Музей з водарам гарбаты

- 12:58Нам пішуць

Гарбата — гэта вялікі свет, змешчаны ў маленькай філіжанцы. Духмяная гарбата, нібы цёплыя абдымкі, збліжае, напаўняе жыццё спакойнай гармоніяй, адчуваннем душэўнага палёту, калі хочацца жыць, верыць, марыць, любіць…

Такой цеплынёй і пяшчотай імкнуцца агарнуць кожнага свайго выхаванца педагогі Навагрудскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы, парушэннямі псіхічнага развіцця (цяжкасцямі ў навучанні). Нездарма тут у маі 2017 года быў адкрыты музей «Традыцыі чаявання».

Культура чаявання характэрная для любога народа. Кожны раз, каштуючы новую гарбату, дзеці і дарослыя выпраўляюцца ў падарожжа не толькі па чайных плантацыях, але і па чайных краінах. Наш музей знаёміць наведвальнікаў з гісторыяй паходжання гарбаты, з традыцыямі чаяванння ў Кітаі, Японіі, Англіі, Індыі, Расіі. Вялікі чайны шлях, рускі самавар, гісторыя манастырскай гарбаты ў Беларусі — пра ўсё гэта і не толькі раскажуць вам нашы вучні-экскурсаводы. Такім чынам, адбываецца далучэнне падрастаючага пакалення да этнічнай, агульнанацыянальнай і сусветнай культуры, фарміраванне гатоўнасці будучых грамадзян да жыцця ў мультыкультурным асяроддзі.

У музеі сабрана 235 экспанатаў, кожны з якіх мае ўласную гісторыю. Калекцыя самавараў, прадстаўленая ў экспазіцыі, здзіўляе гасцей разнастайнасцю форм: кілішак, шар, ваза… Прыцягваюць увагу прадметы чайнага посуду: арыгінальныя падшклянкі, запаркавыя чайнікі, цукарніцы, малочніцы, унікальныя чайныя пары, сервізы…

Падчас экскурсіі можна пасмакаваць розныя гатункі гарбаты, пазнаёміцца з цікавымі народнымі рэцэптамі нашых прабабуль. Гэта цудоўныя, правераныя часам рэцэпты, якія дораць здароўе і радаснае жыццеўспрыманне. Аматарам запарваць чай з задавальненнем прапануем прыняць удзел у майстар-класах па ўзнаўленні традыцый чайных цырымоній народаў свету.

Таццяна МУРЗІЧ,
выхавальнік Навагрудскай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з цяжкімі парушэннямі мовы, парушэннямі псіхічнага развіцця (цяжкасцямі ў навучанні).