Падведзены вынікі Рэспубліканскага конкурсу музеяў баявой славы ўстаноў адукацыі “Іх подзвіг мы ў сэрцы захоўваем”. Конкурс праводзіўся ў рамках героіка-патрыятычнай акцыі навучэнскай моладзі “Дзякуй салдатам Перамогі за тое, што не ведаем вайны” і быў прысвечаны 70-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 70-годдзю перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Конкурс аб’яднаў дзве значныя даты ў гісторыі нашага народа і ў адрозненне ад іншых музейных конкурсаў сістэмы адукацыі праводзіўся на працягу трох гадоў. Яго ўмовы былі аб’яўлены яшчэ ў 2013 годзе і прадугледжвалі правядзенне чатырох этапаў. Як паведаміла загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандра Яўгенаўна Кравец, асноўныя мэты конкурсу — удасканаленне грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў, далучэнне іх да пошукавай і даследчай дзейнасці па вывучэнні гісторыі і баявога мінулага малой радзімы, актывізацыя дзейнасці музеяў баявой славы па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны, папаўненне экспазіцый, вывучэнне і абагульненне перадавога музейнага вопыту.
Музейны гонар кожнага раёна абаранялі некалькі музеяў, аднак на заключны этап было адабрана 56 (хоць, па ўмовах, павінна было быць 42), якія прайшлі папярэднія раённыя, абласныя выпрабаванні і заваявалі права прадставіць рэгіёны на рэспубліканскім узроўні. Усяго ў конкурсе ўдзельнічала некалькі соцень музеяў і музейных пакояў баявой славы. На суд журы былі дасланы не проста папяровыя справаздачы аб дзейнасці музеяў, але і сапраўдныя экспанаты. Напрыклад, калектыў сярэдняй школы № 1 Шчучына прадставіў матэрыял у скрыні, відаць, з-пад пераноснага тэлефоннага апарата, гімназія № 5 Гродна ў якасці вокладкі выкарыстала афіцэрскі планшэт. Аднак найбольш арыгінальнымі ў плане афармлення атрымаліся работы сярэдняй школы № 9 Барысава (спецыяльная скрыня была напоўнена не толькі папяровай справаздачай, але і шматлікімі ваеннымі фотаздымкамі лётчыкаў авіяпалка “Нармандыя — Нёман”, якому і прысвечаны школьны музей) і сярэдняй школы № 28 Гродна, калектыў якой палажыў конкурсную работу ў… вялізную гільзу, няхай і стылізаваную, папяровую. Найбольш грунтоўныя работы прадставілі Магілёўская і Віцебская вобласці. Хоць дэкаратыўнае афармленне работ і не прадугледжана ўмовамі конкурсу і не з’яўлялася галоўным крытэрыем пры вызначэнні пераможцаў, аднак пры аднолькавай колькасці балаў перавага ўсё ж аддавалася знешне прывабнай рабоце.
Першапачаткова пераможцаў планавалася вызначыць па дзвюх намінацыях: “Экспазіцыя” і “Музей установы адукацыі”. Аднак пасля знаёмства рэспубліканскага журы з конкурснымі работамі стала відавочна, што музеі, якія дзейнічаюць некалькі дзесяцігоддзяў, і музеі, адкрытыя некалькі гадоў назад, прадставілі зусім розныя па змесце і напоўненасці фактычным матэрыялам работы. Таму літаральна ў апошні момант было вырашана ўвесці трэцюю намінацыю — “Музейны дэбют”. І гэта правільна, бо параўноўваць, скажам, музеі сярэдняй школы № 9 Барысава, сярэдняй школы № 34 Магілёва, сярэдняй школы № 120 Мінска або музей “Лёс салдата” Рагачоўскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі і музеі Імянінскай сярэдняй школы Кобрынскага раёна або сярэдняй школы № 3 Чэрвеня не зусім карэктна. Гэта тое ж самае, што вывесці на адзін рынг баксёраў рознай вагавой катэгорыі.
Па выніках работы рэспубліканскага журы пераможцамі прызнаны: у намінацыі “Музейны дэбют” — музей баявой славы сярэдняй школы № 3 Чэрвеня (кіраўнік Г.У.Тамковіч); у намінацыі “Экспазіцыя” — гісторыка-краязнаўчы музей Воранаўскай сярэдняй школы Віцебскага раёна (кіраўнік І.І.Кротава); у намінацыі “Музей установы адукацыі” — музей “Лёс салдата” Рагачоўскага раённага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі (кіраўнік Г.В.Цітовіч) і музей баявой славы 290-й стралковай дывізіі сярэдняй школы № 34 Магілёва (кіраўнік Н.А.Гарцуева).
Знайсці сёння нешта незвычайнае, арыгінальнае па тэме вайны, папоўніць экспазіцыю музея баявой славы адметнымі экспанатамі не так і проста. Таму падобныя конкурсы праводзяцца не кожны год, а з нагоды юбілейных дат. Наступны конкурс музеяў баявой славы, як плануецца, будзе прымеркаваны да 75-годдзя Перамогі.
Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.