аб шэфстве над дрэўцамі сада. Піянеры з радасцю прынялі ўскладзены абавязак.
Працягваецца пошукавая работа з мэтай папаўнення экспазіцыі музея і ўвекавечання памяці тых, хто загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны.

— Аб чым марыць дырэктар гімназіі?
— Каб кожны член нашага вялікага калектыву — вучні, настаўнікі, бацькі — змог рэалізаваць свае задумы, каб вучань стаў АСОБАЙ, настаўнік прафесійна не выгараў, а бацькі былі задаволены тымі адукацыйнымі паслугамі, якія прадастаўляе гімназія.
Было б нядрэнна правесці капітальны рамонт, бо гэта магло б стаць добрым падарункам гімназіі — у 2016 годзе будзем адзначаць трыццацігадовы юбілей з дня адкрыцця навучальнай установы.
Аднак гэта не азначае, што мы не працуем над умацаваннем матэрыяльнай базы. За апошнія гады з дапамогай папячыцельскага савета, бацькоў, шэфскіх прадпрыемстваў зроблена шмат. Адрамантаваны класныя пакоі, актавая зала, рэкрэацыі, службовыя памяшканні. У нас дзейнічае цвёрдае правіла беражлівых адносін да маёмасці, што дазваляе на працягу доўгага часу падтрымліваць усё ў добрым выглядзе.
А яшчэ мару, каб усе мы былі здаровымі, а гімназія заставалася адметнай установай у раённай адукацыйнай прасторы, бо мой дэвіз па жыцці “Быць першым сярод роўных”.
Калі гаварыць на перспектыву, то гэта пашырэнне алімпіяднага руху, даследчай дзейнасці. У найбліжэйшы час — летні адпачынак дзяцей. У гімназіі будуць працаваць аздараўленчы лагер для дзяцей, якія вучацца на першай ступені агульнай базавай адукацыі, і працоўны лагер для навучэнцаў 8, 10 класаў. Хочацца, каб радасць, смех дзяцей і добры настрой панавалі ў нашай гімназіі.

Гутарыла Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.