Мундзір пасуе да душы

- 15:31Нам пішуць

Як можна адзначыць Дзень абаронцаў Айчыны без сустрэчы з яе славутымі заступнікамі?! Сталічная школа № 21 імя М.Ф.Гастэлы напярэдадні свята прымала ў гасцях прадстаўнікоў розных ваенных сфер, якія маюць вялікі вопыт служэння Радзіме і жадаюць падзяліцца ім з падрастаючым пакаленнем. Мы ганарова называем сябе “гастэлаўцамі” і з вялікай пашанай ставімся да людзей, якія змагаліся за наш мір у ваенным пекле і якія забяспечваюць незалежнасць і непасхісную моц нашай Бацькаўшчыны сёння.

Ветэран органаў ваеннай контрразведкі М.С.Прэдка, палкоўнік, лётчык 1-га класа А.Ф.Іус, былы начальнік радыёлакцыённай станцыі В.І.Костыраў, ветэран Беларускай ваеннай акругі А.А.Коваль — з такімі сур’ёзнымі людзьмі пашчасціла сустрэцца як малодшым школьнікам, так і выпускнікам. Госці вядуць актыўны лад жыцця, з’яўляюцца частымі ўдзельнікамі палітычных і культурных мерапрыемстваў рознага ўзроўню: ад мясцовага, раённага, да дзяржаўнага і міжнароднага. Многія з запрошаных ужо неаднаразова выступалі ў нашай установе на ўроках мужнасці, тэматычных класных гадзінах, урачыстасцях.

Настаўнікі школы разумеюць, што пачуццё патрыятызму, таварыскасць, трывалая грамадзянская пазіцыя — той падмурак, які неабходна закладваць дзецям у раннім узросце, а потым увесь час умацоўваць прыкладам сапраўдных герояў, людзей, якія штодзённа дбаюць аб мірным беларускім небе. Часам даводзіцца доўга шукаць адказы на хвалюючыя пытанні ў кнігах, прымаючы за чыстую манету фантазію аўтара, а часам, каб атрымаць грунтоўную інфармацыю ці карысную параду, дастаткова спытаць у дасведчанага чалавека. Вучні абралі другі варыянт, таму не саромеліся задаваць пытанні пра цяжкасці ваеннага жыцця, пра дысцыпліну ў арміі, цікавіліся гераічнымі, дзіўнымі выпадкамі з афіцэрскага жыцця. Некаторыя вучні плануюць абраць ваенныя спецыяльнасці, таму шанс даведацца пра прафесію знутры яны не ўпусцілі. Гутаркі былі насычаныя і цікавыя. Госці ўлічылі патрэбы маладой аўдыторыі, таму выступленні былі і з цытатамі твораў, і з дэманстрацыяй фотаздымкаў, і з вытрымкамі з некаторых ваенных пастаноў.

Дысцыплінаваныя, з маральным стрыжнем, ветлівыя і такія лёгкія ў зносінах, нашы героі мелі за плячыма вялізную адказнасць за падначаленых, за землякоў, за Радзіму. І цяпер афіцэры адчуваюць вялікую патрэбу перадаць вопыт маладым калегам, каб засцерагчы іх ад памылак і няўдач у такой нялёгкай, але важнай для грамадства справе — абароне Айчыны. Не бывае былых афіцэраў, не бывае ўчарашніх герояў. Памяць удзячных нашчадкаў ушануе тых, каму мундзіры не да твару — да душы.

Галіна СТРАЛЬЧУК,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 21 імя М.Ф.Гастэлы Мінска