Музей у музеі

А ці бачылі вы калі-небудзь ёлачную цацку ў выглядзе чэрапа або з рэпрадукцыямі Далі ці Айвазоўскага?.. Калі не, то самы час адправіцца на выставу “Музей ёлачных цацак”, якая гэтымі днямі разгарнулася ў Нацыянальным гістарычным музеі. Больш за тысячу неверагодных шароў, анёлаў, фігурак звяроў і птушак, шышак, ледзяшоў, пернікаў, клоўнаў, футбольных мячоў, верхавін, гірлянд, пацерак, снегавікоў, Дзядоў Марозаў і Снягурак, шкляных і фарфоравых, драўляных і папяровых, з кардону, гіпсу, тканіны, папье-машэ — усяго, што можна ўбачыць у вялікай выставачнай зале, і не пералічыць! Пры гэтым у музеі ёсць выдатная магчымасць прасачыць гісторыю развіцця ёлачных упрыгажэнняў на ўсіх кантынентах Зямлі.

Разнастайнасць экспанатаў, аналагаў якім няма ні ў адным музеі свету, арганізатар выставы калекцыянер Андрэй Бягун тлумачыць тым, што геаграфія яго збору налічвае ўжо 70 краін. “Нехта з падарожжаў прывозіць магніцікі на халадзільнік, а я — цацкі на ёлку, — гаворыць ён. — Мая калекцыя налічвае некалькі тысяч прадметаў, сярод якіх ёсць як драўляныя і саламяныя экспанаты з Афрыкі, так і старая добрая класіка чэшскіх, нямецкіх і польскіх майстроў. Ёсць і рарытэтныя экспанаты, напрыклад, дакладная копія цацкі, падоранай Папе Рымскаму Іаану Паўлу ІІ і занесенай у Кнігу рэкордаў Гінеса, і вялізны шкляны шар з Венскага балю, які, дарэчы, важыць два кілаграмы і каштуе, па словах экспертаў, 8 тысяч еўра”.

Сучасныя цацкі беларускай фабрыкі «ГРАЙ».

Экспазіцыя “Музея ёлачных цацак” пабудавана па прынцыпе магічнага лабірынта, у якім прадстаўлена гісторыя вытворчасці шкляных ёлачных цацак з сярэдзіны ХІХ стагоддзя да нашых дзён, прычым па краінах. “У той жа час мы паказваем пэўныя тэндэнцыі і стылі: савецкія цацкі, галандскія, польскія, афрыканскія, беларускія і гэтак далей, — дадае калекцыянер. — Кожны гістарычны перыяд дапоўнены артэфактамі, што суправаджалі Новы год: карнавальнымі маскамі, плакатамі, паштоўкамі, маркамі, якія робяць выставу больш цікавай і разнастайнай”.

Варта адзначыць, што “Музей ёлачных цацак” рэгулярна абнаўляе свае фонды, таму кожны год наведваеш яго нібы ўпершыню. “Зараз мы прадстаўляем лепшую і найбольш цікавую частку нашага збору, які лічыцца найбуйнейшай сусветнай калекцыяй ёлачных цацак, — адзначае калекцыянер. — Наша экспазіцыя дае выдатную магчымасць азнаёміцца з традыцыямі навагодніх свят такіх экзатычных мясцін, як Паўночная Карэя, Іран, Конга, Перу, Руанда, Карыбскія астравы, Кенія, Нагорны Карабах, Мальта, Новая Зеландыя, Інданезія, а таксама  іншых краін — Аўстраліі, ЗША, Германіі, Польшчы, Расіі, Францыі”.

Нямецкія цацкі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў.

Выстава карыстаецца папулярнасцю як сярод дзяцей, так і сярод дарослых. “Малым, канечне, больш за ўсё падабаецца інтэрактыўная пляцоўка — наш мініяцюрны святочны гарадок з маленечкімі домікамі, у якіх мігціць мноства яркіх агеньчыкаў. А дарослыя прыхо­дзяць сюды па ўспаміны, бо многія цацкі нагадваюць ім дзяцінства, — расказвае Андрэй Бягун. — Моладзі таксама цікава нестандартна правесці тут час, зрабіць здымкі ў прыгожых фотазонах. Я перакананы, што сучасным юнакам і дзяўчатам трэба прывіваць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, у тым ліку праз ёлачныя цацкі. Бо яны якраз і даказваюць, што Новы год — гэта не проста дадатковыя выхадныя, а свята, якое аб’ядноўвае сем’і, а ёлачныя цацкі захоўваюць дух продкаў”.

Акрамя таго, наведвальнікі гістарычнага музея змогуць даведацца пра ўсе сакрэты вытворчасці навагодніх упрыгажэнняў на адзі­най у Беларусі фаб­рыцы ёлачных ца­цак “ГРАЙ” (“Гана­руся Рэчамі АЙчы­ны”), а таксама пад кі­раў­ніцтвам мастакоў прадпрыемства прайсці адукацыйныя майстар-класы па вырабе і роспісе цацак і навагодніх сувеніраў.

Можна ўпэўнена сказаць, што наведванне “Музея ёлачных цацак” створыць святочны настрой і падорыць зарад пазітыву і натхнення. А як вядома, з якім настроем сустрэнеш Новы год — такім ён і атрымаецца. Светлых думак вам і добрых уражанняў ад неверагоднай калекцыі ёлачных цацак!

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота аўтара.