Сяброўства, узаемавыручка, працавітасць, настойлівасць у дасягненні мэты — гэта тыя рысы характару, якія фарміруе ў сваіх выхаванцах кожны педагог. Гэта тое, што спатрэбіцца навучэнцам у дарослым жыцці, тое, што будзе залогам іх паспяховай сацыялізацыі. А яшчэ гэта тое, што настаўнікі сярэдняй школы № 47 Мінска называюць алімпійскімі ідэаламі і каштоўнасцямі. Фарміраваць гэтыя ідэалы і каштоўнасці дапамагаюць рэгулярныя сустрэчы з алімпійскімі чэмпіёнамі, а таксама экскурсіі па школьным музеі алімпійскай славы.
Музей 47-й школы неаднаразова станавіўся пераможцам гарадскога конкурсу “Лепшы музей алімпійскай славы”, які штогод праводзіцца прадстаўніцтвам Нацыянальнага алімпійскага камітэта ў Мінску сумесна з камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама. Сотні фотаздымкаў алімпійскіх чэмпіёнаў-беларусаў, медалі і кубкі, заваяваныя навучэнцамі і выпускнікамі школы (сярод іх нямала і прызёраў Алімпійскіх гульняў), беражліва захоўвае па-сучаснаму аформленая экспазіцыя. Стварэнне музея не было выпадковай задумай, а стала вынікам шматгадовай працы школы ў спартыўным напрамку.
— Наша ўстанова адукацыі пачала функцыянаваць у 1954 годзе. У 1976 годзе побач са школай быў пабудаваны басейн, што і паўплывала на пераход школы ад статусу агульнаадукацыйнай да статусу агульнаадукацыйнай са спартыўным ухілам. Заняткі для першых спартыўных класаў пачаліся 1 верасня 1977 года. Сёння з 31 класа функцыянуюць 24 спартыўныя класы па 22 алімпійскіх відах спорту, у якіх навучаюцца дзеці не толькі з Мінска, але і іншых рэгіёнаў Беларусі, — паведаміла дырэктар школы Людміла Пятроўна Скарабагатава.
Госці часта здзіўляюцца: 31 клас, 829 навучэнцаў, і як пры гэтым у невялікім школьным будынку можна паспяхова арганізаваць адукацыйны працэс, плённа праводзіць выхаваўчую работу, знаходзіць час на паўнацэнныя трэніроўкі навучэнцаў? Сакрэт просты: у школе адна змена, а ў гэтай змены 11 урокаў плюс ранішнія і вячэрнія трэніроўкі. Няма ніводнай паралелі класаў, якія адначасова пачынаюць вучэбны дзень. У кожнага свой рэжым трэніровак: у кагосьці — раніцай, у кагосьці — вечарам, у некага — два разы на дзень. У школе дзейнічае сістэма прадоўжанага вучэбна-трэніровачнага дня. Заняткі пачынаюцца ў 8, а заканчваюцца ў 20 гадзін. У адрозненне ад іншых устаноў адукацыі ў 47-й школе мала вучняў пачатковых класаў, затое ў сярэдняй і старшай паралелі па 4, а то і па 5 класаў. У 2004 годзе ад Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры ў школе адкрыліся ліцэйскія класы, а ў гэтым годзе пачаліся заняткі для профільнага педагагічнага спартыўнага класа, падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка.
Прафарыентацыя — гэта адзін з раздзелаў інавацыйнага праекта “Фарміраванне мадэлі алімпійскіх ведаў праз папулярызацыю алімпійскіх ідэалаў і каштоўнасцей”, па якім школа з гэтага навучальнага года працуе як рэспубліканская інавацыйная пляцоўка. Для паспяховага правядзення прафарыентацыйнай выхаваўчай работы ў вучняў абавязкова павінен быць прыклад, ідэал. Спартсменам гэты ідэал знайсці проста — дастаткова запрасіць на сустрэчу алімпійскага чэмпіёна. Захапляльны аповед, бліскучыя медалі на грудзях, сусветная слава — 45 хвілін сустрэчы з такім чалавекам дастаткова для таго, каб вучні пачалі трэніравацца з новымі сіламі, паступова ад трэніроўкі да трэніроўкі, ад урока да ўрока рухацца да пастаўленай мэты, да алімпійскага п’едэстала, жыццёвага і прафесійнага алімпу.
— Алімпійскія ідэалы і каштоўнасці ляглі на прафесійную кампетэнцыю нашых дзяцей. Я нездарма гавару прафесійную, таму што навучэнцы 10—11 класаў — гэта ўжо прафесійныя спартсмены, члены зборнай, клубаў, з якімі заключаны кантракты, людзі, для якіх спорт — гэта працоўная дзейнасць. Павышаць прафесійныя кампетэнцыі навучэнцаў дапамагаюць сустрэчы з алімпійцамі. Напрыклад, пасля сустрэчы з Аляксандрай Герасіменяй я заўсёды гавару дзецям: “Звярніце ўвагу, якая правільная мова ў чалавека, як яна ўмее сябе трымаць, гаварыць з аўдыторыяй. Вось такім, не толькі фізічна, але і інтэлектуальна развітым, павінен быць спартсмен”, — адзначыла Людміла Пятроўна.
Фотаздымак сярэбранага прызёра Алімпіяды ў Лондане па мастацкай гімнастыцы Аляксандры Наркевіч зроблены ў той час, калі будучая чэмпіёнка вучылася ў 7 класе. Капялюш з аўтографам Аляксандры, у якім дзяўчына выходзіла на цырымоніі адкрыцця і закрыцця алімпіяды. Футбольны мяч з аўтографамі алімпійскай зборнай і майка яе капітана Станіслава Драгуна, дарэчы, таксама выпускніка 47-й школы. Узнагароды і граматы Дзмітрыя Мелеха — удзельніка трох Алімпійскіх гульняў па сучасным пяцібор’і, яшчэ аднаго выпускніка школы. Такія ўнікальныя экспанаты, якія захоўваюцца толькі ў музеі сярэдняй школы № 47 Мінска, можна пералічваць доўга. А пачыналася ўсё з маленькага стэнда, прысвечанага выпускнікам — удзельнікам Алімпійскіх гульняў, які быў створаны ў 2004 годзе з нагоды юбілею школы. На гэтым стэндзе была змешчана інфармацыя пра Наталлю Звераву, Дзмітрыя Мелеха, Дзмітрыя Каліноўскага, Аляксея Лёліна.
Настаўнікі зразумелі, што дзецям цікава знаёміцца з інфармацыяй стэнда, і на наступны навучальны год пачалася калектыўная творчая справа — стварэнне алімпійскага кабінета. Кожны клас атрымаў сваё заданне: сабраць звесткі пра Алімпійскія гульні (летнія, зімовыя), пэўныя віды спорту, спартсменаў — алімпійскіх чэмпіёнаў. Матэрыял быў сабраны, і прайшло ўрачыстае адкрыццё кабінета. З 2009 года, калі Нацыянальны алімпійскі камітэт пачаў праводзіць гарадскі конкурс на лепшы школьны музей і лепшы кабінет алімпійскай славы, школа займае прызавыя месцы. Экспазіцыя кабінета папаўнялася, і само сабой паўстала пытанне пра яе пашырэнне. У мінулым годзе першы алімпійскі чэмпіён-беларус Сяргей Лаўрэнцьевіч Макаранка прапанаваў настаўнікам аформіць экспазіцыю на школьным калідоры. Музей па праве лічыцца адным з лепшых у горадзе, ды і ў краіне ўвогуле.
— На базе музея праходзяць выхаваўчыя мерапрыемствы, месячнікі алімпізму, урокі. Напрыклад, у 3 класе на ўроку матэматыкі вучні разлічвалі плошчу алімпійскага стадыёна ў Рыа-дэ-Жанэйра. Калі на інфарматыцы вучыліся складаць прэзентацыі, то ўзялі тэму “Выпускнікі школы — удзельнікі Алімпійскіх гульняў”. Цяпер рыхтуем інтэграваны ўрок англійскай мовы і шахмат. Выхаваўчы патэнцыял музея актыўна выкарыстоўваецца пры правядзенні шостага школьнага дня. У нас даўно склалася традыцыя рабіць кожную суботу месяца тэматычнай. Так, першая субота — прадметная, факультатыўная, другая — спартыўная, трэцяя — культурна-масавая, чацвёртая — прафарыентацыйная. Дзякуючы музейным матэрыялам, мы напісалі даследчую работу па тэме “Беларускія спартсмены ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, выступілі з ёй на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі і атрымалі дыплом ІІІ ступені, — паведаміла Людміла Пятроўна.
Знаёміцца з гісторыяй развіцця алімпійскага руху можна па-рознаму. Можна сачыць за трансляцыямі Алімпійскіх гульняў, можна прачытаць інфармацыю на тэматычных інтэрнэт-старонках, а можна завітаць у музей 47-й сталічнай школы, тым больш што гасцям, асабліва алімпійскім чэмпіёнам, тут заўсёды рады.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.