Музейная практыка як фактар паспяховасці навучэнцаў

- 11:12Адукацыйная прастора, Рознае

Рэспубліканскі семінар кіраўнікоў музеяў устаноў адукацыі “Музей установы адукацыі — цэнтр актывізацыі пошукавай, даследчай і праектнай краязнаўчай дзейнасці” адбыўся ў Віцебскай вобласці. Арганізатарамі семінара выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Рэспубліканскі цэнтр экалогіі і краязнаўства, упраўленне адукацыі Віцебскага аблвыканкама, абласны Палац дзяцей і моладзі і Віцебскі райвыканкам. Адкрыццё форуму прайшло на базе Віцебскага абласнога краязнаўчага музея.

Гасцей семінара віталі загадчык аддзела выхаваўчай работы ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Валерый Кунашка, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Лідзія Каліноўская і загадчык аддзела краязнаўства і патрыятычнага выхавання Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства Аляксандра Кравец. З праблемамі і здабыткамі сучаснай прафесійнай музейнай адукацыі азнаёміла загадчык кафедры гісторыі Беларусі і музеязнаўства Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, доктар гістарычных навук, прафесар Марыя Бяспалая. Перспектывы развіцця Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь акрэсліў намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага музея Аляксандр Храмы. Вопытам стварэння эфектыўных мадэлей узаемадзеяння дзяржаўнага музея з установамі адукацыі вобласці падзялілася загадчык навукова-асветніцкага аддзела Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Алена Зорына.

— Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем праектам, якія дапамагаюць актывізаваць пошукавую, даследчую і праектную краязнаўчую дзейнасць, — адзначыла Аляксандра Кравец. — Наша мэта не арганізаваць музей у кожнай школе, а стварыць прывабны для гасцей адукацыйны цэнтр, дзе акумулююцца артэфакты мясцовай гісторыі і культуры і жыве памяць аб падзеях мінулага пэўнай мясцовасці.

Мясцовы краязнаўчы матэрыял найбольш блізкі, наглядны, а таму менавіта ён дазваляе навучэнцам успрыняць працэс станаўлення і развіцця нацыянальнай культуры. Дзякуючы музейным прадметам навучэнцы асабіста судакранаюцца з рэгіянальнымі гістарычнымі падзеямі, фактамі і такім чынам замацоўваюць, пашыраюць атрыманыя на ўроках веды. Моладзь выступае не як спажывец прадукту музейнай дзейнасці, а як актыўны яго стваральнік. Сённяшняя задача — арганічна ўключыць музейную дзейнасць у адукацыйны працэс.

Удзельнікі семінара з цікавасцю азнаёміліся з вопытам выкарыстання архіўных дакументаў у краязнаўчай рабоце, які прадставіла вядучы архівіст дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці Святлана Мясаедава. Аб ролі музеяў устаноў адукацыі Віцебшчыны ў грамадска-патрыятычным выхаванні вучнёўскай моладзі расказаў настаўнік гісторыі Віцебскага кадэцкага вучылішча дацэнт кафедры гісторыі Беларусі ВДУ імя П.М.Машэрава Мікалай Півавар.

Ва ўстановах адукацыі краіны дзейнічае каля 1,5 тысячы музеяў. Важная задача, якая стаіць перад іх кіраўнікамі, — захаваць цікаўнасць дзяцей і падлеткаў, разумна далучыць іх да музейнага жыцця праз паходы, экспедыцыі, экскурсіі, вандроўкі, што з’яўляюцца неад’емнай часткай музейнай дзейнасці і асабліва прывабліваюць моладзь. Безумоўна, інфармацыйнае забеспячэнне адукацыйнага працэсу музеямі ўстаноў адукацыі немагчымае без шырокага выкарыстання сучасных тэхнічных сродкаў, што дае навучэнцам прастору для самастойнасці і ініцыятывы. Актуальнымі застаюцца пошук новых адукацыйных тэхналогій і гатоўнасць педагогаў выкарыстоўваць іх у сваёй рабоце, арганізацыя віртуальных музеяў, экспазіцый і выстаў, краязнаўчых гульняў, інтэрнэт-канферэнцый і г.д. Пацвярджэннем актыўнага прымянення музеямі ўстаноў адукацыі сучасных тэхналогій стала паспяховая прэзентацыя іх дзейнасці на нацыянальных форумах “Музеі Беларусі” ў Гродне, Гомелі і Магілёве.

У рамках работы семінара госці пазнаёміліся з лепшымі музеямі ўстаноў агульнай сярэдняй і вышэйшай адукацыі Віцебскай вобласці. Сістэму грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі ва ўстановах адукацыі раёна прадставіла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Віцебскага райвыканкама Вольга Разанава. Да абмеркавання вопыту работы музеяў устаноў адукацыі па актывізацыі захавання гісторыка-культурнай спадчыны праз праектную дзейнасць музеяў запрасілі намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Цэнтра дзяцей і моладзі Віцебскага раёна Наталля Прыгожая, кіраўнік школьнага гісторыка-этнаграфічнага музея настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вымнянскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Віцебскага раёна Наталля Вінаградава і загадчык народнага гісторыка-этнаграфічнага музея “Гісторыя Заронаўскага краю” Людміла Нікіціна. Акрамя згаданых музеяў Віцебскага раёна, госці наведалі музейны комплекс “Горад дзяцінства” на базе ясляў-сада № 11 абласнога цэнтра, а таксама музеі ВДУ імя П.М.Машэрава, у тым ліку народны музей гісторыі ўніверсітэта, народны музей П.М.Машэрава, народны літаратурны музей і народны музей біялагічнага факультэта.

— Музей не толькі адлюстроўвае гісторыю і выступае крыніцай гістарычных звестак, але і фарміруе ў чалавека асабістае стаўленне да гістарычных фактаў і такім чынам набывае важную ролю ў выхаванні маладога пакалення, — акцэнтавала ўвагу прарэктар ВДУ па выхаваўчай рабоце кандыдат гістарычных навук Ірына Бондал. — Менавіта таму ў нашым універсітэце музеі, а іх у нас 6, заўсёды былі і з’яўляюцца неад’емнай часткай сістэмы выхаваўчай работы.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.