Музейная бяссонніца

- 11:08Культура

Асноўныя падзеі беларускай “Ночы музеяў”, якая сёлета ва ўсім свеце праходзіць пад слоганам “Будучыня музеяў: адрадзіць і пераасэнсаваць”, адбудуцца ў ноч з 22 на 23 мая. Якія экспазіцыі, мерапрыемствы і актыўнасці падрыхтавалі айчынныя музеі і чым запомніцца менавіта сёлетняя акцыя, днямі расказалі музейныя супрацоўнікі ў сталічным Доме прэсы.

Дырэктар Дзяржаўнага літаратурнага музея імя Янкі Купалы Алена Ляшковіч, перш чым анансаваць святочныя мерапрыемствы, адзначыла, што іх музей — адзін са старэйшых літаратурных музеяў краіны, якому 24 мая споўніцца 77 гадоў. Сёння гэты музей адзін з самых паспяховых і наведвальных. Так, у 2019 годзе яго гасцямі сталі амаль 130 тысяч чалавек. “Нашы сучасныя інтэрактыўныя экспазіцыі, якія мы стварылі на працягу апошніх 6 гадоў, прыцягваюць увагу наведвальнікаў і маюць шмат станоўчых водгукаў ад калег з усяго свету. Наш прафесійны калектыў робіць усё, каб наведвальнікі адчувалі сябе тут як дома, мы аддаём перавагу інтэрактыўным мерапрыемствам: квестам, экскурсіям, музейна-педагагічным заняткам, — расказала дырэктар. — Што тычыцца ночы з 22 на 23 мая, то мы запрашаем на “МасКу” — гэтае слова ўпэўнена ўвайшло ў штодзённае жыццё, а яшчэ ўвабрала ў сябе ідэю нашай “Ночы” — МАСтацтва + КУпала альбо Янка Купала ў мастацтве. Гэтым разам запрашаем наведвальнікаў прыняць у­дзел у стварэнні найбуйнейшай папараць-кветкі “На шчасце ўсім беларусам”. Гэты твор мастацтва з лазы будзе створаны майстрам разам з наведвальнікамі. Будзе працаваць і літаратурны Парнас, а таксама можна паспрабавац­ь разгадац­ь зашыфраваныя ў эмодзі назвы твораў Янкі Купалы. Для нас гэта доўгачаканае свята, бо Купалаў дом сумаваў без цёплых позіркаў і шчырых усмешак і будзе рады ўсім гасцям з 19 гадзін вечара і да 5 раніцы”.

Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры 10-ы раз далучаецца да міжнароднай акцыі і прапаноўвае наведвальнікам эксклюзіўную праграму “(Не)Ноч у музеі”, якая будзе праходзіць з 18 да 23 гадзін. “Большасць мерапрыемстваў нашай святочнай праграмы задаволіць інтарэсы як дарослай, так і дзіцячай аўдыторыі. Усе яны разлічаны на творчасць, крэатыўнасць і камандны ўдзел, а пераможцаў кожнага мерапрыемства чака­юць падарункі і сюрпрызы, — паведаміла намеснік дырэктара па навуковай рабоце Настасся Кальцова. — Таксама мы прадаставім унікальную магчымасць паў­дзельнічаць у 22 музейных актыўнасцях, сярод якіх — квест “Таямніцы літаратурнага”, творчыя заняткі “Зрабі кнігу сваімі рукамі” і іншыя, а спецыяльна створаная фотазона дапаможа зафіксаваць гэты дзень у памятных фотаздымках і знайсці новых сяброў у сацыяльных сетках”.

У Літаратурным музеі Максіма Багдановіча 18 мая адбыўся семінар, прысвечаны незвычайным наведвальнікам — людзям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Як адзначыў загадчык музея Міхаіл Бараноўскі, гаворка ішла пра ін­клюзію і развіццё безбар’ернага асяроддзя ў музеях. “Я лічу, што акцыя “Ноч музеяў” дае магчымасць прыцягнуць увагу да важных тэм, — адзначыў ён. — Цэнтральнай падзеяй нашага свята “Пункт адліку” 22 мая стане квіз “Загадка Багдановіча”, а завершыцца мерапрыемства дыяфільмавай рэтралекцыяй, дзеля якой мы здзейснім амаль што падарожжа ў часе і перанясёмся ў 80-я гады мінулага стагоддзя”.

А вось Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь у гэтым годзе вернецца да фармату класічнай “Ночы музеяў”. “Сёлета наш дэвіз — “Сам-насам з мастацтвам”. Нам вельмі хочацца, каб да нас прыйшлі наведвальнікі, якія не маюць магчымасці ў іншы дзень наведаць музей. Таму наш графік работы будзе з 16.00 да 00.00. Такі фармат не арыентаваны на актыўнасці, на якія музей абапіраўся мінулыя гады. Мы хочам даць магчымасць гледачу паглыбіцца ў мастацтва, пабыць з ім сам-насам, атрымац­ь асалоду ад яго ў цішыні пры мінімальнай колькасці людзей, пры магчымасці пачуць і адчуць творы. Для гэтага ў нас будуць адкрыты пастаянная экспазіцыя рускага мастацтва XVIII—XX ста­годдзяў, сакральная выстава “Для чаго ты мяне пакінуў?”. А для тых, хто не настроены на такі фармат гутаркі, бу­дзе працаваць выставачны праект “Мора. Неба. Аблокі”, дзе будуць дэманстравацца творы мастацтва, якія адлюстроўваюць змену пор года”, — праінфармавала намеснік генеральнага дырэктара па навуковай і асветніцкай рабоце Святлана Анейка.

У сваю чаргу дырэктар Замкавага комплексу “Мір” Аляксандр Лойка расказаў, як яны ўжо адсвяткавалі “Ноч музеяў” 15 мая, даўшы наведвальнікам магчымасць згуляць як у сярэдневяковыя гульні, якія былі адроджаны ў Мірскім з­амку, так і ў тыя, што, змяніўшыся з часам, сталі незвычайна папулярнымі. “Тру Мадам”, “Алькерк”, “Гусь”, “Шахматы”, салонная гульня па матывах сусветна вядомай ролевай гульні “Мафія” пад назвай “Прывід Мірскага замка”, картачныя гульні, квест-гульня “Таямніца двух куфраў” і многія іншыя былі аб’яднаны пад агульнай назвай “Гульні праз стагоддзі для пакалення Next”.

Мінскі абласны краязнаўчы музей у суботу запрашае на праграму “Усё жыццё — гульня”. Па словах яго дырэктара Алены Чарнецкай, мерапрыемства пачнецца ў 17.30 адкрыццём выставы “Тэатральныя замалёўкі”, прымеркаванай да юбілею Мінскага абласнога драматычнага тэатра, пасля чаго адбудуцца паказы ўрыўкаў з твораў А.Астроўскага, М.Гогаля і Ж.Мальера і творчая сустрэча з вядучымі майстрамі сцэны тэатра. Для маленькіх гасцей будзе арганізавана гульнявая праграма, на якую запрошаны тэатр лялек “Батлейка”. А яшчэ да 22 гадзін можна будзе паўдзельнічаць у тэатральным квесце і азнаёміцца з дзейнасцю бутафорскага цэха, касцюмернай і грымёрнай з аквагрымам.

А вось Музей гісторыі горада Мінска ў гэтым годзе падрыхтаваў тэрапеўтычны маршрут-прыгоду па чатырох экспазіцыях музея: Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, Мінскай гарадской ратушы, Мінскай концы і археалагічным музеі, а яшчэ інтэрактыўны квест з элементамі тэатралізацыі і розыгрышам прызоў, пераможцы якога нават змогуць пабываць на “Спатканні: над стрэхамі начнога Мінска”.

Нагадаем, першая “Доўгая ноч му­зеяў” з поспехам была праведзена ў 1997 го­дзе ў Германіі, пасля чаго было вырашана зрабіць гэтую акцыю традыцыйнай і міжнароднай. З часам яе падтрымалі многія краіны Еўропы. У Беларусі ж першым да “Ночы музеяў” далучыўся Нацыянальны мастацкі музей у 2005 годзе. І з таго часу штогод у акцыі прымае ў­дзел усё больш і больш беларускіх музеяў. Дарэчы, айчынныя музеі арганічна ўпісаны ў міжнародную музейную супольнасц­ь. Кожны год супрацоўнікі нашых музеяў з нецярпеннем чакаюць гэтай акцыі і па-святочнаму да яе рыхтуюцца, ствараючы адмысловыя праграмы, крэатыўныя праекты і незвычайныя акцыі, якія распрацоўваюцца на працягу года, каб здзівіць і зацікавіць нас, наведвальнікаў.

Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота з сайта Замкавага комплексу “Мір”.