Музейная педагогіка ў дзіцячым садзе

- 16:11Нам пішуць

Менавіта ў дашкольны перыяд пачынаюць фарміравацца пачуцці, рысы характару, якія нябачна звязваюць дзяцей з народам сваёй краіны. Працуючы з дзецьмі дашкольнага ўзросту, мы заўважылі, што сучасныя выхаванцы недастаткова валодаюць інфармацыяй пра жыццё і быт нашых продкаў, бацькі не размаўляюць на беларускай мове, не чытаюць твораў беларускай дзіцячай літаратуры. Адсюль і беднасць уяўленняў аб нацыянальных каштоўнасцях. З мэтай вырашэння гэтага пытання педагагічным калектывам нашай установы адукацыі шырока выкарыстоўваюцца магчымасці музейнай педагогікі. У нашай дашкольнай установе ўжо дзясяты год працуе міні-музей “Спадчына”.

Галоўная экспазіцыя музея — “Сялянская хата”. Тут шмат нагляднага і практычнага матэрыялу: прадметы побыту, посуд, мэбля. Экспазіцыя дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва прадстаўляе вырабы з дрэва, саломкі, гліны, жалеза, тканіны, якія характэрызуюць жыццё і быт нашых продкаў. Разам з бацькамі набыты вырабы беларускіх умельцаў: вышытыя гладдзю і крыжыкам ручнікі, абрусы, сурвэткі, даматканыя дываны і палавікі.

Для пашырэння ведаў аб беларускім нацыянальным адзенні аформлены альбомы “Беларускае нацыянальнае адзенне”, “Народная культура”, “Сялянскае адзенне”, “Адзенне салдата Вялікай Айчыннай вайны”.

Праца міні-музея адпавядае патрабаванням праграмы дашкольнай адукацыі. Для дзяцей старэйшай і сярэдняй груп распрацаваны канспекты заняткаў з выкарыстаннем экспанатаў міні-музея адпаведна з тэматычным планаваннем: “Адзенне нашых продкаў”, “Абутак”, “Посуд”, “Беларуская нацыянальная цацка”, “Адкуль хлеб прыйшоў”, “Гісторыя ўзнікнення мэблі”. Экспанаты музея выкарыстоўваюцца таксама для падгрупавой работы, у паўсядзённай дзейнасці і для правядзення народных свят.

Дзеці з задавальненнем выконваюць ролю экскурсаводаў, праводзячы абзорныя і тэматычныя экскурсіі для дзецей малодшых груп і бацькоў.

Падчас пошукава-даследчай работы дзеці ўжо пазнаёміліся з беларускімі лялькамі-матанкамі, даведаліся гісторыю, адметнасці і разнастайнасці. Былі праведзены практычныя заняткі па вырабе лялькі-матанкі “Аддарак на падарунак”. У музеі аформлена выстава “Беларуская лялька-матанка”. Даша Грамяка з дапамогай бацькоў і педагогаў правяла даследаванне і падрыхтавала даследчую работу “Такія розныя лялькі-матанкі”, якая была прадстаўлена на Х раённай вучэбна-даследчай канферэнцыі “Шлях да пазнання”.

Дзякуючы работы міні-музея ў дашкольнікаў фарміруюцца элементарныя ўяўленні пра гістарычнае мінулае Беларусі. Старэйшыя дашкольнікі знаёмяцца з гісторыяй узнікнення тканіны, прадметаў мэблі і беларускай нацыянальнай цацкай, з ткацтвам і вышыўкай. Дзякуючы музейным заняткам, пашыраем веды аб беларускім арнаменце, спосабах яго стварэння. Малодшыя дашкольнікі знаёмяцца з некаторымі прадметамі побыту, разглядаюць лялькі з розных матэрыялаў, гуляюць з імі.

Матэрыял сістэматызуецца і дапаўняецца. Усё гэта аб’ядноўвае дзяцей і бацькоў, стварае ўмовы для творчых зносін, супрацоўніцтва і развіцця, садзейнічае фарміраванню цікавасці да нацыянальнай культуры.

Ірына ГІРЫНОВІЧ,
выхавальніца дашкольнай адукацыі Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці г.п. Карэлічы.